Казацтва

Казакі — субэтнічная група пераважна ўсходніх славян.

Józef Brandt - Wesele kozackie
Казацкае вяселле, карціна Ё.Брандта

Казакі ў ВКЛ

Казакі — сацыяльная супольнасць, якая існавала ў ВКЛ у XV—XVII стст. Пад казацтвам ВКЛ трэба разумець 2 розныя, але цесна звязаныя паміж сабой з'явы: украінскае (запарожскае) казацтва з канца XV ст. да 1569 г. і сфарміраваныя па-казацку атрады жыхароў Беларусі ў XVII ст.

Sergiy Vasylkivskiy- Cossack
Запарожскі казак

Казацтва з'явілася ў ХV стагоддзі ў нізоўі Дняпра, на тэрыторыі сенняшняй Украіны — на так званым Дзікім полі. У XV—XVI стст. у паўднёвых раёнах ВКЛ паступова адбываўся працэс фарміравання прынцыпова новай сацыяльнай групы. Паходжанне тэрміна «казак» канчаткова не высветлена, у цюркскіх мовах гэта слова азначае «вольны чалавек». На славянскіх землях у XIV—XV стст. казакамі называлі свабодных людзей, аб'яднаных у шайкі, рознага роду авантурыстаў. Калыскай казацтва ВКЛ сталі малазаселеныя паўднёва-ўкраінскія землі, якія былі своеасаблівым буферам паміж Крымскім ханствам і зямельнымі ўладаннямі феадалаў ВКЛ і знаходзіліся толькі пад намінальным палітычным кантролем Вільні. Узмацненне феадальнага прыгнёту ў ВКЛ садзейнічала прытоку на гэтыя землі беглых сялян і пасадскіх людзей з беларускіх і ўкраінскіх паветаў. Патрэба ў самазабеспячэнні і пастаянная пагроза з боку татараў вызначылі ваенны лад жыцця і неабходнасць стварэння моцнай вайсковай арганізацыі. Пастаянныя кантакты з крымскімі татарамі спрыялі ўвабранню казакамі цюркскіх элементаў у назвах, звычаях, побыце. Як сацыяльная з'ява казацтва ВКЛ не было ўнікальным і мела непасрэдныя аналогіі на землях суседняй Маскоўскай дзяржавы (данское, грэбенскае, церскае і яіцкае казацтва).

Першыя звесткі пра казакоў ВКЛ (у расійскіх крыніцах называліся «чаркасы») адносяцца да канца XV ст. У 1489 г. яны былі выкарыстаны ў выправе супраць татараў, у 1494 г. казакі напалі на турэцкую крэпасць Ачакаў, у 1499 г. зрабілі паход на Крым. Адным з першых ідэю арганізацыі казацкага войска і выкарыстанне яго ў дзяржаўных інтарэсах для аховы дняпроўскіх перапраў ад татараў выказаў вялікі князь Жыгімонт Стары, аднак гэты праект застаўся нерэалізаваны. 3 пачатку XVI ст. магнаты паўднёвых паветаў ВКЛ сталі прыцягваць казацкія атрады для абароны сваіх уладанняў ад знешніх ворагаў і мясцовых праціўнікаў. Вялізную ролю ў арганізацыі казацкага войска адыграў А. І. Дашковіч, які ў 1520-я г. на чале буйнога атрада казакоў ладзіў паходы на Маскоўскую дзяржаву, Крымскае ханства і асманскія ўладанні ў Прычарнамор'і. У сярэдзіне XVI ст. адным з найбольш значных правадыроў шматлікіх казацкіх атрадаў быў чаркаскі і канеўскі стараста князь Дз. І.Вішнявецкі (Байда). У 1556 г. ён пабудаваў крэпасць на адным з астравоў у ніжнім цячэнні Дняпра (традыцыйна лічыцца, што на Хорціцы). Гэта стала пачаткам афармлення першага казацкага прадзяржаўнага ўтварэння — Запарожскай сечы. У 2-й палове XVI ст. паступова аформілася сістэма кіравання сеччу, цалкам заснаваная на выбарнай аснове. Кожны курэнь выбіраў сабе кураннога атамана, агульным сходам казакоў выбіралася казацкая старшына: кашавы атаман, есаул і інш. Рашэнні прымаліся на агульным сходзе казакоў («чорная рада») не большасцю, а агульнай згодай. З пашырэннем радоў казацтва і прыняццем на дзяржаўную службу часткі казакоў у 1572 г. (рэестравыя казакі) пачалі афармляцца гетманская ўлада і рада палкоўнікаў. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 і перадачы ўкраінскіх паветаў у склад Польскага каралеўства казацтва ў ВКЛ фактычна знікла, аднак запарожскае казацтва бесперапынна папаўнялася выхадцамі з беларускіх зямель ВКЛ. Першая спроба актывізацыі казацкага руху на Беларусі звязана са з'яўленнем у канцы 1595 у ВКЛ атрада ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Зімою 1596 ва ўсходнюю Беларусь уварваўся атрад М.Шавулы. З'яўленне ўкраінскіх казакоў спрыяла паказачванню мясцовага беларускага насельніцтва, г.зн. далучэнню да казацкіх атрадаў часткі сялян, мяшчан і праваслаўнай шляхты. Нягледзячы на актыўны ўдзел беларускага насельніцтва ў паўстанні Налівайкі, працэс паказачвання на Беларусі не набыў масавага характару і з выцясненнем атрадаў С.Налівайкі і М.Шавулы быў спынены.

