Дынастыя

Дынастыя (ад грэч.: δῠναστεία — улада, панаванне) — у манархічных дзяржавах некалькі манархаў з аднаго і таго ж роду (сям'і), што змяняюць адзін аднаго на троне па праве спадчыннасці, а таксама члены іх сем'яў.

У пераносным значэнні — чарада людзей, якія паходзяць з аднаго роду, і працягваюць справу сваіх бацькоў, ідуць па іх слядах.

Знакамітыя дынастыі

Дынастыя Багратыдаў

Багратыды, Багратуні — царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045 гадах. Паходзілі з аднайменнага княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да н.э.), уладаннем якога з 4 ст. н.э. стала вобласць Кагавіт. У 8-9 стагоддзях Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 годзе і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфавата і Візантыі (Анійскае цартсва). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II Жалезны, Ашот III Літасцівы, Гагік I. Дынастыя спыніла існавання пасля заваявання краіны Візантыяй у 1045 годзе.

Дынастыя Бернадотаў

Бернадоты — кіруючая дынастыя каралеўства Швецыі, бярэ пачатак ад напалеонаўскага маршала Бернадота.

Інфармацыя з брашуры Шведскага інстытута з серыі «Агульныя даныя пра Швецыю».

Дынастыя Валуа

Валуа́ (фр.: Valois) — дынастыя каралёў Францыі, адгалінаванне дому Капетынгаў. Сваю назву атрымала ад тытула графа дэ Валуа, якую насіў заснавальнік гэтай галіны, Карл Французскі, граф дэ Валуа.

Прадстаўнікі дынастыі Валуа займалі француpскі сталец з 1328 па 1589 год, калі яе змяніла больш малодшае адгалінаванне Капетынскага дому, дынастыя Бурбонаў.

Дынастыя Капетынгаў

Капетынгі (фр.: Capétiens) — дынастыя французскіх каралёў, што паходзіла з дому Раберцінаў, прадстаўнікі якой кіравалі з 987 па 1328 г., а па бакавых лініях да 1848 года. У гісторыі французскай дзяржавы - трэцяя па ліку дынастыя пасля Меравінгаў і Каралінгаў. Першым каралём дынастыі быў парыжскі граф Гуга Капет, якога каралеўскія васалы абралі каралём пасля смерці бяздзетнага Людовіка V. Абата Гуга празвалі Капетам з-за таго, што ён насіў мантыю свецкага святара, якая называлася «Капа». Менавіта Гуга Капет і даў імя самай вялікай каралеўскай дынастыі Францыі, нашчадкі якой кіравалі краінай на працягу многіх стагоддзяў.

Апошнім прадстаўніком прамой галіны Капетынгаў на французскай троне стаў Карл IV. Затым да ўлады прыйшла дынастыя Валуа, якая з'яўляецца малодшай галіной сямейства Капетынгаў. А пасля спынення Ангулемскай лініі дынастыі Валуа, да ўлады прыйшла іншая галіна Капетынгскага дому - Бурбонаў.

Да Капетынгаў таксама належалі Брэтонскі герцагскі дом Дро, дваранскі род Куртэнэ (які даў некалькіх кіраўнікоў Лацінскай імперыі) і большасць каралёў Партугаліі, у тым ліку сённяшнюю Браганскую дынастыю са шматлікімі бакавымі галінамі.

Дынастыя Каралінгаў

Каралі́нгі (лац.: Carolingi, фр.: Carolingiens, ням.: Karolinger, італ.: Carolingi) — каралеўская і імператарская дынастыя ў дзяржаве франкаў, а пасля яе распаду — у Заходне-Франкскім каралеўстве, ва Усходне-Франкскім каралеўстве, у Італіі і ў некаторых дробных дзяржавах.

Назва паходзіць ад лацінізаванага імя Карла Вялікага — лац. Carolus Magnus. Заснавальнікам жа роду лічыцца Арнульф, біскуп Меца.

Каралінгі прыйшлі да ўлады ў 751 годзе, калі бацька Карла Вялікага, Піпін Кароткі (Pépin le Bref), зрынуў апошняга караля з роду Меравінгаў, Хільдэрыка III. Піпін каранаваўся франкскім кіраўніком у 754 годзе ў базіліцы Сен-Дэні недалёка ад Парыжа. Але ў 787 годзе яго спадчыннік Карл Вялікі ўпадабаў горад Ахен (сёння тэрыторыя Германіі).

