Канстанцін Паклонскі

Канстанцін Вацлаў Паклонскі (? — пасля 1661/да 1663[1]) — «палкоўнік беларускі», ротмістр літоўскі.

Сын Юрыя (Ежы) з роду праваслаўнай, але ўжо паланізаванай шляхты Пінскага павета[1]. У 1-й палове XVII ст. пэўны час, верагодна, служыў Янушу Радзівілу. На думку К. Качагарава, праз шлюб родзічаў Паклонскі быў у сваяцтве з Іванам Выгоўскім[2]. У 1640-я гады, мабыць і раней, сябра і адзін з лідэраў Магілёўскага праваслаўнага брацтва, «прыяцель» Іосіфа Канановіча-Гарбацкага, каад'ютара праваслаўнай Мсціслаўскай, Аршанскай і Магілёўскай епархіі.

У 1-й палове XVII ст. праваслаўнае брацтва змагалася за вяртанне перададзеных уніятам магілёўскага Спаскага сабора і манастыра пры ім. Урэшце, студзенем 1650 года кароль Ян Казімір выдаў універсал пра вяртанне шэрагу цэркваў і манастыроў праваслаўным Рэчы Паспалітай, у т.л. «царквы святога Спаса, манастыра з прыходамі» ў Магілёве. Таксама 3(13) студзеня 1650 года на сейме ў Варшаве атрымаў прывілей на епіскапства Магілёўскае, Аршанскай і Мсціслаўскае Іосіф Канановіч-Гарбацкі, у прывілеі падкрэсліваліся яго правы на Спаскі сабор, манастыр і ўсе яго маёнткі, адмыслова адзначаўся «перавоз» (паром) на Дняпры пад Спаскім саборам. Афіцыйная перадача сабора адбылася 2(12) мая 1650 года, пасля службы, якую чынілі ўніяты, на сярэдзіну царквы выйшаў Канстанцін Паклонскі і зачытаў каралеўскія прывілей і ўніверсал. Прысутныя возныя ўвязалі праваслаўных ва ўладаннях. На думку К. Качагарава, ганаровая роля Паклонскага сведчыць пра яго актыўны ўдзел у змаганні за сабор і нават лідарства ў магілёўскім брацтве.[3]

У 1653 годзе старшыня магілёўскага брацтва — Вацлаў (Канстанцін) Паклонскі, дыякан Спаскага манастыра Антоні Ласіцкі, бурмістар Кузьма Маркевіч, райца Яўсевій Шашкевіч — былі пазваны да каралеўскага суда. На думку К. Качагарава, прычынай позвы было актыўнае процідзеянне ўніяцкаму смаленскаму епіскапу Андрэю Квашніну-Залатому, які ў тым годзе наведаў Магілёў і хацеў забраць сабор ад праваслаўных зноў да ўніятаў — «законных уладальнікаў», як адзначалася ў позве — тады магілёўцы прыходзілі натоўпам і пагражалі забіць Квашніна-Залатога, яму давялося ўцякаць з горада. Для разбору гэтых падзей у Магілёў былі накіраваны каралеўскія камісары — віленскі кусташ Ежы Белазор і віленскі скарбнік Ян Уладзіслаў Невельскі.[4]

Пазней, у тым жа 1653 годзе, Паклонскі ўзначальваў братчыкаў у канфлікце з-за «перавозу» цераз Дняпро. Быццам для патрэб каралеўскіх падданых на Дняпры у Магілёве быў пабудаваны яшчэ адзін «перавоз», канкурэнтны перавозу пад Спаскім саборам, які належаў праваслаўным і даваў ім прыбыткі. Праваслаўныя некалькі разоў абмяркоўвалі сітуацыю на сходах у Спаскім саборы. Урэшце, 11(21) ліпеня 1653 года некалькі соцень ўзброеных братчыкаў і мяшчанаў на чале з Паклонскім і дыяканам Ласіцкім напалі на «перавоз», перавознікаў збівалі ледзь не забіўшы, паром пасеклі на кавалкі сякерамі і бердышамі. Не супакоіўшыя на гэтым, узброены натоўп на зваротным шляху пайшоў паўз двара камісараў Белазора і Невельскага, ганьбячы і смеючыся не толькі з іх, але і з каралеўскай улады. За гэта дэкрэтам ад 3(13) кастрычніка 1653 года Паклонскі і іншыя старшыны брацтва другім разам былі пазваны да асесарскага суда да каралеўскага двара. Позва была ўручана ім 10(20) лістапада 1653 года калі братчыкі, мусіць, чарговы раз засядалі ў Спаскім манастыры «у пана Паклонскага».[4]