3 разгортваннем на Украіне вясною 1648 г. нацыянал-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Б. М. Хмяльніцкага і антыфеадальнай вайны 1648—1651 гг. на Беларусі назіраецца другая хваля актывізацыі казацкага руху. Са з'яўленнем атрадаў украінскіх казакоў у паўднёва-ўсходніх паветах ВКЛ пачаўся працэс паказачвання беларускага сялянства, мяшчанства і часткі праваслаўнай шляхты, які набываў масавы характар. Разам з далучэннем мясцовых жыхароў да атрадаў украінскіх казакоў пачалі ўтварацца атрады мясцовых паўстанцаў, блізкія па сваёй структуры да казацкіх. Беларускія паўстанцы выбіралі сабе палкоўнікаў (пад імі разумеліся кіраўнікі больш-менш значных атрадаў). Права на зацвярджэнне палкоўнікаў належала Б. М. Хмяльніцкаму. Атрад паказачаных беларускіх сялян колькасцю каля 400 чалавек на чале з Іванам Столярам быў створаны ў Мазыры. Структурна гэты атрад складаўся з некалькіх харугваў, адна з якіх была набрана з мазырскіх мяшчан на чале з нейкім Седляром, астатнія фарміраваліся з жыхароў мазырскага наваколля. На ўзбраенні паказачаных мазыран знаходзілася каля 200 стрэльбаў і некалькі гармат. Буйны атрад з паказачаных сялян і мяшчан колькасцю ад 700 да 1500 чалавек пад кіраўніцтвам Пакусіна ўтварыўся ў Рэчыцы. Асноўнае ўзбраенне рэчыцкіх паказачаных сялян складалі рагаціны і бердышы, агнястрэльнай зброі амаль не было. Ігуменскія мяшчане ўтварылі харугву колькасцю каля 100 чалавек на чале з сотнікам Грыбовічам. Жыхары Турава стварылі 2-тысячны атрад на чале з Пракопам Цэўкай, які называў сябе «тураўскім палкоўнікам». На Століншчыне паказачаныя сяляне і мяшчане Кажан-Гарадка і Давыд-Гарадка стварылі вялікі атрад і «выбіралі палкоўнікаў, сотнікаў на казацкі манер». Контрнаступленне войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Я.Радзівіла ў канцы 1648 — пачатку 1649 гг. прывяло да выцяснення ўкраінскіх казакоў з тэрыторыі Беларусі, да разгрому мясцовых паказачаных паўстанцаў і згортвання казацкага руху ў ВКЛ. Вясной 1650 — зімой 1651 гг. у сувязі са з'яўленнем ва ўсходняй Беларусі ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам Шохава адбыўся чарговы ўздым казацкага руху ў Пасожжы. У цэлым у перыяд казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гг. мясцовыя паказачаныя сяляне не аддзялялі сябе ад украінскіх казакоў і імкнуліся інтэгравацца ў гэтую масу. Перамога шляхецкага войска прывяла да паражэння казацкага руху і на Беларусі.

Дзейную спробу стварыць сапраўды беларускае казацтва зрабіў магілёўскі праваслаўны шляхціц К. В. Паклонскі ў 16541655 гг. у час вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. 3 дазволу цара Алексея Міхайлавіча ён арганізаваў Беларускі полк, прычым не толькі як вайсковае падраздзяленне, але і як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў межах Магілёўскай воласці з цэнтрам у мястэчку Чавусы. У адрозненне ад іншых казацкіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі беларускіх паветаў ВКЛ, полк Паклонскага падпарадкоўваўся не Хмяльніцкаму, а непасрэдна Маскве і ўяўляў сабой аўтаномнае казацкае ўтварэнне колькасцю да 6 тысяч чалавек. Сацыяльнай базай палка былі беларускія праваслаўныя шляхціцы, мяшчане, сялянства. Жорсткія сутыкненні казакоў Беларускага палка з казакамі ўкраінскага наказнога гетмана І. Н. Залатарэнкі, які дзейнічаў ад імя Хмяльніцкага на Беларусі, адсутнасць масавай падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва, магчымая эвалюцыя поглядаў Паклонскага адносна распаўсюджання ўлады Расійскай дзяржавы на землі Беларусі прывялі да пераходу «беларускага палкоўніка» з часткай казакоў свайго палка на бок Рэчы Паспалітай, пасля чаго Беларукі казацкі полк знік.

