Вільнюс

Ві́льнюс (літ.: Vilnius, польск.: Wilno, традыцыйная беларуская назва — Ві́льня) — сталіца і самы вялікі горад Літвы.

Горад
Вільнюс
літ.: Vilnius
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Vilnius montage
Краіна
Павет
Каардынаты
54°41′ пн. ш. 25°17′ у. д.
Унутраны падзел
21 сянюнія
Кіраўнік
Заснаваны
Першае згадванне
Ранейшыя назвы
Вільня
Плошча
  • 401 км²
Вышыня цэнтра
112 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
(+370) 5
Паштовыя індэксы
01001
Афіцыйны сайт
vilnius.lt(літ.) (руск.) (англ.) (польск.) 
Вільнюс на карце Літвы
Вільнюс (Літва)
Вільнюс

Назва

Сваю назву горад атрымаў ад ракі Вільня. Назву рэчкі звязваюць з літоўскімі vilnis «хваля», vieloti «звівацца», vėlė «душа памерлага», Velinas «валадар царства памерлых (пазней — чорт)», з назвай ракі Вілія[3].

Упершыню горад пад назвай Вільня ўзгадваецца ў грамаце ад 25.1.1323 да ганзейскіх гарадоў Любека, Магдэбурга і Кёльна, дзе гаворыцца, што горад існаваў з даўніх часоў. У літоўскіх помніках пісьменнасці 1600, 1653 гг. і пазнейшых гадоў сустракаецца варыянт Vilnius.

Геаграфія

Вільнюс размешчаны ў паўднёва-ўсходняй Літве, пры зліцці рэк Вільня і Нярыс. Горад займае тэрасы старажытнай даліны ракі Вілія і абмежаваны 2 марэннымі ўзвышшамі.

Горад знаходзіцца ў 312 кіламетрах ад Балтыйскага мора і горада Клайпеды, галоўнага літоўскага марскога порта. Таксама звязаны дарогамі з іншымі галоўнымі гарадамі: Каўнас (102 км), Шаўляй (214 км) і Панявежыс (135 км).

Плошча горада — 402 км². Будынкі займаюць 29,1 % горада, зялёныя насаджэнні займаюць 68,8 %, воды 2,1 %.

Міфалогія

З Вільняй звязаныя два міфалагічныя цыклы. Адзін — пра перадгісторыю Вільні (цыкл Швінтарога), другі — пра заснаванне Вільні (цыкл Гедыміна).

Згодна з летапіснымі сведчаннямі, яшчэ да таго, як Вільня стала горадам, на яе месцы па паганскім звычаі спальвалі князёў і баяраў. Гэты звычай быў заснаваны міфічным князем Швінтарогам, які папрасіў свайго сына Скірманта спаліць цела пасля сваёй смерці. Пасля гэтага целы тагачаснай пляменнай арыстакратыі спальвалі толькі тут, што лічаць сведчаннем працэсаў цэнтралізацыі. На думку Ўл. Тапарова, «Швінтарогам» першапачаткова называлі месца, дзе спальвалі, а потым у працэсе міфалагізацыі назва месца ўвасобілася ў імя князя. Назву «Швінтарог» даследчык тлумачыць ад літоўскага šventas «святы» і ragas «рог, вугал, мыс» і параўноўвае з літоўскімі тапонімамі Šventragis, Šventragiai[4].

Менавіта «на луцэ на Швінтарозе» заснаваў Вільню князь Гедымін. Згодна з летапіснымі сведчаннямі, у часе палявання Гедымін забіў у тамтэйшых лясах тура, там жа заначаваў і ўбачыў сон: на Крывой (Лысай) гары стаіць жалезны воўк, а ў ім раве быццам сто ваўкоў раўло. Гедымін спытаў у свайго варажбіта Ліздзейкі і той растлумачыў, што сэнс сна — у тым, што тут узнікне магутны сталічны горад[5].

Гісторыя

X тыс. да н.э. — XIII ст.

Паводле археалагічных даследаванняў, тэрыторыя сучаснага горада была заселена яшчэ ў палеаліце (10 тыс. да н.э.) і неаліце (4-3 тыс. да н.э.).

На думку літоўскага лінгвіста К. Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у VIVII стст. Яны жылі цераспалосна з балцкім насельніцтвам. Каля падэшвы сучаснай Замкавай гары выяўлены сляды старажытнага паселішча VIX стст., выцягнутага ўздоўж гразкай даліны р. Вільня.

XIII—XV ст.

Першапачаткова горад размяшчаўся на так званай Крывой (Лысай) гары, што дало паселішчу назву Крывы замак, зафіксаваную ў пісьмовых крыніцах XIV ст. Значную колькасць тагачасных жыхароў горада складала ўсходнеславянскае насельніцтва, жылі тут таксама тубыльцы-літоўцы.

Пад аховай Крывога замка на левым беразе р. Вільня і вакол Крывой гары, на якой пазней узнік Верхні замак, пачало разрастацца паселішча. Тут выяўлены культурныя пласты таўшчынёй каля 8 м, ніжні ярус якога датуецца XIII ст.

Паводле пісьмовых крыніц Вільня стала сталіцай Вялікага Княства Літоўскага ў часы праўлення вялікага князя Гедзіміна (1316—1341). У гэты час дасылаліся запрашэнні рамеснікам і купцам з Заходняй Еўропы, каб яны прыязджалі ў Вільню на сталае жыццё. Падчас кіравання вялікага князя Альгерда горад набыў новую планіровачную структуру. На эканамічнае развіццё станоўча паўплывала наданне гораду Магдэбургскага права (1387). Гэта ўзмацніла і пашырыла гандлёвыя сувязі з іншымі гарадамі ВКЛ, а таксама Польшчы і Ганзы.

