Полацкае княства

Полацкае княства — сярэдневяковая дзяржава ва Усходняй Еўропе са сталіцай у горадзе Полацку.

Гісторыя Беларусі
Пагоня, гістарычны герб Беларусі
Сучасны герб Беларусі

Старажытная Беларусь
Усходнія славяне
(Полацкае княства · Тураўскае княства · Менскае княства)
Кіеўская Русь
Вялікае Княства Літоўскае
Рэч Паспалітая
Расійская імперыя
Беларуская Народная Рэспубліка
ССР Беларусі // Сярэдняя Літва
Літбел
Беларуская ССР // Заходняя Беларусь
Аб’яднанне Беларусі
Генеральная акруга Беларусь
Беларуская ССР
Рэспубліка Беларусь·

Княства сфарміравалася вакол протадзяржаўнага ўтварэння крывічоў не пазней за IX ст. Займаючы важнае месца на шляху «з вараг у грэкі», княства ў XI—XIII стст. было адной з буйных дзяржаў Еўропы[1]. Адзначаюць значныя для таго часу сацыяльныя і культурныя дасягненні[2]. У перыяд найбольшага росквіту Полацкае княства займала цэнтральную і паўночную частку сучаснай Беларусі, частку на захадзе Смаленскай вобласці Расіі, басейн Заходняй Дзвіны ў Латвіі, паўднёва-ўсходнюю частку сучаснай Літвы. Найстаражытнейшае вядомае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі.

Полацкае княства
Flag of None.svg
 
Flag of None.svg
IX ст. — канец XIV ст. Grunwald Pogoń czerwona.svg
Iziaslav of Polock Seal avers
Пячаць Ізяслава Уладзіміравіча
Alex K Polotsk general
Сталіца Полацк
Мова(ы) старажытнаруская, старабеларуская
Рэлігія язычніцтва, праваслаўе
Форма кіравання Манархія
Дынастыя Рагвалодавічы

Утварэнне Полацкай дзяржавы

Полацк сфарміраваўся на базе гарадзішча, якое знаходзілася на беразе р. Палаты, каля месца яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну[3]. Да V—VI ст. насельніцтва гарадзішча было балцкім, потым сюды прыйшлі славян. Побач з гарадзішчам былі паселішчы на правым і левым берагах Палаты. Росту Полацка спрыяла яго стратэгічнае размяшчэнне на гандлёвым шляху «З варагаў у грэкі». На думку некаторых даследчыкаў ужо ў VI—IX ст. існавала протадзяржаўнае ўтварэнне крывічоў — Полацкае княжанне, з якога потым і сфарміравалася княства.

Гісторыя

Полацк у ІХ — Х стст.

Rahvałod, Rahnieda (Połacak). Рагвалод, Рагнеда (Полацак)
Сваты Уладзіміра Святаславіча ў Рагвалода (з левага боку); Рагвалод гутарыць з Рагнедай (з правага боку).
Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 862 г.[4], калі князь Рурык раздаў гарады сваім «мужам», але гэтыя звесткі лічацца пазнейшай устаўкай. У 865 годзе паводле летапісу кіеўскія князі Аскольд і Дзір здзейснілі паход на зямлю крывічоў — «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».

У той час Полацк уключаў умацаваны драўляным частаколам цэнтр — дзядзінец (плошчай болей за 1 га) і неўмацаваны пасад (каля 7,5 га), які насялялі рамеснікі. Яны сяліліся каля дзядзінца і крыху далей, дзе цяпер знаходзіцца стадыён. Насельніцтва горада складала каля 5 тысяч жыхароў — трохі менш за тагачасны Кіеў і Ноўгарад, але больш за любы іншы ўсходнеславянскі горад.

Пад 907 годам у «Аповесці мінулых гадоў» Полацк называецца сярод гарадоў, на якія Візантыя мусіла выплаціць даніну пасля паходу Алега на Канстанцінопаль (Царград). Аднак у тэксце руска-візантыйскага дагавора на праўдзе Полацк не названы, таму лічыцца, што ўзгадванне Полацка — пазнейшае рэдагаванне, якое мела мэту паказаць залежнасць Полацка ад Кіева[3]. У трактаце Канстанціна Парфірароднага называецца шэраг гарадоў, ад якіх Кіеў атрымліваў даніну, і сярод іх не згадваецца Полацк.

Княжанне Рагвалода (сяр. 10 ст. — 978)

Пад 980 у летапісах упершыню ўзгадваецца першы князь Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора».