Частка беларускага насельніцтва далучылася да ўкраінскага казацкага войска Залатарэнкі, якое ў пэўным сэнсе беларусізавалася, але працягвала дзейнічаць на Беларусі ў інтарэсах Хмяльніцкага. У студзені 1656 г. Хмяльніцкі прызначыў «беларускіх палкоўнікам» выхадца з Беларусі І.Нячая, які замяніў Залатарэнку. Пад кантролем Нячая апынулася частка Аршанскага павета, дзе аформілася казацкая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма. Структурна яго полк складаўся з 19 соцень, якія мелі тэрытарыяльны характар; рэзідэнцыяй палкоўніка стала мястэчка Чавусы (адсюль назва Чавускі полк). Восенню 1658 г. Нячай са сваім войскам перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў баявыя дзеянні супраць расійскага войска. Казацкі полк Нячая дзейнічаў ва ўсходняй Беларусі да снежня 1659 г., пакуль «палкоўнік чавускі і быхаўскі» не трапіў у палон.

Адначасова з Нячаем у цэнтральнай Беларусі дзейнічала казацка-сялянскае войска на чале з наказным беларускім палкоўнікам Д.Мурашкам. 3 восені 1656 рэзідэнцыяй Мурашкі было мястэчка Ігумен, летам 1657 яна была перанесена ў в. Камень. Афіцыйна з'яўляючыся саюзнікам Расійскай дзяржавы, казакі Мурашкі нападалі на беларускую шляхту, якая прысягнула на вернасць расійскаму цару. У 16561658 войска Мурашкі дзейнічала ў Менскім і Ашмянскім паветах, кантралюючы значную тэрыторыю. У верасні 1658 г. Мурашка са сваім войскам адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і працягваў баявыя дзеянні да заканчэння вайны.

Разам з такімі буйнымі казацкімі ўтварэннямі, як палкі Паклонскага, Нячая і Мурашкі, у час вайны 1654—1667 гг. дзейнічала шмат дробных сялянскіх партызанскіх атрадаў, падобных па сваёй структуры да казацкіх. Заканчэнне вайны і ўмацаванне пазіцый дзяржаўнай улады спрыяла заняпаду казацкага руху на Беларусі. Часовыя лакальныя ажыўленні яго назіраюцца ў апошнія дзесяцігоддзі XVII ст., у асноўным пад уплывам падзей на Украіне. У 1684 г. паказачыліся і перайшлі пад кантроль Старадубскага казацкага палка вёскі, якія знаходзіліся на левабярэжжы Сажа ад Рослава да Гомеля. У XVIII ст. казацкі рух на Беларусі фактычна знік.

Як добрых ваяўнікоў казакоў ахвотна наймалі на службу князі і магнаты, для службы ў сваіх гарадах і замках. У час цяжкай абарончай вайны з Маскоўскім царствам вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст афіцыйна прыняў пэўную колькасць запарожскіх казакоў на дзяржаўную службу. Так з'явіліся рэестравыя казакі, званыя ў дакументах Запарожскім, або Нізавым, войскам.

Казакамі называлі таксама від лёгкай кавалерыі ў войску ВКЛ, блізкі да пяцігорцаў, які прыйшоў на змену гусарам пасля трансфармацыі апошніх у цяжка ўзброеную конніцу. Узнікненне казацкай кавалерыі адносіцца да XVI ст., а найбольшага росквіту яна дасягнула ў час войнаў 2-й паловы XVII ст. У XVI ст. казацкі рыштунак складаўся з панцыра, шышака, шаблі, сагайдака і рагаціны або сякеры. У XVII ст. засцерагальны рыштунак казацкай кавалерыі значна скараціўся або адсутнічаў зусім, замест сагайдака распаўсюджанне атрымалі пісталеты, па-ранейшаму на ўзбраенні засталіся шабля і рагаціна. Асноўнай базай для камплектавання казацкай конніцы была дробная шляхта, якая не мела дастаткова сродкаў, каб узброіцца па-гусарску. Паводле рашэння соймікаў з 1654 г. кожны павет ВКЛ павінен быў выстаўляць па 4 харугвы, адна з якіх мусіла быць узброена па-казацку. Казацкая кавалерыя існавала да XVIII ст., саступіўшы месца створаным у 1770-я г. палкам пярэдняй варты, частка якіх на Беларусі атрымала назву пяцігорскіх.

