Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў[1], руска-польская вайна 1654—1667 гг.[2], Патоп — вайна Расіі і Рэчы Паспалітай, пачатая 20 мая 1654 і скончаная Андрусаўскім перамір'ем 1667 года.

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667
Jan Chryzostom Pasek pod Lachowiczami

Ян Хрызастом Пасек пад Ляхавічамі, малюнак Юліуша Косака
Дата чэрвень 1654–студзень 1667
Месца Рэч Паспалітая
Прычына Падтрымка Расіяй паўстанні Хмяльніцкага
Вынік Перамога Расіі, Андрусаўскае перамір'е
Змены Далучэнне да Расіі Левабярэжжа, Кіева і Смаленска
Праціўнікі
Chorągiew królewska króla Zygmunta III Wazy.svg Рэч Паспалітая

Аўтаномная Рэспубліка Крым Крымскае ханства (1654—1666)
Гетманшчына Войска Запарожскае (1660—1663)
Гетманшчына Правабярэжнае Войска Запарожскае (1663—1666)

Flag of Tzar of Muscovia.svg Царства Рускае

Гетманшчына Войска Запарожскае (1654—1657; 1659—1660)
Гетманшчына Левабярэжнае Войска Запарожскае (з 1663)

Камандуючыя
Рэч Паспалітая Ян II Казімір

Рэч Паспалітая Стэфан Чарнецкі
Рэч Паспалітая Станіслаў Патоцкі
Рэч Паспалітая Януш Радзівіл (да 1655)
Рэч Паспалітая Вінцэнт Гасеўскі
Рэч Паспалітая Павел Ян Сапега
Рэч Паспалітая Міхаіл Пац
Аўтаномная Рэспубліка Крым Мехмед IV Герай
Гетманшчына Іван Выгоўскі(1658—1659)
Гетманшчына Юрый Хмяльніцкі (1660—1663)
Гетманшчына Павел Цяцера
Гетманшчына Пётр Дарашэнка (1665—1666)
Гетманшчына Іван Багун

Царства Рускае Аляксей Міхайлавіч

Царства Рускае Аляксей Трубяцкой
Царства Рускае Васіль Шэрамецеў
Царства Рускае Васіль Бутурлін †
Царства Рускае Рыгор Рамаданаўскі
Царства Рускае Іван Хаванскі
Царства Рускае Юрый Барацінскі
Гетманшчына Багдан Хмяльніцкі
Гетманшчына Іван Залатарэнка †
Гетманшчына Іван Выгоўскі (1657—1658)
Гетманшчына Іван Бяспалы †
Гетманшчына Юрый Хмяльніцкі (1657; 1659—1660)
Гетманшчына Якім Самко †
Гетманшчына Іван Брухавецкі

Перадумовы

Палітыка збірання земляў Русі, якую вяла Маскоўская дзяржава, выклікала серыю войнаў спачатку з Вялікім Княствам Літоўскім, а потым з Рэччу Паспалітай. Яны скончыліся спусташэннем Маскоўскай дзяржавы і канчатковым прызнаннем Смаленска, які пераходзіў з рук у рукі, за Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава, нягледзячы на заключэнне Палянаўскага міру 1634 г., не збіралася адмаўляцца ад вяртання старачаных тэрыторый. Нагода надарылася пры выбуху казацкага паўстання ў 1648 г. пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы, якія складаліся пераважна з казакоў, а таксама з украінскіх і беларускіх сялян, атрымалі шэраг перамог над польскім войскам і склалі з Варшавай Збораўскі мірны дагавор, які надаў казакам аўтаномію. Неўзабаве, вайна аднавілася, гэтым разам няўдала для паўстанцаў, якія пацярпелі ў чэрвені 1651 г. цяжкае паражэнне пад Берасцечкам. У 1653 г. Б. Хмяльніцкі, бачачы немагчымасць перамогі паўстання, звярнуўся да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча з просьбай прыняць украінскія тэрыторыі ў яе склад. У кастрычніку 1653 г. Земскі сабор прыняў рашэнне задаволіць просьбу Хмяльніцкага і абвясціў вайну Польшчы. У студзені 1654 г. ў Пераяславе адбылася Рада, якая аднадушна выказалася за ўваходжанне ў склад Маскоўскай дзяржавы. Хмяльніцкі перад рускім пасольствам прынёс прысягу на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу.