Пасля распаду Франкскай імперыі Каралінгі кіравалі: у Італіі — да 905 года, ва Усходне-Франкскім каралеўстве (Германіі) — да 911 года (з 919 года зацвердзілася Саксонская дынастыя), у Заходне-Франкскай каралеўстве (Францыі) — з перапынкамі да 987 года (змененыя Капецінгамі).

Дынастыя Плантагенетаў

Плантагенеты (англ.: Plantagenets) — каралеўская дынастыя французскага паходжання, адно з адгалінаванняў дома Гатынэ-Анжу, асноўныя ўладанні якой (графства Анжу) першапачаткова знаходзіліся ў Францыі, але пазней значна пашырыліся. У выніку Плантагенеты аказаліся кіраўнікамі Англіі (1154—1485), Нармандыі (1144—1204, 1346—1360 і 1415—1450), а таксама Гасконіі і Гіеніі (1153—1453). Аднак, у ходзе канфліктаў з французскімі каралямі Плантагенеты былі вымушаныя саступіць само графства Анжу Францыі ў 1206 г.

Імя «Плантагенет» паходзіць ад жаўтазелю (planta genista), кветкі, якая была эмблемай Жафруа V, графа Анжуйскага. Дзякуючы ўдачнаму шлюбу з Матыльдай, дачкой Генрыха I, караля Англіі, Жафруа атрымаў шанец атрымаць у спадчыну англійскую карону. Сын Жафруа і Матыльды Генрых II стаў першым каралём Англіі (1154—1189) і родапачынальнікам дынастыі.

Апошнім каралём у прамой лініі быў Рычард II. Ланкастэры і Ёркі, якія ўладарылі пасля яго, былі прадстаўнікамі бакавых адгалінаванняў дома Плантагенетаў, якія ішлі ад малодшых сыноў караля Эдуарда III.

Дынастыя Пржэмысловічаў

Пржэмысловічы (чэшск.: Přemyslovci) — першая княжацкая і каралеўская дынастыя ў Чэхіі, якая атрымала назву ад імя яе легендарнага заснавальніка Пржамысла, селяніна-аратага з сяла Стадзіцэ, і Лібушы - князёўны-прадказальніцы. Дынастыя існавала ад гістарычна пацверджанага 872 года да 1306. У 1198 годзе князь Пржамысл Отакар I стаў чэшскім каралём і атрымаў права перадаваць гэты тытул па спадчыне.

Найбольш вядомыя прадстаўнікі Пржэмысловічаў: Пржамысл Отакар I (кароль у 1198-1230), Вацлаў I (кіраваў у 1230-1253), Пржамысл Отакар II (кіраваў у 1253-1278), Вацлаў II. Пржэмысловічы былі першай і адзінай па паходжанні чэшскай кіруючай дынастыяй. У далейшым, за выключэннем караля Іржы з Падэбрад, усе каралі на чэшскім троне належалі да нечэшскіх дынастый.

Дынастыя Пястаў

Пя́сты (польск.: Piastowie) — першая польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Легендарным заснавальнікам дынастыі быў селянін Пяст.

Першы гістарычна пэўны князь дынастыі Пястаў — Мешка I (каля 960—992). Яго сын Баляслаў I Храбры незадоўга да смерці прыняў каралеўскі тытул (1025), аднак большасць яго пераемнікаў таксама насіла тытул князя. У канцы XI ст. старажытнапольская дзяржава распалася на некалькі ўдзелаў, якімі валодалі розныя галіны Пястаў. Старэйшая, якая валодала Кракавам, лінія Пястаў спынілася ў 1370 годзе са смерцю караля Казіміра III, пасля чаго прастол перайшоў да прадстаўніка Анжуйскай дынастыі Людовіка I Вялікага. У Мазовіі Пясты кіравалі да 1526 года, у сілезскіх княствах — да 1675 года. Адзін з каралёў Русі, Юрый II Баляслаў, таксама належаў да дынастыі Пястаў.

У XVII—XVIII стагоддзях пры абранні каралёў у Польшчы «пястам» называўся кандыдат на прастол — паляк (хоць фактычна і не заўсёды быў ім, напрыклад, Міхал-Карыбут Вішнявецкі — Гедзімінавіч родам з літоўскай Валыні).