Маскоўская дзяржава

У Маскоўскай дзяржаве казацтва з'явілася ў ХVІ стагоддзі пасля скасавання Запарожскай Сечы, частка казакоў была пераселена на Кубань і арганізавалася, праўдападобна, паводле ўзору дняпроўскіх ватаг (перш данское, потым волжскае, яіцкае, церацкае, сібірскае).

На Беларусі

У адрозненне ад Украіны і Расійскай дзяржавы на Беларусі не было аб'ектыўных умоў для існавання такой этнасацыяльнай групоўкі, як казацтва. Усе спробы стварэння беларускага казацкага войска пацярпелі правал. Побач з добраахвотным паказачваннем адбываўся і прымусовы запіс сялян у казакі, у прыватнасці ў палкі Паклонскага і Нячая, што тлумачыцца жаданнем беларускага насельніцтва не мяняць кардынальна традыцыйны лад жыцця, іншаю ментальнасцю. У ВКЛ у XVII ст. не было такіх аддаленых рэгіёнаў, як Украіна, якія б дрэнна кантраляваліся дзяржавай, а ваенныя функцыі, што выконвалі казакі на Украіне, на беларускіх землях здаўна належалі мясцовай шляхце.

Беларускіх казакоў не было. Існавалі толькі вайсковыя фармаванні казацкага тыпу, якія ўзніклі ва ўзброеных сілах Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ стагоддзі. Гэта былі аддзелы конніцы, узброеныя «па-казацку». Звычайна яны мелі панцыр, прылбіцу, сагайдак (лук з калчанам), шаблю, рагаціну. З ХVІІ стагоддзя, каб не блытаць з украінскімі казакамі, іх часта называлі панцырнымі.

Яшчэ ў 16481649 гадах сярод кіраўніцтва казацкай старшыны Запарожскага войска паўстала ідэя інкарпарацыі ўсходняй часткі Беларусі ў склад казацкай дзяржавы. З гэтаю мэтай Багдан Хмяльніцкі засылаў сюды казацкія загоны, каб падбухторваць сялянаў, рабаваць гарады, паступова далучаючы беларускія паветы. Пасля 1654 года, калі на Пераяслаўскай радзе Украіна была задзіночаная з Маскоўскім царствам, гэтая палітыка стала па сутнасці прамаскоўскай.

Сучаснасць

На сённяшні дзень казацтва існуе як у выглядзе вайсковых, так і грамадскіх арганізацый. На Беларусі, напрыклад, існуюць арганізацыі Усебеларускае аб'яднанае казацтва і Беларускае казацтва.

Літаратура

  • Горобець В. М., «Білорусь козацька: Полковник Іван Нечай та українське змагання за Південно-Східну Білорусь (1655—1659)», м. Київ, 1998 р.;
  • Похилевич, Д. Л. Белорусское казачество // Наук. зап. Львівского державного ун-ту ім. Івана Франка: Сер. істор. — 1957. — Tом 43 (XLIII). — С.
  • Сагановіч, Г. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.
  • Сагановіч, Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с.: іл.
  • Чаропка, С. Казакі / Станіслаў Чаропка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 9 — 11.

Спасылкі

20 ліпеня

20 ліпеня — дзвесце першы (дзвесце другі ў высакосны год) дзень года па Грыгарыянскім календары.

Аляксандр Ільіч Дутаў

Алякса́ндр Ільі́ч Ду́таў (руск.: Александр Ильич Дутов; 5 (17) жніўня 1879 года, горад Казалінск Сырдар'інскай вобласці, Расійская імперыя — 7 лютага 1921 года, горад Суйдун, Кітайская рэспубліка) — рускі ваенны, герой Белага руху, атаман Арэнбургскага казацтва, генерал-лейтэнант (1919).

Багдан Міхайлавіч Хмяльніцкі

Багдан Хмяльніцкі (27 снежня 1595 — 27 ліпеня (6 жніўня) 1657) — украінскі гетман, дзяржаўны дзеяч і дыпламат.

Беларускае казацтва

Беларускае казацтва — грамадская арганізацыя ў Беларусі. Зарэгістравана 9 кастрычніка 1995 года. Мэта арганізацыі — адраджэнне сацыяльна-культурнага пласта казацтва ў Рэспубліцы Беларусь на аснове хрысціянства, патрыятызму, служэнні Айчыне, адданасці беларускаму народу, яго Прэзідэнту і законнаму ўраду.

Колькосць удзельнікаў — каля 1,5 тысячы чалавек. Шырока супрацоўнічае з Беларускай праваслаўнай царквой.