Падрыхтоўка да вайны

Падрыхтоўка да вайны вялася яшчэ з пачатку царавання Аляксея Міхайлавіча, з 1646 г., калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. З лютага 1653 г. падрыхтоўкай заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі: паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой, Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасць расійскіх войскаў складала ля 80-100 тыс. чалавек.

Вялікае Княства Літоўскае у адказ магло выставіць толькі 10-12 тыс. войска на чале з Янушам Радзівілам. Вальны сойм у Берасці, скліканы Янам Казімірам 24 сакавіка 1653 г., ухваліў каштарыс на 15 тысяч салдат. Даведаўшыся ад злоўленых маскоўскіх шпегаў, што цар найперш хоча ўдарыць па Смаленску, сойм паслаў рэвізораў для агляду смаленскіх умацаванняў з тым, каб забяспечыць гэтую фартэцыю зброяй, боезапасамі, правіянтам, падправіць муры і валы. Умацоўвалі таксама замкі ў Віцебску і Полацку, павялічвалі іх залогі. Усходнія паветы Княства былі вызваленыя ад абавязку высылаць паспалітае рушэнне да галоўнага абозу, каб маглі самі абараняць сваю тэрыторыю. Шляхецкі соймік Полацкага ваяводства ў жніўні 1653 г. вызначыў нормы мабілізацыі рушэння: з трох службаў па старых разліках трэба было выстаўляць аднаго чалавека з мушкетам ці ручніцай і сякерай, а таксама з запасам пораху, волава і харчу на 4 дні. Але гэтых захадаў было недастаткова для стрымлівання велізарных па колькасці маскоўскіх армій.

Пачатак вайны

Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісанні царскага тытулу. Усе тры царскія арміі павінны былі ўдарыць адначасова. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 мая 1654 г. Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. Добра ведаючы канфесійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў. Царскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у лаяльнасці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў.

29 ліпеня царскія войскі захапілі Полацк. 25 чэрвеня царскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск і пасля моцнага супраціўлення занялі горад 29 верасня. 24 жніўня з-за здрады Канстанціна Паклонскага здаўся Магілёў, 29 жніўня капітулявала Друя, а Дзісна ўзята штурмам і спалена. 12 кастрычніка здалася Дуброўна, пасля чаго з горада выгналі ўсіх людзей, шляхту выправілі да цара пад Смаленск, а сам горад спалілі. 22 лістапада В. П. Шарамецеў з баямі ўзяў Віцебск, пасля чаго зноў разаслаў усіх, хто аказаў супраціў, у розныя гарады Маскоўшчыны. Працягваў аказваць супраціўленне толькі Стары Быхаў, моцная крэпасць.

Толькі тады, 18 чэрвеня, атрымаўшы ад караля на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана, Януш Радзівіл кінуўся дзейнічаць. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеянняў і стаў збіраць пад Оршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека. Але на справе шмат з іх было хворымі і параненымі. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з арміяй Якава Чаркаскага. Пры вялізнай дыспрапорцыі сіл (у Чаркаскага было не менш за 20 тысяч) ён здолеў нанесці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты — ад 3 да 7 тысяч — і нават захапіць 610 палонных, а ў яго загінула ўсяго каля 700 чалавек. Але ўжо 24 жніўня пад мястэчкам Шапялевічы Радзівіл пацярпеў паражэнне ад войска А. М. Трубяцкога. Загінула пад тысячу чалавек — вялікія страты для 6—8-тысячнага корпуса. Сам гетман быў паранены. Разбітае войска рассеялася па лесе. Арміі Вялікага Княства Літоўскага больш не існавала.

Ужо ў верасні 1654 г. Януш Радзівіл абвясціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеянняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысяч жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласці толькі 6 тысяч, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацавання гарадоў. Баявыя дзеянні 1654 года скончыліся толькі глыбокай восенню.