На той час два князі-браты Яраполк і Уладзімір Святаславічы, якія валодалі Кіевам і Ноўгарадам адпаведна, змагаліся паміж сабой. Абодва дамагаліся дапамогі ад Полацка. Уладзімір жадаў замацаваць магчымы саюз шлюбам з дачкой Рагвалода князёўнай Рагнедай. Але яму было адмоўлена, бо выбраны ўжо быў Яраполк. Уладзімір захапіў Полацк, а потым і Кіеў. Рагвалод з жонкай і сынамі быў забіты, Рагнеда стала адной з жонак Уладзіміра, а Полацк часткай яго ўладанняў.

Калі Уладзімір прыняў хрысціянства і ажаніўся з візантыйскай прынцэсай Ганнай, Рагнедзе быў вернуты Полацк. Сын Уладзіміра і Рагнеды — Ізяслаў Уладзіміравіч спачатку атрымаў ва ўдзел Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), а пасля смерці ў 1000 годзе Рагнеды атрымаў у спадчыну і Полацк.

Княжанне Ізяслава (988—1001 гады)

Пра княжацкую дзейнасці Ізяслава амаль нічога невядома, але думаюць, што ў час яго кіравання на Полацкай зямлі распаўсюдзілася хрысціянства. Акрамя таго ён узгадваецца як князь-кніжнік. Ізяслаў пакінуў пасля сябе двух сыноў — Усяслава і Брачыслава. Усяслаў памёр рана — у 1003 г., і Брачыслаў застаўся адзіным спадчыннікам княства і кіраваў да сваёй смерці ў 1044 г.

Княжанне Брачыслава (1003—1044 гады)

Верагодна, што да 1015 г. Брачыслаў Ізяславіч займаўся вырашэннем пытанняў выключна ўнутранай палітыкі, якая не закранала інтэрэсаў суседніх дзяржаў. Магчыма, у той час Брачыслаў быў яшчэ падлеткам. Па-другое, многія гарады старажытнай Усходняй Еўропы (у адрозненні ад Полацкай зямлі) не мелі сваіх княжацкіх дынастый — Уладзімір Кіеўскі пасадзіў туды на княжанне сваіх сыноў, якія адразу б задушылі любое свавольства з боку Полацка[5].

Але пасля смерці Уладзіміра Кіеўскага (1015 г.) дзяржава была дэстабілізавана: сыны вялікага князя змагаліся за ўладу. Гэты стварыла ўмовы для вырашэння Полацкам уласных пытанняў. Асноўным прадметам спрэчак былі так званыя «волакі» — сухапутныя шляхі паміж рэкамі Заходняя Дзвіна і Днепр на шляху «З вараг у грэкі». У 1021 г. Брачыслаў захоплівае Ноўгарад, але, вяртаючыся са здабычай, быў разбіты дружынай кіеўскага князя Яраслава Мудрага (які, дарэчы, быў другім сынам Рагнеды і Уладзіміра, дзядзькам Брачыслава). Але, паводле мірнага дагавора, Брачыслаў атрымаў гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной. Яраслаў меў нетрывалае становішча ў Кіеве, таму, магчыма, вырашыў пайсці на саступкі полацкаму князю. Полацкае княства фактычна замацоўвае сваю эканамічную незалежнасць.

Гэтыя падзеі згадваюцца ў скандынаўскай «Сазе аб Эдмундзе», якая сцвярджае, нібыта пасля дагавора полацкі князь Брачыслаў 3 гады княжыў у Кіеве[6]. Адны даследчыкі лакалізуюць гэты магчымы перыяд у 1019—1021 гг.[7], іншыя адносяць яго да 1024—1026 гг.[8] Л. Аляксееў наогул выключае магчымасць кароткатэрміновага княжання Брачыслава ў Кіеве. Але гэта пытанне дасюль застаецца нявырашаным.