Вярхоўны атаман — Мікалай Дзмітрыевіч Улаховіч.

Беларуская патрыятычная партыя

Беларуская патрыятычная партыя — палітычная партыя Беларусі. Створаная ў 1996 г. з ліку актыўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Лідарам партыі з'яўляецца Мікалай Улаховіч. Лідар партыі адначасова з'яўляецца старшынёй грамадскага аб'яднання «Беларускае казацтва». Кіруючы орган — Савет.

Бітва пад Хацінам (1621)

Бітва пад Хацінам (2 верасня — 9 кастрычніка 1621), бітва паміж войскам Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва (кам., адпаведна, Ян Хадкевіч (потым Станіслаў Любамірскі) і Пётр Сагайдачны; каля 58 тыс.ч.) і Атаманскай імперыі (кам. султан Асман II; каля 200 тыс.ч.) каля мястэчка Хацін у час вайны Рэчы Паспалітай і Турцыі.

Войска Рэчы Паспалітай, колькасна значна слабейшае, трымала абарону ва ўмацаваным табары і вымусіла туркаў падпісаць перамір'е і спыніць вайну. Адна з вядомых бітваў, дзе значны ўдзел узяла гусарыя.

Вобласць Войска Данскога

Вобласць Войска Данскога — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Расійскай імперыі, якая была населеная данскімі казакамі і кіравалася па адмысловыму парадку.

З 1786 года афіцыйна звалася зямлёй Войска Данскога, у 1870—1920 — Вобласцю Войска Данскога. Цэнтр — Чаркаск, з 1806 — Новачаркаск. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі данскія казакі пад кіраўніцтвам Пятра Краснова прынялі ўдзел у паходзе на Петраград. Пасля спынення паходу Усевялікае Войска Данское абвясціла аб сваёй аўтаноміі надалей да аднаўлення легітымнай расійскай улады. Вярхоўная ўлада перадавалася выбарнаму атаману, заканадаўча-дарадчыя функцыі заставаліся за Кругам. Сцягам Усевялікага Войска Данскога стаў трыкалор з гарызантальнымі палоскамі: сіняй, жоўтай і чырвонай, якія сімвалізавалі адзінства трох народаў Дона: казакоў, калмыкаў і рускіх. Затым увайшлі ў Поўдзень Расіі.

У 1920 годзе скасавана, вялікая частка тэрыторыі ўвайшла ў Данскую вобласць, затым у 1924 — у Паўночна-Каўказскі край.

Данскія казакі

Данскія казакі (Данское казачае войска, Войска Данское) — казацкая супольнасць, якая сфарміравалася на рацэ Дон ў XV — XVII стст. Гістарычная мясцовасць, дзе пражывалі данскія казакі, вядомая таксама як Усевялікае Войска Данское. Частка казакоў, а таксама некаторыя даследчыкі, вылучаюць данскіх казакоў у асобную ўсходнеславянскай народнасць.

Размяшчаліся на асобнай аўтаномнай тэрыторыі, якая звалася Вобласць Войска Данскога, займала малую частку сучасных Луганскай і Данецкай абласцей Украіны і асноўныя часткі Растоўскай, Валгаградскай, Варонежскай абласцей і рэспублікі Калмыкія ў Расійскай Федэрацыі. Гістарычная назва звязана з ракой Дон (вадазбор Азоўскага мора). Сталіца Войска Данскога з 1571 па 1610 год размяшчалася на востраве каля станіцы Раздорская, з 1610 па 1637 — у манастырскім мястэчку (у 6 км ад станіцы Старочеркасской уніз па плыні Дона), падчас Азоўскага сядзення з 1637 па 1642 год — у Азове, з 1644 па 1806 год — у Чаркаску (цяпер станіца Старачаркаская), тут збіралі вайсковы круг, прымалі царскіх паслоў і царскае жалаванне. З 1806 сталіцай Данскога казацтва з'яўляецца горад Новачаркаск.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, толькі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі жыве больш за 140 тысяч чалавек, што запісалі сваю нацыянальнасць, як «казак». Большасць з іх — у Растоўскай і Валгаградскай абласцях.

Дзікае поле

Дзікае поле, Поле - традыцыйная назва прычарнаморскіх стэпаў у XVI-XVII ст. У вузкім сэнсе — гістарычная назва неразмежаваных і слаба заселеных прычарнаморскіх стэпаў паміж сярэднім і ніжнім цячэнням Днястра на захадзе, ніжнім цячэнням Дона і Северскага Данца на ўсходзе, ад левага прытоку Дняпра — Самары і вярхоўяў прытокаў Паўднёвага Буга — Сынюхы і Ингула на поўначы, да Чорнага і Азоўскага мораў і Крыма на поўдні. У шырокім сэнсе - назва ўсяго Вялікага еўразійскага стэпу, які таксама называўся Вялікай Скіфіяй ў часы антычнасці або Вялікай Тартарыяй ў часы сярэднявечча ў еўрапейскіх і ўсходніх (пераважна персідскіх) крыніцах.