Кампанія 1655 года

Кампанія 1655 года пачалася ў студзені наступам войскаў Радзівіла на расійскія войскі пад Старым Быхавам. 5 лютага Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і дазволіў увайсці ў Магілёў войскам Януша Радзівіла і Вінцэнта Гасеўскага. Але княжацкія войскі змаглі заняць толькі Ніжні замак. Радзівіл не змог вызваліць Верхні замак і ў маі зняў аблогу.

На пачатак года галоўныя царскія сілы былі накіраваны на Беларусь. Мэтай кампаніі стаў захоп астатняй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: Вільні, Старога Быхава, Слуцка, Брэста. Паход пачаўся ў сакавіку. У гэтым месяцы казацкае войска гетмана Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара, здолела ўзяць Бабруйск, Казімір (Каралеўскую Слабаду) і Глуск. У маі з Бранска на Магілёў рушыла армія Трубяцкога. Казакі ж разам з Шарамецевым спрабавалі здабыць старабыхаўскую крэпасць. У той жа час войска княства было фізічна стомленае і дэмаралізаванае. Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысяч, з-за чаго было немагчыма наняць добрае наёмнае войска. Паспалітае рушэнне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. На Менск рухаўся перадавы, вялікі і старажавыя палкі цэнтральнай арміі і 3 ліпеня, царскія войскі захапілі Менск. Шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а на дапамогу Польшчы надзей не было, бо ўжо ў сакавіку на Рэч Паспалітую пачала агрэсію Швецыя. У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардныя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэнне І. Залатарэнкі. 8 жніўня войскі Чаркаскага і Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні і захапілі яе, зрабіўшы ў горадзе бойню, у якой загінула каля 8 тыс. жыхароў — гэта каля паловы горада.

Пасля захопу горада, Януш Радзівіл, падпісаў з Швецыяй Кейданскую унію, па якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швецыі. Але праект уніі не падтрымала большая частка шляхты.

У верасні з Кіева на лодках выйшаў у паход атрад маскоўскіх войск на чале з князем Дзмітрыем Валконскім. Каля вусця ракі Пціч было знішчана сяло Багрымавічы, 15 верасня быў захоплены Тураў, 20 верасня спалены Столін, затым Пінск.

Кампанія 1655—1657 гадоў

Два гады вайны прывялі дзяржаву да краі бездані. У Кароне Польскай пасля цяжкіх паражэнняў ад шведаў — 29 верасня пад Гарадком, 30 верасня пад Новым Дваром і 3 кастрычніка каля Войніча — пасля капітуляцыі Варшавы і Кракава і ўцёкаў караля Яна Казіміра ў Сілезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя.

Віцебскі ваявода Павел Сапега з восені 1655 г. стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфедэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго пачалі сыходзіцца дробныя ваенныя аддзелы, якія агулам склалі каля 6 тысяч. Уся гэтая сіла фактычна бяздзейнічала, бо Павел Сапега вёў перамовы адначасова і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і са шведамі, якія дамагаліся яго пераходу на бок Швецыі. Пры канцы 1655 г. Сапега паспеў-такі напісаць каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на шведскую пратэкцыю, аднак фактычна пасля гэтага захоўваў адданасць каралю.

Тым часам Януш Радзівіл запёрся ў Тыкоціне, на Падляшшы. Тыкоцінскі замак аблажылі войскі Сапегі, які лічыў Радзівіла сваім асабістым сапернікам. Тут, у аблозе, 31 снежня 1655 г., абвешчаны ворагам Айчыны, памёр Януш Радзівіл. Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасцейшчыне, Ян Казімір пасылаў яму загады з патрабаваннем ісці да Сандаміра і ваяваць супраць шведаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Сапега накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Палубінскім. Дзесьці ў сярэдзіне лютага 1656 г. Сапега быў афіцыйна прызначаны вялікім гетманам і атрымаў Віленскае ваяводства, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Пасля гэтага войска Вялікага Княства Літоўскага вяло баявыя дзеянні ў асноўным супраць шведаў. Умяшанне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэнне супярэчнасцей паміж Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй, і расійскі цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў вайну Швецыі.