Дынастыя Ягелонаў

Ягелоны (польск.: Jagiellonowie) — валадарская дынастыя Вялікага Княства Літоўскага (1377—1381, 1382—1387, 1440—1572), Польшчы (1386—1572), Венгрыі (1440—1444, 1490—1526) і Чэхіі (1471—1526). Галіна роду Гедзімінавічаў.

Заснавальнік дынастыі — Ягайла (~1350-1434), сын вял. кн. Альгерда і ўнук Гедзіміна, заняў літоўскі сталец у 1377. У 1381 Ягайла быў скінуты са стальца сваім дзядзькам Кейстутам, але ў 1382 вярнуў сабе сталец. У лютым 1386 Ягайла, ахрысціўшыся ў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай Анжуйскай (1370—1399; на стальцы з 1382), дачкой венгерскага і польскага караля Людовіка Анжуйскага (Лаяша I), і заняў польскі сталец пад імем Уладзіслава II Ягайлы (правіў да 1434). У 1387 ён перадаў уладу ў ВКЛ свайму брату Скіргайлу, і да 1440 яе трымалі прадстаўнікі іншых галін роду Гедзімінавічаў.

Пасля смерці Уладзіслава II Ягайлы (1434) польскі сталец пераняў яго сын Уладзіслаў III, у 1440 ён быў абраны і венгерскім каралём пад імем Уласла V (правіў да 1444). Уладзіслаў III быў старэйшым сынам Уладзіслава II Ягайлы ад чацвёртага шлюбу з Соф'яй Гальшанскай, ад папярэдніх шлюбаў у Ягайлы было дзве дачкі, першая — Елізавета-Баніфацыя памёрла амаль адразу пасля нараджэння, другая — Ядвіга Ягелонка памёрла яшчэ пры жыцці бацькі ў 1431 годзе.

У 1440, пасля забойства вял. кн. літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, Ягелоны вярнулі сабе сталец ВКЛ — вял. кн. літоўскім быў абраны малодшы сын Уладзіслава II Ягайлы і брат Уладзіслаў III — Казімір Ягелончык (правіў да 1492). Са згубай Уладзіслава III у бітве з асманамі пры Варне (10.11.1444), ад чаго пазней Уладзіслава III быў празваны Варненчыкам, Ягелоны страцілі венгерскі сталец, аднак захавалі за сабою польскі — у 1447 польскі сталец заняў вял. кн. літоўскі Казімір Ягелончык (Казімір IV), які правіў да 1492.

У 1471 старэйшы сын Казіміра Ягелончыка — Уладзіслаў Ягелончык быў абраны каралём Чэхіі пад імем Уладзіслава II (правіў да 1516), а ў 1490 — каралём Венгрыі пад імем Уласла VI (правіў да 1516). Ягелоны займалі венгерскі і чэшскі стальцы да 29.8.1526, калі адзіны сын і спадчыннік Уладзіслаў Ягелончык (Уласла VI) — Людовік (Лаяш II; правіў у 1516—1526) загінуў у бітве з асманамі пры Махачэ. Правы на венгерскі і чэшскі стальцы перайшлі да Габсбургаў праз шлюб Людовікавай сястры Ганны з эрцгерцагам Фердынандам I Аўстрыйскім, іх нашчадкі правілі ў Венгрыі і Чэхіі да 1918.

Пасля смерці Казіміра Ягелончыка (1492) улада ў Польшчы перайшла да яго трэцяга сына — Яна-Ольбрэхта (правіў у 1492—1501), а ўлада ў ВКЛ да яго чацвёртага сына — Аляксандра Ягелончыка (правіў у 1492—1506), пасля смерці Яна-Ольбрэхта (1501), Аляксандр Ягелончык заняў і польскі сталец (правіў да 1506). Пасля смерці Аляксандра Ягелончыка польскі і літоўскі стальцы заняў пяты сын Казіміра Ягелончыка — Жыгімонт Стары (правіў у 1506—1548), яго сын — Жыгімонт Аўгуст яшчэ пры жыцці бацькі заняў літоўскі сталец (1529), а пасля смерці бацькі і польскі (правіў у 1548—1572). Пры ім паміж ВКЛ і Польшчай была заключана Люблінская унія (1569), якая канчаткова звязала дзве краіны ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. З гэтага часу каралём польскім і вял. кн. літоўскім магла быць толькі адна і тая ж асоба. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста дынастыя Ягелонаў па мячы спынілася.