Займала тэрыторыю сучаснага Цэнтральнага Чарназем'я і частку сучаснай Украіны (басейны рэк Северскі Данец, Ворскла і інш.), а таксама землі Ніжняга Прыдоння, Сярэдняга і Ніжняга Паволжа. Тэрыторыя Дзікага поля ахоплівала акрамя дзікага стэпу вялікую частку асвоеных зямель, якія ўваходзілі ў склад Курскага, Ялецкага і часткова Разанскага княстваў. Да канца XIV ст. першыя 2 княствы спынілі сваё існаванне, а іх цэнтры, як і іншыя навакольныя гарады, ператварыліся ў гарадзішчы. У XIV — XVI ст. тэрыторыя Дзікага поля ўмоўна падзелена паміж ВКЛ (потым Рэччу Паспалітай) і Расійскай дзяржавай. Але гэты падзел не прызнаваўся нашчадкамі Залатой Арды (Вялікай Ардой, Крымскім ханствам), а Дзікае поле выкарыстоўвалася імі эпізадычна як качэўі (напрыклад, у 1490, 1491, 1501 гг.). Рэальнай улады над тэрыторыяй Дзікаг поля не мелі ні маскоўскі, ні літоўскі бок. Паводле дагавора 1503 вялікая частка Дзікага поля намінальна трапіла ў склад Расійскай дзяржавы. Паступова яго памеры скарачаліся. Калі ў 1-й палове XVI ст. Дзікае поле пачыналася адразу за Тулай, то ў сярэдзіне таго ж стагоддзя яно адсунулася да адноўленых гарадоў Арла, Данкава, Шацка і інш. 3 1571 г. «на Полі» пачала няспынна дзейнічаць агульнадзяржаўная расійская вартавая служба, арганізатарам якой быў баярын М.І.Варатынскі. Неўзабаве полем сталі называць тэрыторыю, на якой стаяла расійская ахова і дзейнічалі раз'езды. Да канца XVI ст. пабудаваны ці адноўлены шэраг гарадоў (Варонеж, Ліўны, Курск, Белгарад, Ялец і інш.), а сама тэрыторыю Дзікага поля стала часткай расійскіх зямель. У нізоўях Дона пачало канцэнтравацца аўтаномнае данское казацтва. Такім чынам, у канцы XVI ст. тэрмін «Поле» страціў першапачатковы сэнс, але працягваў ужывацца для абазначэння пэўнага геаграфічнага рэгіёна.

Запарожская Сеч

Запарожская Сеч, Казацкая рэспубліка — палітычная і вайскова-адміністрацыйная арганізацыя ўкраінскага казацтва, якая ўтварылася ў першай палове 16 ст.

Запарожскія казакі

Запарожскія казакі, запарожцы — частка казацтва на тэрыторыі сучаснай Украіны, якія стварылі ў 1555 годзе, шэраг разрозненых ваенных умацаванняў («гарадкі» ці «сечы» /засекі/) і паселішчаў (хутары, зімоўнікі) за дняпроўскімі парогамі, па-за зонай юрысдыкцыі якіх б там не было дзяржаў (Дзікае поле). Пазней аб'ядналіся ў ваенную арганізацыю Войска Запарожскае, якое атрымала сваю назву па назве рэгіёна пражывання, месцы размяшчэння галоўнага ваеннага ўмацавання, названага «Сеч» і знаходжання штаб-кватэры (цэнтральнага органа кіравання — коша).

Пазней, у сувязі з утварэннем у канцы XVI стагоддзя рэестравага казачай войска, паселішчам часткі запарожскага казацтва на тэрыторыі Кіеўскага, Чарнігаўскага і Брацлаўскага ваяводстваў, а таксама ў сувязі з утварэннем пасля 1625 года ў адпаведнасці з Курукаўскім дагаворам палкавога ладу рэестравага казацкай войска, запарожскімі сталі называць і рэестравых казакоў, якія не пражывалі на тэрыторыі Запарожжа.

У далейшым, пасля паўстання Багдана Хмяльніцкага ў 1648 годзе пад кантроль Войска Запарожскага і ўладу запарожскага гетмана перайшлі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якія займалі землі сучаснай Паўночнай і Цэнтральнай Украіны. На іх утварыліся новыя казацкія палкі, якія камплектаваліся з мясцовага насельніцтва па тэрытарыяльна-міліцыйным прынцыпе. Яны дапоўнілі палкавы лад казачага войска, сфарміраваўшы такім чынам цэнтралізаваную ваенную і адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру Войска Запарожскага, якая атрымала ў гістарыяграфіі таксама назву Гетманшчына. Запарожскімі сталі называць усіх казакоў, якія пражывалі на тэрыторыі Гетманшчыны.