Моцна цярпела Вільня ад спусташальных набегаў крыжакоў у 1321, 1365, 1375 гг. і інш. гады. У 1377 г. яны спалілі частку горада. У 1377 г. пасля 6-дзённай аблогі крыжакі ўзялі штурмам і спалілі Крывы замак, аднак, нягледзечы на працяглую асаду, Ніжнім замкам каля падножжа гары Гедзіміна не авалодалі. У 1391 г. напад паўтарыўся і прывёў да сутычкі з войскам ВКЛ. Апошні раз крыжакі былі пад сценамі горада ў 1402 г. У 1399 і 1419 гг. горад моцна пацярпеў ад пажараў.

Паводле апісання французскага падарожніка Жыльбера дэ Лануа за 1413 г., горад быў неўмацаваны, выцягнуты вузкай паласой уздоўж р. Вільня, забудаваны драўлянымі дамамі, сярод якіх зрэдку трапляліся мураваныя храмы. На Высокай гары размяшчаўся замак, умацаваны «каменнем, зямлёй і мурам».

З 1413 Вільня — цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 г. у горадзе знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ. Паступова горад набыў статус важнага палітычнага цэнтра Усходняй Еўропы, куды прыязджалі пасольствы з розных краін. У 1492 г. тут заснаваны Віленскі манетны двор і першая аптэка. З канца XV ст. у глыб ВКЛ пачалі рабіць рэйды крымскія татары і войскі маскоўскіх вялікіх князёў, што стварала небяспеку для сталіцы. У сувязі з гэтым магістрат і гарадская абшчына прынялі рашэнне пабудаваць вакол горада абарончую сцяну, будаўніцтва якой скончылася ў 1522 г., даўжыня склала 2,4 км.

XVI—XVII ст.

Vilnius Ostrobramska
Вуліца Вострабрамская

У XVI ст. адбываўся далейшы росквіт горада, расшырэнне яго тэрыторыі. На месцы драўляных дамоў і храмаў, мясцовыя і замежныя дойліды і будаўнікі пачалі ствараць раскошныя рэнесансныя мураваныя палацы. Сярод якіх вылучаліся палацавыя комплексы Радзівілаў, Кішкаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Астрожскіх і інш. магнатаў вялікага княства. На актывізацыю мураванага будаўніцтва паўплывалі пажары ў 1419, 1513, 1520, 1530 і 1557 гг., у выніку якіх выгарала значная частка горада. Навокал пышных палацаў ляжалі прадмесці пераважна драўлянага горада з хаатычнай забудовай курнымі хатамі. У 1536 г. праз р. Вілія перакінуты першы мураваны мост, які пазней атрымаў назву Зялёны. У 1511 г. у Вільнюсе было 7 касцёлаў 14 цэркваў. З 1524 г. пачала дзейнічаць паперня, каля 1540 г. арсенал і гарматная ліцейня, з сярэдзіны XVI ст. — вадаправод у драўляных трубах. У 1547 г. Марцін Палецкі заснаваў шкляную гуту. У 1596 г. у Вільні налічвалася 15 праваслаўных цэркваў, 14 каталіцкіх касцёлаў, адзін лютэранскі і два кальвінісцкія зборы, а таксама некалькі сінагог[6].

Моцны пажар у 1610 г. знішчыў у Вільнюсе 4700 дамоў, замкі і 10 храмаў. Аднак пры падтрымцы вялікага князя і польскага караля Уладзіслава Вазы і канцлера Льва Сапегі горад быў адбудаваны. Цэнтр горада забудоўваўся ў асноўным мураванымі будынкамі, узніклі новыя вуліцы і плошчы. да сярэдзіны XVII ст. у горадзе налічвалася каля 840 крам, 37 храмаў розных канфесій, дзейнічалі калегіі езуітаў і ўніятаў, школы евангельскіх рэфарматараў і праваслаўныя, 10 друкарняў.

У перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. у ліпені 1655 г. пасля жорсткага бою на подступах да горада і зацятай абароны з вулічнымі баямі, сталіца ВКЛ была занята расійскімі войскамі. Горад гарэў 17 дзён. У сувязі з заключэннем у кастрычніку 1656 г. Віленскага перамір’я, вайна скончылася, але не надоўга, летам 1658 царскія войскі зноў занялі горад, акупацыя працягнулася да 1661 г. З ліхалецця Вільня выйшаў разбуранай і спаленай, з стратаю паловы насельніцтва. Толькі ў канцы XVII ст. горад пачаў ажываць. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. многія жыхары загінулі ад голаду і эпідэміі чумы.

XVIII — пачатак XX ст.

Vilnius panorama
Панарама Вільні XIX ст.
Vilnius.Sv.Onos baznycia.Saint Ann's church2
Касцёл Св. Ганны

З цягам часу горад паступова адрадзіўся. У 1773 г. пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна заснавана Адукацыйная камісія, якая рэарганізавала сістэму адукацыі на ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Вільня з’яўлялась адным з цэнтраў паўстання 1794 г. 22 — 23 красавіка 1794 г. паўстанцы адваявалі горад у рускіх і ўтрымлівалі яго да 11 жніўня (Гл.далей: Віленскае паўстанне, 1794).

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) горад увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў цэнтрам спачатку Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. У пачатку XIX ст. Вільня — трэці па велічыні (пасля Санкт-Пецярбурга і Масквы) горад царскай Расіі. Пазбаўлены статуса сталіцы горад. аднак, да пач. 20 ст. аставаўся культурным і ў значнай ступені палітычна-адміністрацыйным цэнтрам, горад захоўваў некаторыя прывілеі магдэбургскага права.