Напэўна, Паклонскі не застаўся ў баку і ад канфлікту каралеўскіх падданых Магілёўскай эканоміі з яе кіраўніком Станіславам Янам Зжадзінскім, якога першыя абвінавачвалі ў злоўжываннях і пазазаконных паборах. Разбор скарг на Зжадзінскага ў сакавіку 1653 года быў даручаны тым жа каралеўскім камісарам — Балазору і Невельскаму, але яны не спяшаліся нават ехаць у Магілёў, чым выклікалі папрокі караля, які асцерагаўся «далейшых бунтаў». Пра папярэднія «бунты» у Магілёўскай эканоміі, праўда, пакуль вядомы толькі цьмяныя згадкі.[5] Урэшце, кароль Ян Казімір замест Зжадзінскага прызначыў новага кіраўніка эканоміі — літоўскага кухмістра Мікалая Пятроўскага, яму ж быў даручаны і разбор скарг падданых на Зжадзінскага, а каралеўскія камісары Белазор і Невельскі ў кастрычніку 1653 года адкліканы з Магілёва. Кароль падазраваў, што падданыя скардзяцца не столькі з-за праблем, колькі навучаныя кімсьці, магчыма, на думку К. Качагарава, гэта намёк на Паклонскага. І праўда, канфлікт паміж новым кіраўніком эканоміі Пятроўскім, з аднаго боку, і Паклонскім з прыхільнікамі — з другога, меў месца.[6]

На думку К. Качагарава, ва ўмовах канфрантацыі з уладай Паклонскі пачаў шукаць падтрымкі ўкраінскіх казакаў, а менавіта звярнуўся да Выгоўскага[7]. Ужо на пачатку студзеня 1654 года, на перамовах пра пераход Украіны пад царскую ўладу, генеральны пісар Войска Запарожскага Выгоўскі казаў маскоўскаму прадстаўніку баярыну Бутурліну пра Паклонскага як свайго сваяка («повинной» ад польск. «powinny», на думку К. Качагарава) і «чалавека дабрадзейнай веры» ў Магілёве, які «жадае быць пад высокай рукой вялікага гасудара». За радай Бутурліна Выгоўскі напісаў Паклонскаму, што цар гатовы ўзяць яго пад сваю ўладу. Па ўсім, па думку К. Качагарава, атрымаўшы абяцанне падтрымкі, Паклонскі перайшоў да актыўных дзеянняў, пагатоў, на мяжы мая-чэрвеня 1654 года маскоўскія войскі рушылі на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і пачалася вайна 1654—1667 гадоў. У чэрвені[1] 1654 года Паклонскі падняў мяцеж у Магілёве, але неўзабаве ўцёк на Папову Гару і збіраў там людзей. Папова Гора была тэрыторыяй Старадубскага казацкага палка, т.б. пад уладай казацкага гетмана Б. Хмяльніцкага.[2]

Намеры Паклонскага змянілі тон кіраўніка эканоміі Пятроўскага, які пісаў яму, але без адказу[2]. Таксама жніўнем1654 года да Паклонскага пісаў гетман Януш Радзівіл, ён абураўся нечуванасцю здрады «слугі радзівілаўскага», прапаноўваў Паклонскаму гарантыі бяспекі і заступніцтва, каб той вяртаўся да Вялікага княства Літоўскага. Аднак, было запозна, яшчэ ліпенем 1654 года Паклонскі атрымаў аўдыенцыю цара Аляксея Міхайлавіча.[7] Паклонскі прыйшоў пад Смаленск з рэкамендацыйным лістом Б. Хмельніцкага і на чале групы шляхты і мяшчан. Добразычліва прыняты царом, быў абдараваны 100 рублямі і ўзяты на маскоўскую службу ў чыне «палкоўніка беларускага»[1].

Цар паслаў Паклонскага разам з войскам Ваейкава пад Магілёў, ён мусіў схіліць горад да здачы і вербаваць мясцовых людзей на маскоўскую службу. Падчас магілёўскага паходу Паклонскі заняў Чавусы і стварыў уласны моцны атрад. Пачатая агітацыя сярод жыхароў Магілёва, не гледзячы на пачатковыя няўдачы, мела даволі хуткі вынік, горад здаўся на пачатку верасня. Будучы ў Магілёве, Паклонскі энергічна вербаваў людзей, а таксама спрабаваў схіліць да здачы іншыя гарады. У сваёй дзейнасці прыйшоў да вострага канфлікту з камандзірам казацкага корпусу Васілём Залатарэнкам, які спрабаваў паддаць занятыя ўсходнія землі ВКЛ казацкаму ўплыву. Паклонскі стаяў за інтарэсы цара, адбіраў у казакаў захопленыя тэрыторыі і перашкаджаў казацкай вярбоўцы. Цар высока ацаніў службу Паклонскага, у верасні 1654 года ва ўзнагароду ён атрымаў двор у Магілёве, горад Чавусы і сёлы Баждынічы, Забалоцце, Ялавое і Стараселле. У канцы верасня 1654 года Паклонскі хадзіў пад Крычаў, пасля заняцца горада ў лістападзе вярнуўся ў Магілёў. У снежні 1654 года атрымаў ва ўзнагароду ад цара вёскі Пуцкі, Галашова і Святазеры. Імкнуўся каб захопленыя ўсходнія абшары ВКЛ кіраваліся ўласна ім, а не праз маскоўскіх ваявод і пагатоў не казацкай адміністрацыяй.[1]