Яшчэ на пачатку 1656 г. кіруючыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратавання дзяржавы. Планавалася паслабіць пазіцыі шведаў, схіліць на свой бок брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма I, пасварыць з Расіяй казакаў, дамагчыся дапамогі ад крымскага хана Мехмеда IV Гірэя, нейтралізаваць трансільванскага князя Дзьёрдзя II Ракацы і, што было асабліва важна, падпісаць мір з Аляксеем Міхайлавічам. У справе апошняга кароль Ян Казімір заручыўся пасярэдніцтвам імператара Фердынанда III. Аўстрыйскія паслы браліся дапамагчы памірыць дзве адвеку варагуючыя краіны. Тады была падпісаны т. зв. Віленскі дагавор[3], які спыняў баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй.

Кампанія 1658—1660 гадоў

16 верасня 1658 г. быў падпісаны Гадзяцкі дагавор, якое вызначаў ўзаемаадносіны Украіны і Польскай Кароны. 14 лютага 1659 г. расійскія войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіліся казацкія войскі, што перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, і жорстка расправіліся з імі. 1659 год — аблога расійскімі войскамі горада Чачэрска.

Czarniecki WKL 1660
Кампанія аб’яднанага беларуска-літоўскага і польскага войска ў 1660—1661 гадах

Пачынаючы з 1659 года амаль уся Беларусь была ахоплена паўстаннямі «шышоў» (узброеныя атрады сялян і мяшчан) супраць царскіх войскаў. Гэтыя выступленні выкарысталі кіруючыя колы Рэчы Паспалітай для вяртання сваёй улады. Такім чынам 18 чэрвеня 1660 года пад Ляхавічамі быў разбіты шматлікі корпус на чале з ваяводам І. А. Хаванскім. 28 чэрвеня таго ж года аб’яднанае беларуска-літоўскае і польскае войска П. Я. Сапегі і С. Чарнецкага разбіла каля мястэчка Палонка расійскую армію І. А. Хаванскага. Пазней, 3 ліпеня, гэтае ж аб’яднанне вызваліла Менск і тэрыторыю Беларусі да р. Беразіна. 8 кастрычніка 1660 беларуска-літоўскія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленне расійскай арміі і вымусілі адступіць да Смаленска.

Кампанія 1661—1667 гг

Czarniecki WKL 1661
Ваенныя дзеянні ў Вялікім Княстве Літоўскім ўвосень 1661 года

1 лютага 1661 года адбылося паўстанне ў Магілёве. У выніку гараджане знішчылі 3-тысячны гарнізон расійскіх стральцоў, узялі ў палон салдат гарнізона і трох ваявод. Пазней, у красавіку таго ж года, антырасійскія паўстанні ўспыхнулі ў Дзісне, Себежы і Гомелі. 3 лістапада 1661 года пацярпела паражэнне група расійскіх войск на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным пад Вільняй каля вёскі Кушлікі. На тры дні пазней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разбілі каля Глыбокага расійскае войска (больш за 18 тыс. чалавек) на чале з І. А. Хаванскім. 2 снежня войскі ВКЛ вызвалілі Вільню. Пасля гэтага варожыя бакі не мелі ні сіл, ні сродкаў для актыўнага працягу вайны. Але ўжо ў 1664 казацкія і расійскія войскі аблажылі гарады Пінск і Магілёў, у Магілёве быў спалены замак.

1664 Jan Kazimierz
Кампанія 1663—1664 гадоў

Андрусаўскае перамір'е

Пасля даўгіх перамоў 30 студзеня 1667 года было заключана Андрусаўскае перамір’е. Згодна з ім Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Расійскай дзяржавы, а беларускае Падзвінне вярталася Вялікаму княству Літоўскаму. Украіна была падзелена па Дняпры: левабярэжжа адыходзіла да Расіі, правабярэжжа замацоўвалася за Рэччу Паспалітай. Вывезены падчас вайны шматтысячны палон вяртанню не падлягаў.