Напярэдадні вайны 1812 г. у Вільнюсе было каля 36 тыс. жыхароў, больш за 700 мураваных і столькі ж драўляных дамоў, 25 цэркваў і 23 манастыры. У выніку Віленскай аперацыі горад 16 чэрвеня акупіраваны французскімі войскамі. Яшчэ да пачатку вайны ў Пскоў былі перавезены, геаграфічныя карты, архівы, казённыя грошы, планы і інш. дакументы. У дзень прыбыцця Напалеона, кіраўнікі магістрата ўручылі ключы ад гарадской брамы. Няглядзечы на прыязныя адносіны польскай і вялікалітоўскай шляхты да французаў, горад рабаваўся. 1(13).7.1812 Напалеон у Вільнюсе падпісаў дэкрэт аб стварэнні Часовага Урада Вялікага Княства Літоўскага ў складз 7 членаў і сакратара. Галоўным камендантам горада быў прызначаны французскі генерал Жаміні. Па загаду Напалеона ў жніўні 1812 з прадстаўнікоў мясцовай моладзі ўтворана Віленская нацыянальная гвардыя, якая выконвала паліцэйскія функцыі. Гандлёвае жыццё ў горадзе вельмі моцна аслабла. Вынікам рабаванняў з’явіўся голад. Пачаліся захворванні дызентырыяй, сыпным тыфам, цынгой. Восенню 1812 толькі ў ваенных шпіталях горада налічвалася каля 1 тыс. хворых. 28.11.1812 горад заняты рускімі войскамі.

Пасля вайны горад паступова пачаў абуджацца, ствараліся патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў і інш. Падчас паўстання 1830—1831 гг.у горадзе дзейнічаў Віленскі паўстанскі камітэт, арганізоўваліся атрады для барацьбы з царскімі войскамі. Пасля задушэння паўстання быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, пакінуты толькі медыцынскі і тэалагічны факультэты.

У 1835 г. у склад Вільнюса ўваходзіла 10 прадмесцяў: Антокаль, Папоўшчына, Зарэчча, Паплавы, Роса, Востры Канец, Руднішкі, Пагулянка, Лукішкі, Сніпішкі. У горадзе пражывала каля 50 тыс. чал., з іх 6658 шляхцічаў, 272 купцы, 4930 мяшчан, 20 642 яўрэі, былі 1552 дамы, 6 рынкаў. Дзейнічалі 25 касцёлаў, 20 кляштараў і 7 капліц, 2 уніяцкія царквы і 2 кляштары, евангельскія касцёл і капліца, мячэць, 4 сінагогі і 2 царквы.

З сяр. 19 ст. пачала развівацца прамысловасць. У 1860-62 праз горад пракладзена чыгунка Пецярбург-Варшава, у 1874 г. — Лібава-Роменская. У 1864 адкрыта першая фабрыка (газавая), пачаў дзейнічаць чыгуналіцейны завод Цымермана. Найбуйнейшае прадпрыемства таго часу — тытунёвае таварыства Дурунчы і Шмемана — створана ў 1865 г. У пачатку 1880-х гадоў адкрыўся шэраг прадпрыемстваў метала — і дрэваапрацоўкі, гарбарнай, харчовай прамысловасці. У 1894-95 у горадзе дзейнічалі 286 прадпрыемстваў, у 1906—225, у 1914—266. У 1897 створана акцыянернае таварыства піваварнага завода Шопэна, у 1900 пачаў працаваць металаапрацоўчы завод. З пачаткам дзейнасці газавай фабрыкі, цэнтральная частка горада асвятлялася газай; спіртава-шкіпінарныя і алейныя ліхтары былі заменены на іншых вуліцах на газавыя ў 1876 г. У 1879—1882 замест драўляных вадаправодных труб былі пракладзены жалезныя. З 1893 пачала працаваць конка, з 1896 — тэлеграфная станцыі і тэлефонная сетка. У 1905 г. з’явіліся першыя аўтамабілі, у 1908 — трамвай.

На пачатку 20 ст. у горадзе было ўжо некалькі навучальных устаноў, у тым ліку настаўніцкі інстытут, 2 мужчынскія і 1 жаночая гімназія, рэальнае, гарадское, чыгуначнае, класічнае, пяхотна-юнкерскае, камерцыйнае і хіміка-тэхналагічнае вучылішчы, паштова-тэлеграфная школа, Літоўская духоўная і Рымска-каталіцкая епархіяльныя семінарыі, Марыінскія вышэйшыя жаночыя курсы, і інш.

XX ст.

21.4.1919 Вільнюс і Віленскі край былі захоплены польскімі войскамі. 14.7.1920 горад заняты Чырвонай Арміяй. 9.10.1920 польскія войскі пад камандаваннеем генерала Жалігоўскага, зноў захапілі Вільнюс, стварыўшы тым самым Віленскі канфлікт 1920-1939. З кастрычніка 1920 г. горад у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польскай Рэспублікі. У 1926—1937 гадах каля горада размяшчаўся штаб брыгады Корпуса аховы памежжа «Вільна».

У выніку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), горад быў заняты савецкімі войскамі. Было створана Часовае кіраванне Вільнюса і Віленскай вобласці. Пад націскам сталінскага кіраўніцтва Савецкага Саюза ўрад Літвы быў вымушаны падпісаць 10.10.1939 савецка-літоўскі дагавор аб узаемадапамозе. Паводле яго Вільнюс і Віленская вобласць перадаваліся Літве, а ўзамен на літоўскай тэрыторыі былі размешчаны савецкія ваенныя базы. У лістападзе 1939 г. літоўская адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. На першай сесіі Народнага сейма Літвы былі прыняты дэкларацыі ад устанаўленні Савецкай улады і абвяшчэнні Літоўскай ССР. Літва ўвайшла ў склад СССР. Вярхоўны савет Літвы прыняў рашэнее аб пераводзе ў Вільнюс літоўскага ўрада і дзяржаўных устаноў. Адбываўся вялікі прыток літоўскага насельніцтва.