Казак

Казак — прадстаўнік Казацтва, таксама прозвішча і тапонім.

Малая Русь

Малая Русь, Малая Расія, Маларосія (калька са сяр.-грэч. Μικρὰ Ῥωσ(σ)ία, лац.: Russia/Ruthenia minor, фр.: la Petite Russie, ням.: Kleinrussland) — гістарычная назва шэрагу рэгіёнаў на тэрыторыі сучаснай Украіны.

З'явілася ў пачатку XIV стагоддзя як візантыйскае царкоўна-адміністрацыйнае вызначэнне Галіцка-Валынскага княства. З XV—XVI стагоддзях назва часам публіцыстамі ўжывалася адносна ўсіх рускіх земляў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай. З XVII стагоддзя Маларосія — адна з афіцыйных назваў Гетманшчыны.

У далейшым выкарыстоўвалася для абазначэння гістарычнага рэгіёна Расійскай імперыі і Маларасійскай губерні. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі (1917) тэрмін апынуўся фактычна пад забаронай.

Нава Маячка

Нава Маячка (укр.: Нова Маячка) — пасёлак гарадскога тыпу ў Алэшкіўскім раёне Херсонскай вобласці Украіны. Паселішча заснавана ў пачатку ХІХ ст. Першапасяленцамі тут былі рускія стараверы, а таксама выхадцы з запарожскага казацтва.

Павел Паўлавіч Іваноў-Рынаў

Па́вел Па́ўлавіч Івано́ў-Ры́наў (руск.: Павел Павлович Иванов-Ринов; 26 ліпеня 1869 года, Сяміпалацінская вобласць, Расійская імперыя — 1925 ?) — расійскі ваенны дзеяч, дзеяч Белага руху ў Сібіры і на Далёкім Усходзе ў 1918—1922 гадах. Палкоўнік (1913). Генерал-лейтэнант (1919). Атаман Сібірскага казацтва (1918).

Паўстанне Пугачова

Сялянская вайна 1773—1775 гадоў, або Паўстанне Пугачова — паўстанне яіцкіх казакоў супраць улады Кацярыны Вялікай, якое ўзначаліў Емяльян Пугачоў.

На Яіку была вельмі напружаная сітуацыя да паўстання. Яіцкія казакі скардзіліся на прыгнёт царскіх чыноўнікаў і на тое, што жалаванне ім выплачвалася са спазненнем. У 1766 і 1767 гадах казакі сталі бунтаваць, але абодва бунты былі задушаныя арміяй. У 1771 годзе бунт успыхнуў зноў і зноў быў падаўлены. Аднак з таго часу сярод казакоў сталі стварацца таемныя суполкі, якія, як сведчыць твор А. С. Пушкіна «Гісторыя Пугачоўскага бунту», часта збіралі рады і рыхтаваліся да новага паўстання.

У гэты час з'яўляецца Емяльян Пугачоў. Ён ходзіць па казацкіх дварах, наймаючыся работнікам, крытыкуе ўрад і заклікае казакоў бегчы ў Асманскую імперыю. Ён і яго саўдзельнікі былі арыштаваныя і вывезеныя ў Казань. Аднак яны збеглі адтуль у чэрвені 1773 года і сышлі ад пагоні. Далей Пугачоў стаў распаўсюджваць сярод яіцкіх казакоў слых, што ён з'яўляецца зрынутым імператарам Пятром III. 18 верасня на бок Пугачова перайшоў Яіцкі гарадок. Супраць мяцежнікаў быў высланы казацкі атрад. Пугачоў паслаў туды свайго пасла, той распаўсюдзіў патрэбныя чуткі сярод казакоў, і палова з іх перайшла на бок паўстанцаў. Астатнія былі схоплены здраднікамі і павешаны па загадзе Пугачова. Далей мяцежнікі напалі на горад Ілецк, ілецкія казакі здалі горад, у якім паўстанцы знайшлі дзве гарматы. У Расыпной паўтарылася тая ж карціна. Там былі павешаны камендант, афіцэры і святар.

Занепакоеныя ўлады прыслалі роту для ўзмацнення Ніжне-Азёрнай крэпасці, але тая перайшла на бок паўстанцаў. Затым паўстанцы падышлі да крэпасці. Гарнізон супраціўлення не аказаў. Страляць пачаў адзін толькі камендант, за гэта быў забіты. Прыняўшы прысягу жыхароў і гарнізона крэпасці, Пугачоў пайшоў на Тацішчаву крэпасць beru. Мяцежнікі падпалілі драўляныя сцены крэпасці і атакавалі ў час пажару, гэта прынесла ім перамогу. Камендант крэпасці быў пакараны. Яго дачку правадыр мяцежнікаў узяў у наложніцы.