Акупацыйная палітыка маскоўскіх улад

Палітыка маскоўскіх улад адзначалася значнай жорсткасцю да насельніцтва. Уладу ў вызваленых правінцыях бралі ў свае рукі царскія ваяводы. Імкнучыся знайсці падтрымку мясцовых жыхароў, Аляксей Міхайлавіч пакідаў Магдэбургскае права гарадам, прывілеі і г. д. Асабліва падтрымлівалася праваслаўная царква, ёй раздавалі землі тых, хто аказваў супраціў. Лозунгам маскоўскай палітыкі быў прынцып: «уніі не быць, лацінству не быць, жыдам не быць», што прывяло да закрыцця ўсіх каталіцкіх касцёлаў і навучальных устаноў, уніятаў гвалтоўна пераводзілі ў праваслаўе. Дэ-факта, аднак, і праваслаўныя беларусы, і іхныя суайчыннікі каталіцкага і ўніяцкага веравызнанняў моцна пакутавалі ад дзеянняў царскіх войскаў. Асабліва цяжка было яўрэйскаму насельніцтву. Сярод усіх магчымых ваенных трафеяў палон лічыўся самай каштоўнай здабычай царскіх воінаў. Да катэгорыі ваеннапалонных маскоўскі ўрад адносіў і мірнае насельніцтва, захопленае на непрыяцельскай тэрыторыі. Шмат жыхароў гвалтоўна перасялялі ў Расію. Частымі былі выпадкі зверстваў расійскіх войскаў. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, загад цара Аляксея Міхайлавіча: «вверх по Неману реке по обе стороны и те горада воевать, села и деревни и хлеб и сена и всякие конские кормы жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять»[4].

Вынікі вайны

Мірныя перагаворы пачаліся ў вёсцы Андросава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў. Яны цягнуліся амаль 4 гады. Дэлегацыю Расіі прадстаўляў пасол А. Ардзін-Нашчокін(руск.) бел., Рэчы Паспалітай — жамойцкі староста Ю. Глябовіч. Адбылося 39 сустрэч-пасяджэнняў паміж бакамі.

У выніку 30 студзеня 1667 г. было падпісана Андросаўскае перамір'е тэрмінам на 13.5 года. Расія атрымала Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Левабярэжную Украіну і Кіеў. Землі Беларускага Падзвіння, а гэта Віцебшчына, Полаччына, вярталіся назад у склад Вялікага Княства Літоўскага. Тэрыторыя Княства паменшылася з 370 да 312 тыс.кв.км.

Войны мелі драматычныя вынікі для Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія землі знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі, колькасць насельніцтва скарацілася ў 2 разы, аслабла каралеўская ўлада, значна пашырыліся правы магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніліся ганенні супраць пратэстантаў, арыян, праваслаўных, што прывяло да скасавання рэлігійнай талерантнасці. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу.

Гл. таксама

Зноскі

  1. У частцы беларускай гістарыяграфіі 1990-х—2000-х гг.
  2. У рускай і савецкай гістарыяграфіі.
  3. Віленскі дагавор быў падпісаны паміж Лівонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім 31 жніўня 1559 года падчас Лівонскай вайны
  4. http://library.by/portalus/modules/belarus/readme.php?subaction=showfull&id=1290081186&archive=1290177995&start_from=&ucat=8&

Крыніцы

  • Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — ISBN 5-343-01637-5
  • Малов А. В. Русско-польская война 1654—1667 гг. М.: Цейхгауз, 2006 г. ISBN 5-94038-111-1
  • Bobiatyński K. «Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654—1655».
  • Заборовский Л. В. «Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655—1656 гг.): Документы, исследование».
  • Kossarzecki K. «Kampania roku 1660 na Litwie».
  • Gawęda Marcin «Połonka-Basia 1660».
  • Romański Romuald «Cudnów 1660».
  • Kubala Ludwik «Wojna Moskiewska. 1654—1655». Tом III.
  • Wisner Henryk «Zygmunt III Waza».
  • «Litwa w epoce Wazów».
  • Kroll Piotr «Od ugody Hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660».
1650-я

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667

Руска-шведская вайна, 1656-1658

Пераяслаўская рада вырашыла прыняць падданства рускага цара

Пачатак царкоўных рэформаў патрыярха Нікана

Аблога Барысава

Аблога Барысава адбывалася ад паловы ліпеня да пачатку жніўня 1660 года падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667.

Армія польска-літоўская паміж 10 і 15 ліпеня падышла да Барысава. Гарнізон крэпасці складаўся з 900 маскоўскіх пехацінцаў.