24 чэрвеня 1941 горад акупіраваны нямецкімі вайскамі. Аднавілася дзейнеасці літоўскай дасавецкай адміністрацыі. 13.7.1944 Вільнюс вызвалены Чырвонай арміяй і польскай Арміяй Краёвай. Пры адступлені гітлераўцы знішчылі каля 40 % жылога фонду горада, 30 % буйных прамысловых прадпрыемстваў. За час нямецкай акупацыі загінула прыблізна 70 тыс. жыхароў. Пасля вайны горад паціху пачаў аднаўляцца.

Кан. XX. — пач. XXI ст.

The Presidential Palace in Lithuania
Прэзідэнцкі палац

11 сакавіка 1990, Вышэйшая Рада Літоўскай ССР абвясціла аддзяленне ад Савецкага Саюза і намер аднавіць незалежную Рэспубліку Літву.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў 29 сакавіка 1990 г. заяву «Аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР», у якой было сказана, што ў выпадку выхаду Літвы са складу СССР Беларуская ССР будзе патрабаваць вярнуць ёй беларускія землі — горад Вільню і Віленскую вобласць, Свянцянскі і часткі тэрыторыі яшчэ пяці раёнаў Літвы[7], якія ў 19391940 гг. Літве аддаў І. Сталін у якасці дара за яе ўваходжанне ў склад СССР. Гэта заява, зробленая па падказцы з Крамля, не сустрэла пазітыўных водгукаў з боку грамадска-палітычных колаў Беларусі. Тэрытарыяльныя патрабаванні да Літвы не падтрымаў новы склад Вярхоўнага Савета БССР, які пачаў працаваць у маі 1990 г. Аднак заяву ад 29 сакавіка 1990 г. ускосна ўхваліў прэзідэнт СССР М. Гарбачоў, які на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне 3 чэрвеня 1990 г. заявіў, што тэрыторыя Літвы ўключае пяць раёнаў, якія раней належалі Беларусі[8][9].

У выніку гэтых дэкларацый Вышэйшай Рады Літоўскай ССР, 9 студзеня 1991 г., Савецкі Саюз увёў войска ў Вільнюс. Напружанне дасягнула вышэйшай кропкі 13 студзеня ў нападзе на дзяржаўную радыёстанцыю і Вільнюскую тэлевізійную Вежу, забойства прынамсі чатырнаццаці грамадзянскіх жыхароў і сур’ёзна пашкоджанні яшчэ 700. Савецкі Саюз нарэшце прызнаў літоўскую незалежнасць у жніўні 1991 г.

Вільнюс быў хутка пераўтвораны і набыў выгляд сучаснага еўрапейскага горада. Шматлікія з яго старэйшых будынкаў былі адрамантаваны, а дзелавая і камерцыйная вобласць пачалі развіваецца ў Новым Цэнтры горада.

Вільнюс быў адабраны ў 2009 г. як еўрапейская сталіца Культуры, нараўне з Лінцам, сталіцай Верхняй Аўстрыі.

Клімат

Клімат Вільнюса — вільготны еўрапейскі. Тэмпературны ўлік вядзецца з 1777. Сярэдняя штогадовая тэмпература +6.1 °C (43 °F); у студзені сярэдняя тэмпература −4.9 °C (23 °F), у ліпені +17.0 °C (62.6 °F). Сярэдняя колькасць ападкаў, прыблізна 661 мм.

Лета можа быць гарачым, з тэмпературай вышэй +30 °C, на працягу дня. Зімы звычайна халодныя, з тэмпературамі, якія нярэдка дасягаюць рыскі −25 °C. У гэты час усе рэкі і азёры горада пакрываюцца тоўшчай лёду.

Месяц Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Сярэдні максімум °C −3.5 −1.7 3.3 10.7 18.2 21.1 22.1 21.6 16.4 10.2 3.5 −0.5 10.1
Сярэдні мінімум °C −8.7 −7.6 −3.8 1.6 7.5 10.8 12.3 11.5 7.7 3.4 −0.9 −5.2 3.4
Крыніца: The World Meteorological Organization

Насельніцтва

Горад здаўна вылучаўся шматнацыянальным насельніцтвам, яшчэ з часоў праўлення вялікага князя Альгерда тут пачалі асядаць немцы і яўрэі. Вялікі князь Вітаўт пасяліў тут частку крымскіх татар, пры вялікім князі Жыгімонце Кейстутавічу ў горадзе з’явіліся перасяленцы рамеснікі з Польшчы, Італіі і Венгрыі.

Паводле перапісу ад 14 снежня 1916 г., у Вільнюсе жыло агулам 138.794 жыхароў. Гэты лік складалі наступныя нацыі: палякі 53,67 % (74.466 чал.), яўрэі 41,45 % (57.516 чал.), літоўцы 2,09 % (2.909 чал.), рускія 1,59 % (2.219 чал.), немцы 0,63 % (880 чал.), беларусы 0,44 % (644 чал.) і іншыя ў 0,13 % (193 чал.).

Перапіс ад 9 снежня 1931 паказвае, што палякі складалі 65,9 % поўнага гарадскога насельніцтва (128.600 чал.), яўрэі 28 % (54.600 чал.), рускія 3,8 % (7.400 чал.), беларусы 0,9 % (1.700 чал.), літоўцы 0,8 % (1.579 чал.), немцы 0,3 % (600 чал.), украінцы 0,1 % (200 чал.), іншыя 0,2 % (прыблізна 400 чал.).

Па дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 2001, з 542 287 жыхароў 57,8 % складалі літоўцы, 18,7 % — палякі, 14 % — рускія, 4 % — беларусы, 0,5 % — яўрэі, астатнія 5 % — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

У 2010 насельніцтва склала 560 200 чалавек.