Уладаркай Польшчы і ВКЛ стала сястра Жыгімонта Аўгуста — Ганна Ягелонка (пам. 1596), наступны кароль і вял.кн. — французскі прынц Анры (Генрык) Валуа (правіў 1573—1574) абіраўся з умовай, што возьме шлюб з Ганнай Ягелонкай, але ў хуткім часе ён кінуў польскі і літоўскі стальцы і вярнуся ва Францыю дзе, пасля смерці караля — яго брата, сталец быў вакантны і стаў наступным французскім каралём. Пасля Генрыка Валуа на стальцы Польшчы і ВКЛ быў абраны трансільванскі ваявода Стэфан Баторый (правіў у 1576—1586), які таксама абіраўся з умовай, што возьме шлюб з Ганнай Ягелонкай, але іх шлюб быў бяздзетны. Пасля Стэфана Баторыя каралём польскім і вял. кн. літоўскім быў абраны Жыгімонт Ваза (правіў у 1587—1632), сын другой сястры Жыгімонта Аўгуста — Кацярыны Ягелонкі і шведскага караля Юхана III, іх нашчадкі валодалі польскім і літоўскім стальцамі да 1668. Гэта ўжо быў час панавання ў Рэчы Паспалітай шведскай дынастыі Вазаў — нашчадкаў Ягелонаў па кудзелі.

Жыгімонт II Аўгуст

Жыгімонт Аўгуст (1 жніўня 1520 — 7 ліпеня 1572, Кнышын) — вялікі князь літоўскі (1544-1572), кароль польскі (1548-1572). Сын Жыгімонта Старога і Боны Сфорца.

Жыгімонт I Стары

Жыгімонт «Стары» (1 студзеня 1467 — 1 красавіка 1548) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1506—1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы.

Казімір IV Ягелончык

Казімір Андрэй Ягайлавіч (Ягелончык, Ягелон) (30 лістапада 1427, Кракаў — 7 чэрвеня 1492, Гродна) — вялікі князь літоўскі (1440-1492), кароль польскі (1447-1492).

Калікст II (Папа Рымскі)

Калікст II (лац.: Calixtus, Callistus PP. II) (свецкае імя: граф Гвіда, або Гі Бургундскі фр.: Gui, Guy de Bourgogne); (каля 1060 — 13 снежня 1124, Латэранскі палац, Рым) — Папа Рымскі з 2 лютага 1119 да 13 снежня 1124.

Сын Гільёма (Вільгельма) I Вялікага, графа Бургундыі, блізкі сваяк Людовіка VI Французскага. Архібіскуп В'енскі (1088), папскі легат у Францыі (1106).

Кацярына II

Кацяры́на II, Кацяры́на Аляксе́еўна (ням.: Sophie Auguste Friederike von Anhalt-Zerbst-Dornburg) — 21 красавіка (2 мая) 1729, Цэрбст, Прусія — 6 (17) лістапада 1796, Зімовы палац, Пецярбург) — імператрыца ўсерасійская (1762—1796). Перыяд яе праўлення часта лічаць «залатым векам» Расійскай імперыі. Сенат Расійскай імперыі паднёс ёй эпітэты Кацярыны Вялікай і Маці Айчыны. Кацярына з'яўляецца лідарам сярод усіх расійскіх імператараў па працягласці жыцця і тэрміну кіравання.

Палітыку Кацярыны II у расійскай гістарыяграфіі называюць палітыкай асветнага абсалютызму, таму што яна жадала ператварыць Расію ў дзяржаву «ўсеагульнага дабра» з мудрымі законамі, адукаванымі грамадзянамі (ідэі Асветніцтва) і пад кіраўніцтвам адного абсалютнага манарха.

У той жа момант, з пункту гледжання беларускай гістарыяграфіі, Кацярына ІІ вядомая як цэнтравая асоба ў фізічным і культурным генацыдзе беларускага народа, адна з заснавальніц шавінісцкай канцэпцыі заходнерусізму.

Марцін V (Папа Рымскі)

Марцін V (лац. Martinus PP. V, свецкае імя: Адонэ Калона, італ. Oddone Colonna; 1368 - 20 лютага 1431) — папа рымскі з 11 лістапада 1417 г. па 20 лютага 1431 года.