Рэч Паспалітая планавала пачаць наступ на ўсход. Стэфан Чарнецкі і Павел Сапега для забеспячэння сувязі паміж польскім і літоўскім войскам, пастанавілі абавязкова здабыць Барысаў.

У Чарнецкага было 3 тысячы конніцы і тысячу выбранецкай пяхоты, у Сапегі каля 6 тысяч ваяроў. Расійскі гарнізон меў дастатковыя запасы зброі і ежы, адбіў два прыступы. Нападаючыя захапілі і спалілі толькі неўмацаваны пасад і падзамак.

З-за недахопу пяхоты і артылерыі Чарнецкі вымушаны быў абмежавацца блякаваннем крэпасці. Сапега з войска неўзабаве рушыў на ўсход. Адзін з атрадаў, на чале Палубінскага, заняў Оршу, Копысь і Шклоў.

Міхал Пац атрымаў загад ад караля Яна Казіміра, рушыць на дапамогу Чарнецкаму. Аднак той ігнараваў загад і сабранае 8 ліпеня пад Вількамірам войска рушыла на Вільню, якую і абклаў 13 ліпеня.

З-за таго, што Пац не рэагаваў а ні на загады караля, а ні на просьбы Чарнецкага, а таксама з-за малалікасці сіл, трэба было адмаўляцца ад далейшай аблогі Барысава. У першай палове жніўня Чарнецкі адышоў з-пад Барысава ў накірунку да Магілёва. Баявыя дзеянні перамясціліся на ўсходнюю частку Беларусі, пакінуўшы так і неўзяты Барысаў у тыле.

Барысаў вярнуўся пад уладу Рэчы Паспалітай толькі ў 1662 годзе.

Аблога Шклова (1654)

Аблога Шклова (1654) — эпізод вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.

Пасля бітвы пад Шкловам (12.8.1654), войскі А. М. Трубяцкога падышлі да горада толькі 20 жніўня. Трубяцкой спадзяваўся з дапамогай копыскага мешчаніна Г. Паўлава, які ўжо прысягнуў цару, угаварыць шклоўскіх мяшчан здаць горад, але яны адмовіліся.

Аблога пачалася 26 жніўня, першы прыступ адбыўся 27 жніўня, але быў адбіты. Пасля гэтага Трубяцкой загадаў рабіць шанцы і пачаць абстрэл ўмацаванняў і гарадской забудовы. Пасля некалькіх дзён абстрэлу, рускія падрыхтаваліся да новага прыступу.

Абарону горада трымала 11 «сотняў» мяшчан, страты якіх ад першага прыступу і абстрэлу склалі толькі 8 чалавек. Аднак, шклоўскі магістрат пасля дэбатаў вырашыў не чакаць новага прыступу і 31 жніўня здаў горад рускім.

Ужо ў студзені 1655 года, у час ўдалай зімовай кампаніі рэчыпаспалітаўскіх войскаў, шклоўскія мяшчане думалі здаць ім горад, аднак новыя поспехі рускіх не далі гэтаму здзейсніцца. Летам 1655 года ў Шклове нават размяшчалася стаўка цара Аляксея.

Беларускі полк

Беларускі полк — адміністрацыйна-тэрытарыяльная і вайсковая адзінка ў 1654—1659 гг. у складзе Запарожскага войска (Гетманшчыны), якое часта трактуецца як «украінская казацкая дзяржава», хоць паводле Пераяслаўскай рады (1654) Запарожскае войска далучалася да Маскоўскага царства.

Бітва на Басі

Бітва на Басі — бітва, якая адбылася 8 кастрычніка 1660 на р. Бася (прыток Проні) паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.

У канцы верасня 1660 расійскі ваявода князь Юрый Аляксеевіч Далгарукаў размясціў сваё войска лагерам непадалёк ад Чавусаў, каля в. Гаспода на р. Бася ў Аршанскім павеце. На процілеглы бераг падышло прыкладна войска 12-тысячнае Рэчы Паспалітай на чале з вялікім гетманам літоўскім Паўлам Янам Сапегам, Міхалам Казімірам Пацам і Стэфанам Чарнецкім. Некалькі дзён праз Басю ішла артылерыйская перастрэлка, з 4 кастрычніка адбываліся сутычкі.