Эканоміка

Vilnius Modern Skyline At Dusk, Lithuania - Diliff
Сучасны Новы цэнтр Вільнюса

Вільнюс — галоўны эканамічны цэнтр Літвы і адзін з найбольшых фінансавых цэнтраў Балтыйскіх дзяржаў. Нават пры тым, што ў горадзе жыве толькі 15 % насельніцтва Літвы, на Вільнюс прыпадае прыблізна 10 % валавога ўнутранага прадукта ўсёй краіны.

Меркаваны валавы ўнутраны прадукт Вільнюса, на душу насельніцтва, заснаваны на парытэце пакупной здольнасці валют, у 2005 г. з’яўляўся прыблізна 33 100 $, што вышэй сярэдняга ліку Еўрапейскага саюза.

Вільнюс унёс больш за 10 015 мільярдаў літаў у нацыянальны бюджэт 2008 г. Гэта прыкладна 37 % ад усяго бюджэту. Каўнас, другі па велічыні горад, занёс толькі 1.5 мільярда. Праходзіць штогадовы кірмаш Казюкі.

Культура

Як большасць сярэдневяковых гарадоў Вюльнюскае градабудаўніцтва развівалася вакол Ратушы. Галоўная артэрыя горада — вуліца Пілес, звязвае Каралеўскі Палац з Ратушай. Іншыя вуліцы блукаюць праз палацы феадалаў і магнатаў, цэркваў, крамаў і рабочых памяшканняў майстроў. Вузкія, крывыя вуліцы і блізкія ўнутраныя двары развіваліся ў радыяльным размяшчэнні сярэдневяковага Вільнюса. Вільнюскі Стары Горад — гістарычны цэнтр Вільнюса, з’яўляецца адным з найбольшых у Еўропе (3.6 км²). Самыя каштоўныя гістарычныя і культурныя ўчасткі сканцэнтраваныя тут. Будынкаў у старым горадзе налічваецца амаль 1 500 — некаторыя пабудаваныя больш за некалькі стагоддзяў таму, ствараючы сумесь шматлікіх архітэктурных стыляў. Хоць Вільнюс вядомы як горад пабудаваны ў стылі барока, але тут маюцца прыклады готыкі, рэнесанса і інш. Іх камбінацыя — таксама вароты да гістарычнага цэнтра сталіцы. З прычыны яго ўнікальнасці, Стары Горад быў унесены ў Спіс Спадчыны ЮНЕСКА ў 1994.

Вільнюскі комплекс Замкаў, група ахоўных, культурных і рэлігійных будынкаў, якая ўключае Вежу Гедзіміна, Каралеўскі Палац і астаткі некалькіх сярэдневяковых замкаў, з’яўляюцца часткай Нацыянальнага Музея Літвы. Найбольшая калекцыя твораў мастацтва Літвы размешчаная ў літоўскім Мастацкім Музеі. Будынак у якім была падпісана дэкларацыя аб Незалежнасці Літвы, з’яўляецца зараз гістарычным арыенцірам.

Стары Вільнюс адлюстраваны ў літаграфіях «Альбома Віленскага», які выходзіў у сярэдзіне XIXст.

Тэатры

У 1916—1918 гг. дзейнічаў Беларускі дзіцячы тэатр[10].

Спорт

Адукацыя

Горад мае шмат універсітэтаў. Найбольшы і самы стары — Віленскі ўніверсітэт з 23 000 студэнтаў. Наступныя:

Існуюць таксама спецыялізаваныя высокія школы з універсітэцкім статутам:

Транспарт

Сталіца Літвы ляжыць блізка да мяжы ЕС з Беларуссю ў пэўным «мёртвым куце» з боку ад транспартных шляхоў. Праз Вільнюс ідуць транзітныя цягнікі з Расіі праз Беларусь у Калінінград. Іншыя важныя транспартныя шляхі ідуць праз гістарычную сталіцу Літвы — Каўнас. Да яе з Вільнюса ідзе хуткасная магістраль.

Вільня мае міжнародны аэрапорт.

З Вільні аўтастрады вядуць праз Каўнас да Балтыйскага мора да паромаў Клайпеды і ў Панявежыс з выхадам на Via Baltica. Таксама важная аўтастрада ідзе на Мінск.

Грамадскі транспарт

Snipiskes
Сучасны Вільнюс

Вільня не мае ані метрапалітэна, ані трамвайнай сістэмы. У грамадскім транспарце дамінуюць аўтобусы і тралейбусы. Будаўніцтва трамвайных ліній плануецца. Электрацягнікі злучаюць Вільню з прыгарадамі. Віленскі метрапалітэн таксама яшчэ толькі праектуецца і будзе адчынены прыкладна ў 2020 г.

Славутасці

Палацы Вільні

Вільня і беларусы

Puszkin w Wilnie
Дэманстрацыя ў гадавіну смерці К. Каліноўскага, 21.3.2010

3 часоў ВКЛ да I сусветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае развіцце беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у т.л. Віленскі ўніверсітэт, Віленская брацкая друкарня, тут выдаваў кнігі Францыск Скарына. Пасля далучэння ў канцы XVIII ст. беларускіх і літоўскіх зямель да Расійскай імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху. Тут быў арыштаваны і пакараны смерцю Кастусь Каліноўскі.

У пач. XX ст. дзейнічалі Віпенскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». 12 лютага 1910 ў клубе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. У I сусветную вайну, пасля акупацыі германскімі войскамі, у Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб. 3 абвяшчэннем незалежнасці Літвы (люты 1918) дзейнасць беларуcкіх арганізацый каардынавала Віленская беларуская рада, прадстаўнікі якой увайшлі ў Літоўскую Тарыбу. У снежні 1918 ў Вільні знаходзіўся ўрад БНР.