Род Бурбонаў

Бурбо́ны (адз. л. Бурбон, фр.: Bourbon, ісп.: Borbón, італ.: Borbone) — еўрапейская дынастыя, малодшая галіна каралеўскага дома Капетынгаў, якія пахадзяць ад Робера (1256-1317, граф Клермон, па жонцы сір дэ Бурбон), малодшага сына Людовіка IX Святога. Уступілі на французскі прастол з спыненнем іншай галіны Капетынгаў - дынастыі Валуа — у 1589 (у асобе Генрыха III).

Дынастыя з'яўляецца, верагодна, не толькі найстаражытнейшым, але і самым шматлікім з еўрапейскіх манаршых дамоў. Яшчэ да абвяшчэння Генрыха Наварскага каралём Францыі ад асноўнага дрэва роду Бурбон аддзяліліся прынцы Кандэ і некалькі іншых галін, з якіх толькі галіна Бурбонаў-Бюсэ працягвае існаваць і сёння.

Род Габсбургаў

Габсбургі — адна з найбольш магутных манархічных дынастый Еўропы на працягу Сярэднявечча і Новага часу. Прадстаўнікі дынастыі вядомыя як кіраўнікі Аўстрыі (з 1282), якая трансфармівалася пазней у шматнацыянальную Аўстрыйскую імперыю (да 1918 г.), якая з’яўлялася адной з вядучых еўрапейскіх дзяржаў, а таксама як імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі, чый прастол Габсбург займалі з 1438 па 1806 г. (з кароткім перапынкам у 1742—1745 гг.)

Род Глюксбургаў

Глюксбургі (ням.: Glücksburg, дацк.: Lyksborg, грэч.: Γκλύξμπουργκ) — дынастыя манархаў у некалькіх еўрапейскіх дзяржавах. Галіна Ольдэнбургскай дынастыі.

Поўная назва - Шлезвіг-Гольштэйн-Зондэрбург-Глюксбург (ням.: Schleswig-Holstein-Sonderburg-Glücksburg, дацк.: Slesvig-Holsten-Sønderborg-Lyksborg).

Род Рурыкавічаў

Рурыкавічы — княскі, вялікакняскі, пазней таксама царскі (у Маскве) і каралеўскі (у Галіцка-Валынскай зямлі) род нашчадкаў Рурыка, які раздрабніўся з цягам часу на мноства галін. Большасць прадстаўнікоў дынастыі з'яўлялася кіраўнікамі Кіеўскай Русі і ўтвораных пасля яе распаду дзяржаў, прадстаўнікі адной з галін (нашчадкі Расціслава Міхайлавіча) былі удзельнымі кіраўнікамі ў венгерскім-харвацкім каралеўстве, адзінкавыя прадстаўнікі Рурыкавічаў кіравалі ў Вялікім княстве Літоўскім (Шварн) і абвяшчалі сваю ўладу ў Балгарскім царстве (Расціслаў Міхайлавіч), былі суправіцелем Грузінскага царства (Юрый Андрэевіч Багалюбскі), Герцагства Аўстрыя і Герцагства Штырыя (Раман Данілавіч), таксама магчыма былі кіраўнікамі Вялікапермскага княства і Мараўскага княства (гл. Алег Мараўскі). Апошнімі кіраўнікамі кіруючай дынастыі Рурыкавічаў на Русі былі цары Фёдар I Іаанавіч і Васіль Шуйскі.

Рымская імперыя

Рымская імперыя (лац.: Imperium Romanum, стар.-грэч.: Βασιλεία Ῥωμαίων) — пострэспубліканская фаза ў развіцці старажытнай рымскай дзяржаўнасці, характэрнай рысай якой былі аўтакратычная форма праўлення і вялікія тэрытарыяльныя ўладанні ў Еўропе і Міжземнамор'і. Адзіная дзяржава ў гісторыі, якой належала ўсё ўзбярэжжа Міжземнага мора. Храналагічныя рамкі існавання Рымскай імперыі ахопліваюць перыяд часу пачынаючы з праўлення першага імператара Актавіяна Аўгуста, да падзелу імперыі на Заходнюю і Усходнюю і наступнага падзення Заходняй Рымскай імперыі, гэта значыць з 27 года да н. э. па 476 год. Усходняя частка Рымскай імперыі з цэнтрам у Канстанцінопалі існавала яшчэ каля 1000 гадоў.

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.