Адна з гіпотэз сведчыць, што менавіта Брачыслаў заснаваў беларускі горад Браслаў на мяжы пражывання старажытнабеларускага і балцкага насельніцтва. Археалагічныя даследаванні датуюць узнікненне горада ХІ ст., не ўказваючы на дакладны перыяд яго заснавання. Разам з тым паходжанне горада ад Браслава выглядае лагічным[9]. Магчыма, месца заснавання горада сведчыла аб паступовым распаўсюджанні Полацкай улады на балцкія землі Латвіі і Літвы. Археолагі зафіксавалі пажарышча ў гарадзішчы Браслава, якое датавалі першай паловай ХІ ст., і часовае спыненне жыццядзейнасці ва ўмацаваным паселішчы Гарадзец, якое адбылося ў той жа перыяд. Гэта можа сведчыць пра ваенныя сутыкненні паміж полацкімі крывічамі і балцкімі плямёнамі. Трохі пазней на мяжы з балцкімі землямі вырастае абарончая лінія паселішчаў — Дрысвяты, Маскавічы і Рацюнкі.

Даволі спрэчны момант перыяду кіравання Брачыслава — магчымасць далучэння ім Менскай зямлі да Полацкага княства. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Полацк аблажыў данінай паўночных дрыгавічоў (пераважная частка насельніцтва Менскіх зямель) ужо ў Х ст.[10] Іншыя, наадварот, мяркуюць, што Менскія землі яшчэ доўга заставаліся вобласцю спрэчак паміж Полацкім і Тураўскім княствам і былі канчаткова падпарадкаваны Полацку толькі пры Усяславе Чарадзеі трохі раней 1063 г.[11] Ю. Заяц здолеў даказаць ваенную прысутнасць полацкіх крывічоў у Менскай зямлі ўжо ў Х ст. Пасля ўзяцця Полацка князем Уладзімірам вобласць часова адыходзіць да Кіева; Уладзімір будуе тут крэпасць (цяпер вядома як Замэчак), вакол якой пазней было заснавана Заслаўе. Калі Ізяслаў робіцца князем Полацка, Заслаўе, а разам з ім значная частка Менскай зямлі адыходзіць да Полацка, а астатняя частка, як мяркуецца, — пасля мірнага дагавора Яраслава Кіеўскага і Полацкага князя Брачыслава[12]. Іншая версія сведчыць, што Менская зямля магла быць аддадзена Полацку князем Яраславам у 1038—1044 гг., калі той здзесніў шэраг паходаў супраць яцвягаў і Літвы. Некаторыя навукоўцы дапускаюць удзел Брачыслава ў гэтым паходзе.

Княжанне Усяслава Брачыславіча (1044—1101 гады)

Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях XII ст
Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях XII ст.

У 1044 полацкім князям стаў Усяслаў Брачыславіч. Пры ім Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. Полацк ператварыўся ў адносна вялікі горад з плошчай каля 20 га і насельніцтвам да 15 тыс. чалавек[13]. У 11 ст. Полацк спаборнічаў з Кіевам і Ноўгарадам за тэрыторыі, да паловы стагоддзя адносна мірна (гл. дагавор Брачыслава з Яраславам Уладзіміравічам), пазней ва ўзброеным процістаянні (гл. паход Кіева на Полацк, 1067, паход Кіева на Полацк, 1071, паход Кіева на Полацк, 1077, паход Кіева на Полацк, 1084, кіеўскі палон Усяслава). У гэты час Полацк стаў асноўным супернікам Кіева, а ў 1066 Усяслаў нават захапіў Ноўгарад.

У 1067 пад Менскам адбылася Нямігская бітва, у якой супраць Усяслава выступілі амаль усе князі Русі. Усяслаў быў пераможаны, і на Дняпры, недалёка ад зліцця з ім ракі Аршыцы (Ръши), быў узяты падманам у палон і адвезены ў Кіеў. У Полацку на сталец быў пасаджаны сын Ізяслава Мсціслаў, які неўзабаве памёр, і тады Ізяслаў пасадзіў у Полацк іншага свайго сына — Святаполка. 15 верасня 1068 ў Кіеве гараджане паднялі мяцеж супраць свайго князя Ізяслава. Гараджане вызвалілі Усяслава з турмы (поруба) і запрасілі яго на кіеўскае княжанне. Усяслаў стаў вялікім князям кіеўскім — de jure гаспадаром усёй Русі. Але ў 1069 Ізяслаў з войскам польскага князя Баляслава рушыў на Кіеў. Кіеўляне сабралі войска, але Усяслаў уцёк у Полацк. Хутка ён быў выгнаны з Полацка і знаходзіўся ў невядомым месцы, магчыма ў Водзі, бо на чале водскага войска ён хадзіў на Ноўгарад, але быў разбіты ў бітве на р. Гзені найгародцамі на чале з Глебам Святаславічам. Пасля гэтага Усяслаў на два гады знік з гістарычнай сцэны. Але ў 1071 ён нечакана з’явіўся ля Полацка і выгнаў адтуль Святаполка і зноў пачаў княжыць у Полацкім княстве. Пасля гэтага хадзіў супраць Яраполка, але той каля Галацічаска разбіў полацкае войска. У 1078 Усяслаў напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір Манамах, каб адпомсціць Усяславу, разрабаваў Лукомль, Лагойск і Друцк. У 1084/85 Уладзімір Манамах разам з качэўнікамі-полаўцамі захапіў Менск і забраў усё насельніцтва горада ў палон. Усяслаў Чарадзей памёр у 1101. У летапісах гэтай з’яве прысвечаны асобныя радкі: «…преставился Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, в 9 часъ дне, в среду». Гэта сведчыць аб тым, якое значэнне надавалі Усяславу сучаснікі.