Далей Пугачоў вырашыў авалодаць Арэнбургам. На яго бок перайшлі башкіры-салдаты, якіх арэнбургскі губернатар пасылаў на горад Сакмару, які здаў мяцежнікам без бою. Цяпер армія паўстанцаў налічвала 3000 пяхоты і конніцы. 5 кастрычніка 1773 года Пугачоў пачаў аблогу Арэнбурга. 12 кастрычнiка мяцежнікі адбілі вылазку праціўніка, 20 кастрычніка і 2 лістапада абложаныя адбілі два штурмы горада. Паўстанне ахапіла Арэнбургскую і суседнія губерні, да Пугачова прыйшло мноства мяцежнікаў, пасля штурмаў іх ужо было 25 тысяч. 7—9 лістапада аблогу спрабаваў прарваць генерал-маёр Васіль Кар, але быў разбіты пад Юзеевай паплечнікам Пугачова Хлапушам, які перайшоў на бок мяцежнікаў, калі быў пасланы да Пугачова паслом з Арэнбурга. Аднак у горад прарваліся часці А. І. Корфа. Зімой у Арэнбургу пачаўся голад. Тым часам царскі ўрад даручыў задушыць паўстанне Аляксандру Ільічу Бібікаву.

У канцы лістапада паплечнік Пугачова Чыка аблажыў крэпасць Уфу, Хлапуша ўзяў Ільінскую, атакаваў Вераазернае, але няўдала. Пугачоў паслаў яму падмацаванне, але падышлі ўрадавыя войскі і выбілі мяцежнікаў Хлапушы з Ільінскай. У гэты час Казанскую, Ніжагародскую, Астраханскую губерні ахапілі паўстанні, ад Ілецкага гарадка да Гур'ева бунтавалі казакі, Перм ахапілі хваляванні. 29 снежня паўстанцаў выбілі з Самары. Затым захапілі Заімск. 20 студзеня Пугачоў аблажыў Яіцкі гарадок. Неўзабаве ўрад накіраваў супраць пугачоўцаў значныя сілы, якія нанеслі яму паражэнне ў Тацішчавай, гэта прымусіла мяцежнікаў зняць аблогу Арэнбурга. Паплечнік Пугачова Хлапуша быў схоплены і пакараны ў Арэнбургу. Пасля Пугачоў пацярпеў паражэнне ў Каргалі. Далей царскія войскі вызвалілі башкірскія землі. Новае паражэнне Пугачоў панёс пад Яіцкім гарадком.

Паўстанне Разіна

Сяля́нская вайна́ 1670—1671 гадо́ў у Расіі, ці паўста́нне Ра́зіна — масавы антыўрадавы рух казакоў, прыгонных сялян, пасадскіх людзей, паволжскіх народаў (чувашоў, мары, мардвы, татар) на Доне, у Паволжы і Слабадской Украіне.

Паўстанне было выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва ў Цэнтральнай Расіі і пашырэннем яго на паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія ўскраіны.

Кіраўнікі паўстання: С. Ц. Разін, В. Р. Ус, Ф. Шалудзяк і іншыя.

Тэрмін «Сялянская вайна 1670—71», які замацаваўся ў савецкай гістарычнай літаратуры з 1930-х г., у сучаснай расійскай гістарычнай літаратуры (з пачатку 1990-х г.) найчасцей замяняецца тэрмінам «паўстанне Разіна».

Слабадская Украіна

Слабадска́я Украі́на — гістарычная вобласць на тэрыторыі сучасных Украіны (Харкаўская, часткі Данецкай, Луганскай і Сумскай абласцей) і Расійскай Федэрацыі (часткі Варонежскай, Курскай і Белгародскай абласцей).

Усебеларускае аб’яднанае казацтва

Усебеларускае аб’яднанае казацтва — грамадская арганізацыя ў Беларусі. Заснавана 12 чэрвеня 1997 года. Мэты арганізацыі — развіццё і папулярызацыя казацтва ў Беларусі; адраджэнне і развіццё «лепшых бакоў казачага ўкладу жыцця», казачай і беларускай культуры, здабыч і рамёстваў; выхаванне моладзі, якая падтрымлівае развіццё казацтва, «у духу кахання і адданасці Айчыне»; яднанне славян; удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, ахове грамадскага парадку і навакольныя асяроддзі.

Колькасць удзельнікаў — каля тысячы чалавек.

Вярхоўны атаман — Мікалай Ярковіч.

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.