У кастрычніку 1920 войскі польскага генерала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, абвешчана Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. У 1921 па ініцыятыве Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы.

У пач. 1922 сейм зацвердзіў уключэнне Віленшчыны ў склад Польшчы. 3 гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культурным цэнтрам беларусаў. У горадзе ствараліся палітычныя, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы.

У горадзе ствараліся і дзейнічалі беларускія палітычныя партыі, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцей і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Галоўны сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады; выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, М. Танк, П. Сергіевіч, Я. Драздовіч і інш.

Напачатку II сусветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Літвы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніпкая семінарыя, Беларускі музей (закрыты ў 1945), выдавалася газета «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасля вызвалення Літвы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе літоўска-польскага пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу.

У пасляваенны перыяд беларускае палітычнае жыццё амаль поўнасцю было спынена. Практычна ўсе беларускія дзеячы і іх сем’і папалі пажд арышты і дэпартацыю. Аднаўленне дзейнасці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і амаль поўнай змены этнічнай структуры насельніцтва горада.

3 1945 у Літву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.

F.Skaryna school Vilnius
Беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны

Актывізацыя грамадскага жыцця беларусаў пачалася ў часы лібералізацыі ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг беларускіх культурна-асветных арганізацый. У 1988 г. Зоська Верас разам з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве[11]. 3 1989 трансліруюцца беларускія перадачы на радыё і тэлебачанні. З 1993 дзейнічае беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны.

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Гарады-пабрацімы

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1,0 1,1 https://en.delfi.lt/archive/lithuania-makes-its-choice-odd-unions-raise-some-side-line-others.d?id=80648545
  2. VĮ Registrų centras Праверана 24 верасня 2018.
  3. Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980, с. 54-58
  4. Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 16-18, 28-30.
  5. Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 40-44.
  6. Котлярчук, А. Православная церковь в Великом княжестве Литовском // Вестник Белорусского православного экзархата. — 1998. — № 1. — С. 7 — 25.
  7. Заява Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР // Звязда. 1990. 1 крас. С. 1.
  8. Снапковский В. Е. История внешней политики Беларуси. Минск: БГУ, 2013., с. 393
  9. В. Е. Снапковский. Историческая политика в Беларуси в период перестройки и парламентской республики (1985—1994 гг.)
  10. Беларускі дзіцячы тэатр // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
  11. Мы стаім ніжэй за цыганоў

Літаратура

Спасылкі

Аляксандр Ягелончык

Аляксандр Ягелончык (Ягелон), Аляксандр Казіміравіч (5 жніўня 1461, Кракаў — 19 жніўня 1506) — вялікі князь літоўскі (1492-1506), кароль польскі (1501-1506). Сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Пахаваны ў Вільні.

Асва

«Асва» — беларускамоўны гумарыстычна-сатырычны часопіс, які выдаваўся ў Вільні з 25 сакавіка да 25 жніўня 1934 года. Рэдагаваў і выдаваў яго студэнт Універсітэта Стэфана Баторыя П. Радзюк па заданні Цэнтральнага Камітэта нелегальнай ў Польшчы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).

Часопіс працягваў традыцыі закрытых раней польскімі ўладамі часопісаў: «Маланка», «Беларуская газета» і «Літаратурная старонка». Выражаў погляды радыкальна настроенай часткі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, перш за за ўсё сацыяльных нізоў, якая ідэнтыфікавалася з праграмай інтэлігенцыі і моладзі звязанай з КПЗБ. Яго дэклараванай мэтай было «паглыбленне сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці працоўных мас». Закранала праблемы эканамічнага крызісу 1930-х гадоў, збяднення вёскі, каментавала пытанні ўнутранай і замежнай палітыкі. Выказвала пратэст развіццю нацыянальнага сацыялізму ў Германіі і «польскага шавінізму». Крытычна адносілася да аграрнай палітыкі польскага ўраду, перш за ўсё да хутарызацыі і «фетышызацыі» аграрнай культуры як панацэі ад ўсіх праблем вёскі. Уваходзіла ў палеміку з часткай польскай прэсы. Пераважнай формай ў часопісе была сатыра, але прысутнічалі таксама і грамадзянская публіцыстыка, вершы, вершаваныя і празаічныя дэкларацыі, групавыя пісьмы працоўных. З часопісам супрацоўнічала група маладых пісьменнікаў ідэалагічна звязаных з левым рухам рабочых і вясковай беднатой.

Агулам выйшла 6 нумароў. Пасля апошняга нумару часопіс быў забаронены польскімі ўладамі, а яго рэдактар і выдавец асуджаны да 6 гадоў зняволення.

Астрына

Астрына́ — гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Астрынскага пасялковага савета. Размешчана на рацэ Астрынцы, прытоку ракі Котры. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка на лініі Масты—Ліда, на перакрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. Насельніцтва 1 731 чал. (2017).

Ашмяны

Ашмя́ны (афіц. транс.: Ašmiany) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ашмянскага раёна, на р. Ашмянка. За 220 км на паўночны ўсход ад Гродна, 130 км на паўночны захад ад Мінска, 55 км на поўдзень ад Вільнюса, 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны на лініі Маладзечна—Вільнюс, на аўтамабільнай дарозе Маладзечна—Вільнюс (праз Ашмяны праходзіць 9-ы транспартны еўрапейскі калідор). Горад размешчаны ў прыгранічнай зоне Беларусі з Літвой. Насельніцтва 16 835 чал. (2018).

Воранава

Во́ранава (афіц. транс.: Voranava) — гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Воранаўскага раёна. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыгуначнай станцыі на лініі Ліда—Вільнюс, на аўтадарозе Ліда—Вільнюс. Насельніцтва 6 427 чал. (2017).