Палітычная раздробленасць і высылка полацкіх князёў у Візантыю (1101—1128 гады)

Яшчэ пры жыцці Усяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства паміж сваімі сынамі (іх было 6). Пасля яго смерці пачалася хуткая дэцэнтралізацыя дзяржавы. Крыху пазней ужо дзеці Усяслава дзялілі свае надзелы паміж сваімі нашчадкамі. Такім чынам Полацкая дзяржава перастала быць моцнай пагрозай для Кіева. У 1127 годзе палачане выгналі з Полацка князя Давыда Усяславіча і пасадзілі на княжанне Рагвалода ІІІ-Васіль Барысавіча. Пачалася міжусобная барацьба. У яе ўмяшаўся князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч. Пад яго кіраўніцтвам кааліцыя рускіх князёў спустошыла Полацкую дзяржаву. Мсціслаў Уладзіміравіч зацвердзіў Рагвалода Барысавіча ў якасці князя. Але з-за адсутнасці мясцовай падтрымкі ўжо ў 1128 годзе князем зноў стаў Давыд Усяславіч. Тады Мсціслаў Уладзіміравіч зноў здейсніў новы паход на Полацкую землю ў 1129 годзе, у час якога узяў у палон Давыда, Святаслава і Расціслава, і ўсіх іх родных, а Полацкае княства анексаваў: сюды быў пераведзены на княжанне Ізяслаў Мсціславіч.

Вяртанне полацкіх князёў і канчатковы заняпад дзяржавы (1132 — 2-я палова ХІІІ ст.)

Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча ў 1132 годзе Рагвалодавічы пачалі вяртацца ў Полацкую зямлю. У 1132 годзе полацкае веча выгнала пастаўленага з Кіева Святаполка Мсціславіча і выбрала князем Васільку Святаславіча. Такім чынам Полацкае княства аднавіла незалежнасць. Але працягваўся працэс драблення дзяржавы. Князь полацкі Уладзімір у 1186 годзе дазволіў немцу Мейнарду — каталіцкаму манаху, прапаведаваць хрысціянства сярод полацкіх даннікаў ліваў у вусці Дзвіны. У 1201 годзе ў вусце Дзвіны немцамі быў заснаваны горад Рыга. У 1203 годзе пачаўся адкрыты канфлікт з немцамі ў Лівоніі, верагодна, з-за адмовы біскупа Альберта плаціць даніну, якую, напэўна, плацілі яго папярэднікі. Відаць, войска Уладзіміра складалася з уласнай дружыны і дружын Усевалада Герцыкскага і Вячкі Кукенойскага. Спачатку ім спрыяла, пасля аблогі замка Ікскюль(руск.) бел.. Але пад Гольмам нямецкія рыцары з самастрэлаў паранілі ў палачан шмат коней, і Уладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але Усевалад Герцыкскі з літоўцамі наехаў на Рыгу і парабаваў рыжскія ваколіцы. Відаць, Уладзімір хацеў толькі напалохаць немцаў, і гэта ў яго атрымалася, але часткова — біскуп Альберт прызнае Уладзіміра ўладаром ліваў і выплачвае за іх даніну. Аднак, біскуп не згадзіўся плаціць даніну за сябе, т. б. адмовіўся прызнаць сябе падданым Полацка. У 1207 годзе ўся краіна ліваў — Лівонія, аказалася ва ўладзе крыжакоў, яны падступілі да меж Кукейноскага княства. Вячка Кукенойскі перадае палову свайго княства біскупу. Але хутка Вячка, даведаўшыся, што крыжацкае войска адплыла на караблях у Германію, распраўляецца з немцамі, якія былі ў той палове замка, што ён перадаў біскупу. Трафеі(руск.) бел. ён адпраўляе Уладзіміру, паведамляючы, што крыжакі сышлі з Лівоніі і прапануючы аднавіць наступ. Але сустрэчны вецер затрымаў крыжакоў у вусці Дзвіны. Крыжакі даведаўшыся пра ўчынак Вячкі вярнуліся каб адпомсціць. Вячка, не чакаючы падыходу крыжакоў, спаліў свой горад і сышоў на Русь, а крыжакі апанавалі Кукенойскім княствам. Пасля гэтага пад націскам крыжакоў апынуўся Усевалад Герцыкскі. Восенню 1209 года разбіўшы каля Герцыке Усеваладаву дружыну крыжакі захапілі горад, герцыкскі князь выратаваўся на супрацьлеглым беразе Дзвіны і адтуль назіраў як гарыць замак і пасад, усеваладава жонка і дачка трапілі ў палон. Біскуп Альберт прапанаваў Усеваладу мір, а таксама вярнуць палонных і нарабаванае дабро, але той павінен быў перадаць яму частку княства, пазбягаць зносін з паганцамі — літоўцамі, паведамляць пра планы русінаў. Усеваладу не было іншага выйсця, як згадзіцца з гэтымі ўмовамі. У 1216 годзе да Уладзіміра Полацкага звярнуліся эсты, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і летаў, а таксама закрыць гавань у Дзюнамюндэ(руск.) бел.. Напэўна такога прыдатнага моманту і чакаў Уладзімір, ён пачаў збіраць войска з Полацка, Менска, Літвы, Смаленска, Віцебска і Друцка. Сабралася вялікае войска, але Уладзімір, ужо ўзышоўшы на карабель, раптоўна памёр. Такім чынам Полацкае княства канчаткова страціла свае землі Лівоніі. Вусце Дзвіны аказалася пад кантролем крыжакоў, што балюча адбілася на эканоміцы Полацкай дзяржавы.