У студзені 1655 года, пасля некалькіх сутычак з вялікалітоўскім войскам, якое спрабавала вярнуць страчаныя тэрыторыі, Паклонскі са сваім палком прыйшоў у Магілёў. Пераканаў гараджан абараняцца супраць наступаючых на горад войскаў Я. Радзівіла, а таксама выгнаць з Магілёва яўрэяў, якіх абвінавачваў у супрацоўніцтве з праціўнікам. Частка яўрэяў была абрабавана і забіта, хтосьці здолеў уцячы з горада, астатнія вымушаны былі прыняць праваслаўе. У гэты час Паклонскі яшчэ атрымаў ва ўзнагароду ад цара сёлы Вілейку, Лазараўку і Заходы. Аблога Магілёва вялікалітоўскім войскам, з-за моцных маразоў і благога забеспячэння, не давала вынікаў. Гетману Янушу Радзівілу ўдалося завязаць кантакт з Паклонскім і вясною 1655 года ён перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, дзякуючы гэтаму ўдалося заняць частку Магілёва, але маскоўскі гарнізон і гараджане працягвалі абарону астатняй часткі. Паклонскі спрабаваў схіліць гараджан да здачы, таксама вёў перамовы пра гэта з камандзірам казакаў В. Залатарэнкам, але безвынікова.[1]

На сейме Паклонскі, разам са «шляхтай, якая з ім назад вярнулася» на бок Рэчы Паспалітай, быў вернуты ў грамадзянскія правы. Пасля зняцця вялікалітоўскім войскам аблогі з Магілёва, Паклонскі са сваім атрадам дзейнічаў на ўсходніх землях ВКЛ, аднак няўдала — у чэрвені 1655 года ён быў разбіты пад Барысавым маскоўскім атрадам Баратынскага, у ліпені зноў разбіты рускімі пад Койданавым, урэшце, разгромлены пад Ашмянамі атрадам казакаў Залатарэнкі. Пасля страты Вільні (8 жніўня 1655) разам з вялікім гетманам Я. Радзівілам пайшоў у Кейданы. На пачатку снежня 1655 года, аднак, Паклонскі, як і значная частка вялікалітоўскага войска, пакінуў Я. Радзівіла і пайшоў у Прусію, дзе завербаваўся ў войска брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма.[1]

Верагодна, пасля здрады Фрыдрыха Вільгельма інтарэсам Рэчы Паспалітай, Паклонскі пакінуў службу ў яго і ўжо 1656 годзе зноў быў у вялікалітоўскім войску. Восенню 1656 года ўдзельнічаў у арганізаваным гетманам Вінцэнтам Гасеўскім паходзе супраць брандэнбуржцаў і шведаў у Прусію. У няўдалай для вялікалітоўскага войска бітве пад Філіпавым (22 кастрычніка 1656) трапіў у шведскі палон і быў зняволены у мальборкскай турме.[1]

Невядома калі Паклонскі быў вызвалены, але яшчэ на пачатку 1658 года ён быў сярод тых каго хацелі абмяняць на палонных шведаў. Пасля выхаду з палону Паклонскі не вярнуўся да вайсковай службы. Марыя Радзівіл, у знак прызнанне яго заслуг на службе яе мужу Янушу Радзівілу, запісала Паклонскаму у сваім тастаменце (1661) Быстрыцкае староства.[1]

Herb Slepowron
Герб Паклонскіх «Слепаўрон»

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Rachuba, 1982
  2. 2,0 2,1 2,2 Кочегаров, 2016, с. 61.
  3. Кочегаров, 2016, с. 57.
  4. 4,0 4,1 Кочегаров, 2016, с. 58.
  5. Кочегаров, 2016, с. 59.
  6. Кочегаров, 2016, с. 60.
  7. 7,0 7,1 Кочегаров, 2016, с. 62.

Літаратура

  • Rachuba A. Pokłoński (Wodzgir-Pokłoński) Konstanty Wacław // Polski słownik biograficzny. — Wrocław; Warszawa; Kraków; Gdańsk; Łódź: 1982. — Т. XXVII. — С. 234-235.
  • Кочегаров К. А. Константин Поклонский и события в Могилёве накануне русско-польской войны 1654–1667 г. // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2016. — № 1 (63). — С. 56-63. — ISSN 2071-9574.
Беларускі полк

Беларускі полк — адміністрацыйна-тэрытарыяльная і вайсковая адзінка ў 1654—1659 гг. у складзе Запарожскага войска (Гетманшчыны), якое часта трактуецца як «украінская казацкая дзяржава», хоць паводле Пераяслаўскай рады (1654) Запарожскае войска далучалася да Маскоўскага царства.

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.