Гарады Літвы

У Літве вылучаюцца тры тыпы населеных пунктаў: гарады, мястэчкі (miestelis; гарадкі) і вёскі (kaimas)

Статус горада падае Сейм Літоўскай Рэспублікі; населеным пунктам можа быць прысвоены статус курорта. Паводле даных Дэпартамента статыстыкі Літвы налічваецца 103 гарады (дадзеныя на 2009 год).

Дукштас

Дукштас (літ.: Dūkštas, традыцыйная беларуская назва — Дукшты) — горад у Літве, непадалёк ад возера Дукштас (Дукшты). Цэнтр сянюніі Ігналінскага раёна Уцянскага павета. Насельніцтва 932 чал. (2009). Знаходзіцца за 27 км ад Ігналіны; чыгуначная станцыя на лініі Вільнюс — Даўгаўпілс. Аўтамабільныя дарогі на Ігналіну, Вісагінас, Зарасай.

Дукшты — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны.

Жыгімонт Кейстутавіч

Жыгімонт Кейстутавіч (~1365 — 20 сакавіка 1440, Трокі) — вялікі князь літоўскі (1432-1440). Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім (1382—1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам з Вітаўтам заключыў дагавор з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 прысягнуў яму. У 1389 пасланы Вітаўтам у Прусію для перамоў аб сумесным з Ордэнам выступленні супраць Ягайлы. Да 1398 быў заложнікам у вялікага магістра ў Марыенбурзе. Пасля вяртання атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства.

Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410). Пры панаванні Вітаўта не меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата.

Кафедральны сабор Святога Станіслава (Вільнюс)

Кафедральны сабор Святога Станіслава і Святога Уладзіслава ў Вільні — рымска-каталіцкі кафедральны сабор Вільнюскай архідыяцэзіі-мітраполіі, яму прысвоены ганаровы статус «малой базілікі». Размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Вільнюса ля падножжа Замкавай гары. Побач знаходзіцца вежа-званіца. Сабор у цяперашнім выглядзе ўяўляе прыклад архітэктуры класіцызму.

Літва

Літва́, або Летува́ (літ.: Lietuva, літоўскае вымаўленне: [летува́]) — краіна ў паўночнай Еўропе. Самая вялікая па плошчы і колькасці насельніцтва з трох балтыйскіх краін. Мяжуе з Латвіяй на поўначы, Беларуссю на паўднёвым усходзе, Польшчай на поўдні і расійскім эксклавам — Калінінградскай вобласцю на паўднёвым захадзе. На захадзе абмываецца Балтыйскім морам.

Літва адносіцца да краін з невялікай колькасцю насельніцтва, якое пры тым працягвае скарачацца. Тэмпы памяншэння колькасці насельніцтва — адныя з самых высокіх у свеце. Дзяржаўная мова — літоўская, адна з дзвюх жывых балтыйскіх моваў. Буйнейшыя гарады — Вільнюс, Каўнас, Клайпеда, Шаўляй.

У ХІІІ ст. Літва стала ядром Вялікага Княства Літоўскага — магутнай сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржавы. З ХVI ст ВКЛ знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай — польска-літоўскай садружнасці. У канцы ХVIII Літва пасля падзелаў РП трапіла ў склад Расійскай імперыі. У 1918-1940 існавала як суверэнная дзяржава. У 1940 была акупавана Савецкім Саюзам, у 1941-1944 — фашысцкай Германіяй.

Краіна былога СССР, што сёння не ўваходзіць у СНД. Член Еўрапейскага саюза з 1 мая 2004, таксама ўваходзіць у Еўразону і Шэнгенскае пагадненне. З ліпеня 2018 з'яўляецца ўдзельнікам АЭСР. Удзельнік НАТА.

Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Літоўская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, Літоўская ССР — адна з рэспублік Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Створана ў 1940 годзе. Сталіца — Вільнюс.

Маладзечна (станцыя)

Маладзе́чна (трансліт.: Maladziečna, руск.: Молодечно) — станцыя Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Размешчана ў горадзе Маладзечна.

Адна з буйнейшых вузлавых станцый не толькі Мінскага аддзялення, але і ўсёй Беларускай чыгункі. Тут заканчваецца электрыфікаваны ўчастак Мінск — Маладзечна. Ад станцыі адыходзяць чатыры напрамкі: на Полацк, на Ліду, на Вільнюс, на Мінск. Дызель-цягнікамі можна даязджаць да Полацка, Ліды, Гудагая, Круляўшчыны, Вілейкі, Смаргоні і станцыі Ашмяны.

Беларуская чыгунка пачала выконваць чарговы этап работ па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна — Гудагай — беларуска-літоўская мяжа, што дазволіць выконваць рух электрацягнікоў да станцыі Вільнюс.

З 1 чэрвеня 2014 года да станцыі «Маладзечна» пачалі штодзённа рухацца 4-вагоныя цягнікі (вытворчасці Stadler FLIRT) рэгіянальных ліній бізнес-класа № 771/772 и № 773/774 у зносінах «Мінск — Маладзечна — Мінск», кошт праезду ў якіх складае 30 200 Br. Састаў знаходзіцца ў пуці 55 хвілін і рухаецца без прамежкавых станцый.

Паветы Літвы

Паветы Літвы (літ. Lietuvos apskritys) — 10 адміністрацыйных адзінак, на якія падзеленая тэрыторыя Літвы.

Кожным паветам кіруе глава павета (літ.: apskrities viršininkas), якога прызначае ўрад краіны. Яго асноўная задача — гарантаваць выкананне на тэрыторыі павета Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі і законаў.