Уваход у склад ВКЛ (другая палова ХІІІ ст. — пачатак XIV ст.)

Літва доўгі час знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага княства. Пачынаючы з ХІ ст. літоўцы часта прымалі ўдзел у паходах Полацкай дзяржавы. Полацкі князь Брачыслаў (уладарыў каля 1232—1242) выдаў сваю дачку за літоўскага князя Таўцівіла, які пасля смерці Брачыслава стаў полацкім князем. Пасля Полацк быў у «волі Войшалкавай». Пазней Полацк быў у саюзе з Трайдзенем, прынамсі ў яго войскі былі «рускія стралкі», якіх лічаць палачанамі. Полацкі епіскап Якаў называў «сваім сынам» вялікага князя Віценя і кіраваўся яго меркаваннем датычна адносін з Рыгай. Урэшце, полацкім князем стаў брат Віценя і Гедзіміна — Воін. Такім чынам Полацкае княства канчаткова ўвайшло ў склад ВКЛ.

Гістарыяграфія, ацэнкі дзейнасці

Афіцыйная савецкая гістарыяграфія адмаўляла існаванне дзяржаўнасці Беларусі ў эпоху сярэднявечча, звязваючы набыццё яе толькі з вынікамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстанаўленнем дыктатуры бальшавікоў. Таму не ўзнікала нават пытання аб існаванні феадальных дзяржаў у беларусаў. Частка дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў лічыла, што адзінай дзяржавы Кіеўскай Русі не існавала, бо ва ўсходніх славян існавалі самастойныя княствы — землі[14]. Першым сярод беларускіх гісторыкаў Полацкае княства назваў даўнім і моцным В. Ластоўскі[15].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Доўнар, С.19.
  2. Доўнар, С.18.
  3. 3,0 3,1 Полацкае княства ў IX—XI стст.
  4. Змаганне Полацкай і іншых зямель за незалежнасць
  5. Полацкае княства ў час княжання Брачыслава Ізяславіча (1003—1044)
  6. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XV стст.). Мн, 1998. С. 23.
  7. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды.
  8. Заяц Ю. А. Полоцкие события «Саги об Эймунде» // Полоцкий летописец. № 1. 1993. С. 10.
  9. Семянчук Г. Н. Гарадзішча «Замкавая тара» ў Браславе // Гісторыя Беларусі: жалезны век і сярэднявечча. Мн., 1997. С. 63-65.
  10. Семенчук Г. Н. Формирование границ Полоцкой земли в XI в. // Археология и история Пскова и Псковской земли. Псков, 1990. С. 54.
  11. Алексеев Л. В. Минск и Друцк // Славяне и их соседи: Археология, нумизматика, этнология. Мн., 1998. С. 13.
  12. Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. С. 108—112.
  13. Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях
  14. Грыцкевіч, А. Узьнікненьне фэўдальных дзяржаваў беларусаў у працэсе ўтварэньня дзяржаваў у славян / Анатоль Грыцкевіч // Полацак. — 1993. — № 8 (28). — С. 4.
  15. Ластоўскі, В. Кароткая гісторыя Беларусі / Паслясл. А. П. Грыцкевіча. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 126 с. — С. 8. — ISBN 5-7855-0646-7.

Літаратура

Спасылкі

Аграгарадок

А́грагарадо́к — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Беларусі, добраўпарадкаваны населены пункт у сельскай мясцовасці, у якім створана вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забеспячэння сацыяльных стандартаў насельніцтва. Як правіла, у аграгарадку пражывае менш за тысячу чалавек.

Феномен «аграгарадка» з'явіўся ў сярэдзіне 2000-х у Беларусі ў сувязі з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005—2010 гады. Першым створаным аграгарадком сталі Езеры Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Планавалася, што да канца 2011 года будзе завяршана стварэнне сеткі аграгарадкоў, а іх колькасць перавысіць 1,5 тысяч.

У канцы 2000-х пачалося паступовае распаўсюджванне гэтага тыпу паселішча і адпаведнай арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў іншых краінах (Венесуэла).

Барысавы камяні

Барысавы камяні — манументальныя помнікі эпіграфікі XII ст. ў Беларусі: 7 вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози…». Назву атрымалі ад імя князя полацкага Рагвалода Усяславіча — у хрышчэнні Барыса (кан. 1040-х — 1128) .

Бельчыцы

Бельчыцы — рэзідэнцыя полацкіх князёў y 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Заходняй Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер y межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 г. Паводле сцверджання М. Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І. Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з'яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

Бітва на Нямізе

Бітва на Нямізе (3 сакавіка 1067) — бітва перыяду феадальнай раздробненасці Русі, адбылася на рацэ Нямізе паміж войскамі Яраславічаў — Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага, і войскам Усяслава Полацкага, які быў разбіты.

Васілька Святаславіч

Васілька Святаславіч (1080-я — пач. 1144) — князь полацкі, сын Святаслава Усяславіча, брат Еўфрасінні Полацкай. Паводле звестак Васіля Тацішчава, унук Уладзіміра Манамаха. Верагодна, дзякуючы паходжанню не быў высланы разам з іншымі полацкімі князямі ў Візантыю (1129). Паводле Іпацьеўскага летапісу, ў 1132 годзе полацкае веча выгнала пастаўленага з Кіева Святаполка Мсціславіча і выбрала князем Васільку.

Паводле Пскоўскіх летапісаў, у 1138 годзе Васілька добразычліва сустрэў Усевалада Мсціславіча калі той ехаў праз Полацкае княства ў Пскоў, куды быў запрошаны княжыць. У 1143 годзе Васілька выдаў сваю дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча і хутка пасля гэтага памёр.

Глыбокае

Глыбо́кае (афіц. транс.: Hlybokaje) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Глыбоцкага раёна. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Варапаева. За 200 км ад Віцебска, на аўтамабільнай дарозе Полацк—Вільнюс (Літва). У межах горада возера Кагальнае і возера Вялікае, з якога выцякае рака Бярозаўка. Насельніцтва 19 038 чал. (2017).

Гісторыя Беларусі

Гісторыя Беларусі — апісанне гісторыі Беларусі са старажытных часоў.

Заходняя вобласць

Захо́дняя во́бласць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў 1917—1918 гг.

Звеніслава Барысаўна

Звеніслава Барысаўна (у манастве Еўпраксія; пасля 1110 — пасля 1167) — асветніца, дачка полацкага князя Барыса Усяславіча.

Нарымонт Гедзімінавіч

Нарымонт-Глеб Гедзімінавіч (Нарымунт, Нарымант; ~1295 — 2 лютага 1348) — князь полацкі (1333/1334—1345).