Паветы ўтвараюць тэрыторыі самакіраванняў (літ.: savivaldybė) 6 гарадоў, 2 курортаў і 43 раёнаў, а таксама 9 новаўтвораных самакіраванняў. Самакіраванні падзяляюцца на староствы (літ.: seniūnija).

Такім чынам, павет складаецца з розных адміністрацыйных адзінак. Напрыклад, Вільнюскі павет ахоплівае самакіраванне горада Вільнюса (тэрыторыя якога складаецца з 21 староства), самакіраванне Вільнюскага раёна, Эляктрэнайскае самакіраванне, самакіраванні Тракайскага, Укмяргскага, Шальчынінкайскага, Швянчонскага і Шырвінтаскага раёнаў. У сваю чаргу, напрыклад, Вільнюскі раён уключае горад Нямянчыне, мястэчкі Бяздоніс, Майшагала, Міцкунай, Шумскас, вёскі і падзелены на 23 староствы.

Самакіраванні буйных гарадоў (Алітус, Вільнюс, Каўнас, Клайпеда, Панявежыс, Шаўляй) ахопліваюць тэрыторыю аднаго горада (у некаторых выпадках з прадмесцямі). Самакіраванні курортаў (Паланга і Нярынга) уключаюць размешчаныя побач з імі населеныя пункты.

Паўночная Еўропа

Паўно́чная Еўро́па, геаграфічны рэгіён Еўропы.

Спіс краін і іх сталіц геаграфічнага рэгіёна Паўночная Еўропа:

Данія — Капенгаген

Ісландыя — Рэйк'явік

Нарвегія — Осла

Фінляндыя — Хельсінкі

Швецыя — Стакгольм

Латвія — Рыга

Літва — Вільнюс

Эстонія — Талін

Вялікабрытанія — Лондан

Ірландыя — Горад ДублінПаўночная Еўропа ўключае ў сябе Скандынаўскі паўвостраў, паўвостраў Ютландыя, раўніны Фенаскандыі і астравы Ісландыя,Востраў Ірландыя ,Востраў Вялікабрытанія і Шпіцберген.

Радунь

Радунь — гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. У 30 км ад г.п. Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны на лініі Вільнюс—Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 2 299 чал. (2017).

Смаргонскі раён

Смаргонскі раён — раён у складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з верасня 1944 г. — Маладзечанскай, а з 20 студзеня 1960 г. — увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. У 1985 годзе горад Смаргонь быў вылучаны ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. У лістападзе 1996 г. адміністрацыйныя адзінкі Смаргонскі раён і горад Смаргонь былі аб’яднаны ў адну — Смаргонскі раён.

Раён размешчаны на паўночным усходзе Гродзенскай вобласці. Плошча 1,5 тыс.км², насельніцтва — 58 200 чалавек. У складзе раёна 324 сельскія населеныя пункты, 7 сельсаветаў.

Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія і аўтадарога Мінск — Вільнюс.

Смаргонь

Смарго́нь (трансліт.: Smarhoń) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Смаргонскага раёна, на р. Оксна (левы прыток р. Вілія) і яе прытоку р. Гервятка. За 260 км на паўночны ўсход ад Гродна; чыгуначая станцыя на лініі Маладзечна — Вільнюс. Вузел аўтадарог на Маладзечна, Вільнюс, Вілейку, Крэва, Свір. Насельніцтва 37 527 чал. (2018).

Сябрына (Вільнюс)

«Сябрына» — клуб у Вільнюсе, яднае аматараў беларускай культуры.

Заснаваны ў 1987 пры Літоўскім Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Аб’ядноўвае больш за 200 чал. розных нацыянальнасцей. Асноўная мэта — зберагчы на літоўскай зямлі беларускія звычаі, беларускую мову, народныя песні, адрадзіць беларускія святы, народныя гульні. Праводзіць сустрэчы з беларускімі вучонымі і дзеячамі культуры, гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, філолагамі, пісьменнікамі. Арганізоўвае вечарыны, прысвечаныя гістарычным і культурным датам Беларусі, сустрэчы-вечарыны на святы, канцэрты, выстаўкі маладых беларускіх мастакоў — т.зв. «беларускі куток» на штогадовым літоўскім свяце-кірмашы «Казюкас». Для дзяцей горада праводзіць навагоднія і іншыя святы на беларускай мове. Па ініцыятыве клуба «Сябрына» на літоўскім радыё арганізавана і вядзецца на беларускай мове перадача «Беларускае слова на хвалях Літвы», у газеце «Lietuva» («Літва») выходзіць старонка клуба — «Пагоня». 3 1990 на літоўскім тэлебачанні заснавана перадача "Запрашае «Сябрына», якая выходзіць у эфір 2 разы на тыдзень. Падтрымлівае цесныя сувязі з Беларускім фондам культуры, згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф. Скарыны. Пры клубе дзейнічае аднайменны хор беларускай народнай песні.

Шальчынінкай

Шальчынінкай (літ.: Šalčininkai, традыцыйная беларуская назва — Сале́чнікі, польск.: Soleczniki) — горад у паўднёва-ўсходняй Літве, на мяжы з Беларуссю, на рацэ Шальча. Знаходзіцца за 45 км ад Вільнюса і з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Шальчынінкайскага раёна Вільнюскага павета.

Насельніцтва налічвае каля 4,7 тыс. чалавек, з якіх 72% — палякі, 13% — літоўцы, 7% — рускія, 4% — беларусы, 4% — іншыя. Праз горад ідзе шаша Вільнюс — Ліда і чыгунка Вільнюс — Ліда. Шальчынінкай адносіцца да этнаграфічнага рэгіёна Дзукія.

Горад
Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі базавага ўзроўню
 
 
Цэнтры паветаў
Цэнтры
самакіраванняў
Астатнія гарады

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.