Другі сын вял.кн. Гедзіміна. Упершыню згадваецца пад 1331 года, калі Гедзімін затрымаў на Валыні наўгародскага архіепіскапа Васіля і адпусціў толькі з умовай абрання Нарымонта князем у Ноўгарадзе.

Прыбыў у Ноўгарад кастрычнікам 1333 года, атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Каля 1335 паехаў з Ноўгарада, хутчэй за ўсё, каб заняць полацкі сталец пасля смерці князя Воіна. Пакінуў у Ноўгарадзе намеснікам свайго сына Аляксандра.

У 1338 годзе адмовіўся прыехаць на дапамогу наўгародцам для адбіцця шведскай агрэсіі і нават адклікаў Аляксандра з Арэшка. Намеснікі Нарымонта, аднак, заставаліся ў Арэшку да 1348 года. Каля 1338 года разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Ускосна згадваецца як полацкі кароль у дагаворы Смаленска з Рыгай (каля 1340).

Паводле Летапісца вялікіх князёў літоўскіх па Гедзіміне атрымаў Пінскае княства «зо всеми околичностями над Припетю рекою аж до Днепра», якое заставалася і за яго нашчадкамі — Нарымонтавічамі да канца XIV ст. У 1341—1345 гадах быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найуплывовейшым князем ВКЛ. Супраць яго і вял.кн. Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут. Пасля заняцця Альгердам вялікакняскага стальца (1345) Нарымонт уцёк да залатаардынскага хана Джанібека, а Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю. Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ каля 1346 года, у 1347 годзе браў удзел у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна, загінуў у бітве на рацэ Стрэве (2.2.1348).

Палачане

Палачане — частка ўсходнеславянскай групы крывічоў, якая насяляла ў IX стагоддзі тэрыторыю сучаснай Віцебскай і поўнач Мінскай вобласці.

Палачане ўпамінаюцца ў Аповесці мінулых часоў, якая тлумачыць іх назву фактам іх пражывання ля ракі Палата, аднаго з прытокаў Заходняй Дзвіны. Летапіс таксама сцвярджае, што крывічы былі нашчадкамі палачан.

Землі палачан прасціраліся ад Свіслачы ўздоўж Бярэзіны да зямель дрыгавічоў. Іх уладанні гранічылі з землямі наступных плямёнаў:

смаленскіх крывічоў — на паўднёвым усходзе,

ізборскіх крывічоў і ільменскіх славен — на поўначы і ўсходзе,

літоўскіх плямёнаў — на захадзе,

дрыгавічоў — на поўдні.Палачане былі адным з плямёнаў, на тэрыторыі якіх пазней сфарміравалася Полацкае княства. Яны з'яўляюцца аднымі з родапачынальнікаў сучаснага беларускага народа.

Самыя старажытныя археалагічныя помнікі — доўгія курганы і пасяленні ў Полацку, Віцебску, Лукомлі.

Полацкая епархія

Полацкая епархія — гістарычная епархія на тэрыторыі Беларусі.

Полацкая школа дойлідства

Полацкая школа дойлідства пачала фарміравацца на аснове і пад уплывам візантыйска-кіеўскіх традыцый. Але ўжо ў першай палове XII ст. мураванае будаўніцтва ў княстве пайшло па іншым, чым у Кіеве, шляху.

Пухавіцкі раён

Пухавіцкі раён (афіц. транс.: Puchavicki rajon) — адміністрацыйная адзінка Мінскай вобласці. З 29 ліпеня 1925 года раённы цэнтр — Мар'іна Горка. З 17 чэрвеня 1924 гада да 29 ліпеня 1925 год цэнтрам раёна была вёска — Пухавічы.

Тэрыторыя раёна 2 442,23 км² (4-е месца). Колькасць насельніцтва — 65,7 тысячы чалавек (6-е месца). У раёне 13 сельсаветаў, 1 гарад, 4 пасёлка гарадскога тыпу, 304 сельскіх населеных пунктаў.

Рагвалодаў камень

Рагвалодаў камень (мясцовыя назвы — Барысаглебскі, Аршанскі, Уладзімірскі камень) — манументальны сярэдневяковы помнік эпіграфікі XII ст.

Падобны да Барысавых камянёў. Знаходзіўся каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, за 18 км ад Оршы. Выяўлены ў 1792 г., упершыню згадваецца ў кнізе Т. Мальгіна «Зерцало российских государей» (СПб., 1794).

У 1171 г. на валуне вышынёй у 3 м высечаны 6-канцовы крыж і надпіс на царкоўнаславянскай мове:

Вышыня літар 15 см. Крыж і надпіс высечаныя па загаду друцкага князя Рагвалода (у хрышчэнні Васіля) Барысавіча, які, паводле меркавання некаторых даследчыкаў, пасля галоднай зімы 1170—1171 гг. асвяціў паганскія камяні ў спадзяванні на ўраджай.

Валун быў падарваны ў 1930-я гады, нібыта з мэтай будаўніцтва шашы Масква — Мінск, аднак яго абломкі яшчэ доўга ляжалі на сваім месцы.

Сталіцы Беларусі

Тут пад сталіцамі Беларусі маюцца на ўвазе галоўныя гарады розных форм беларускай дзяржаўнасці, палітычныя і адміністрацыйныя цэнтры Беларусі і этнічных беларускіх зямель. На працягу ўсёй гісторыі краіны, гэтую ролю адыгрывала некалькі гарадоў.

Згодна з артыкулам 20 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сталіцай Беларусі з'яўляецца горад Мінск.

Стрэжаў

Стрэжаў — колішні горад, цэнтр удзельнага княства Полацкай зямлі, месцазнаходжанне дакладна не вызначана.

Паводле меркавання адных даследчыкаў, упершыню згадваецца ў 1127/1128 г., падчас паходу агульных войскаў рускіх князёў супраць Полацкай зямлі, як адзін з пунктаў праз якія мусілі рухацца войскі і няма пэўнасці ці знаходзіўся наогул гэты Стрэжаў у межах Полацкай зямлі ці быў паселішчам у іншым княстве. Іншыя даследчыкі, лічаць першую ўзгадку Стрэжава ў 1160-х, калі полацкі кн. Рагвалод-Васіль даў яго Усеваладу Глебавічу замест саступленага апошнім Ізяслаўля — гэты Стрэжаў напэўна быў паселішчам у Полацкай зямлі.

Таксама няма пэўнасці з лакалізацыяй, Б. А. Рыбакоў, М. М. Ціхаміраў і інш. тоясняць летапісны Стрэжаў з г.п. Стрэшын у Жлобінскім р-не, але гэтае паселішча далёка на поўдзень ад межаў Полацкай зямлі, што робіць лакалізацыю сумніўнай. Праўда, Стрэшын магчыма тоесны Стрэжаву з узгадкі 1127/1128 г. Таксама ёсць меркаванні, што Стрэжаў, які Рагвалод-Васіль даў Усеваладу Глебавічу размяшчаўся на месцы вёскі Стрыжава Бешанковіцкага р-на, але рэшткаў горада часоў Русі там не выяўлена.

Усяслаў Брачыславіч

Усясла́ў Брачысла́віч (Усясла́ў Брачысла́вавіч, ст.-рус. Всеславъ сынъ Брѧчиславль, у папулярнай літаратуры Усяслаў Чарадзей, каля 1029 — 14 (21) красавіка 1101) — князь полацкі (1044—1068 і 1071—1101) з роду Ізяславічаў, вялікі князь кіеўскі (1068—1069). Сын князя полацкага Брачыслава Ізяславіча.

Імкнуўся пашырыць і адстойваў сваё ўладанне — Полацкае княства. У час яго княжання пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор — найбольш ранняе манументальнае архітэктурнае збудаванне ў Беларусі. Вядомы таксама як адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору. Быў апошнім правіцелем Полацкага княства да яго падзелу на ўдзелы. Агульны час княжання ў Полацку — 54 гады — самы працяглы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.

Полацкае княства
Значныя падзеі
Полацкія кіраўнікі
да ўдзельнага перыяду
(да 1101 года)
Полацкія кіраўнікі
ва ўдзельны перыяд
Полацкія кіраўнікі
ў літоўскі перыяд (з 1307 года)
Грамадства і культура
Хрысціянскія святыні
Удзелы Полацкай зямлі
Найстаражытнейшыя гарады
Полацкай зямлі
Архітэктура Полацкага княства
Беларусь у тэмах
Гісторыя
Палітыка
Геаграфія
Грамадства
і сімвалы
Эканоміка
Культура
Старажытнасць (да 500)
Ранняе Сярэднявечча (5001240)
Вялікае Княства Літоўскае (12371569)
Рэч Паспалітая (15691795)
У складзе Расійскай імперыі (17951917)
Найноўшы час (19171991)
Сучаснасць (пасля 1991)
Звязаныя тэмы

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.