У ноч на 8 кастрычніка Сапега пераправіў усё войска за Басю і пастроіў яго ў баявы парадак. Яго сілы занялі цэнтральныя пазіцыі, на правым флангу была размешчана дывізія Чарнецкага, на левым — Паца. Апоўдні расійскія войскі выйшлі з лагера, адбыўся ўзаемны артабстрэл, пасля пачалася генеральная бітва. У цэнтры маскоўскае войска адкінула конніцу Сапегі, пабіла шмат пяхоты і, захапіўшы гармату і некалькі сцягоў, адышла да лагера. На абодвух флангах поспех быў на баку войск Рэчы Паспалітай, якія, разбіўшы расійскія атрады, адагналі іх да лагера. Пад вечар усё расійскае войска перайшло пад ахову лагерных умацаванняў. Харугвы Рэчы Паспалітай вярнуліся за Басю.

У цэлым бітва была паспяховай для войска Рэчы Паспалітай, якое здабыло ў ходзе бітвы 7 гармат, 15 сцягоў; расійскае войска страціла 427 чалавек забітымі і 519 трапілі ў палон, у т.л. палкоўнік фон Букавен. Не маючы дастатковых сіл, каб узяць расійскі лагер, войскі Рэчы Паспалітай перагарадзілі шлях, па якім са Смаленска дастаўляўся ў лагер харч. Сутычкі паміж бакамі працягваліся да 25 кастрычніка. На дапамогу асаджаным з боку Полацка падышло войска І. А. Хаванскага, што дало Далгарукаву магчымасць адступіць да Магілёва.

Бітва пад Батогам (1666)

Бітва пад Батогам (1666) — бітва ва ўрочышчы Батог у час казацкіх войнаў 17 ст. Саюзнае войска гетмана Дарашэнкі, што складалася з 20 тыс. казакаў і 40 тыс. татараў перамагло польскае войска рэгіментара Малахоўскага 6 тыс. чал.

Бітва пад Друяй

Бітва пад Друяй — бітва лютага 1661 года, у якой рускае войска на чале з князем Іванам Хаванскім перамагло войска Рэчы Паспалітай пад камандаваннем Лісоўскага. Нягледзячы на тактычную перамогу, Хаванскі пасля бітвы адышоў у Вялікія Лукі ў чаканні падмацавання.

Бітва пад Кушлікамі (1661)

Бітва пад Кушлікамі (4 лістапада 1661), бітва пад Кушлікамі, недалёка ад Полацка, у час вайны 1654—1667. Войска Рэчы Паспалітай (маршалак Казімір Жаромскі і ваявода Стэфан Чарнецкі) перамагло войска Маскоўскага царства (ваявода Іван Андрэевіч Хаванскі).

Бітва пад Шапялевічамі

Бітва пад Шапялевічамі ці бітва пад Барысавам — адна з бітваў Вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667. Адбылася напачатку вайны 24 жніўня 1654 года ля в. Шапялевічы (зараз Круглянскі раён) і завяршылася перамогай рускага войска князя Аляксея Трубяцкога над войскам Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла.

Пасля таго, як войску Януша Радзівіла ўдалося 12 жніўня 1654 ў бітве пад Шкловам нанесці паражэнне арміі князя Чаркаскага, гетман літоўскі з 5-тысячным войскам вырашыў стрымаць наступленне другой расійскай арміі на чале з князем Трубяцкім (каля 15 тыс. салдатаў), якая 20 жніўня пераправілася на правы бераг Дняпра.

Януш Радзівіл рушыў пад Шапялевічы. Тут падчас пераправы яму ўдалося стрымаць перадавыя расійскія атрады, аднак пасля падыходу галоўных сіл расійская пяхота заняла Шапялевічы, а кавалерыя пад яе прыкрыцём пачала абыходзіць польска-літоўскае войска з фланга. Спроба контратакі не ўдалася. 25 жніўня пяхота Радзівіла была разбіта. Абоз і артылерыя адступіўшых былі захоплены. Таксама захоплены сцяг і карэта параненага Я. Радзівіла, якому ледзь удалося выратавацца самому.

У Рэчы Паспалітай больш не засталося буйных сілаў паміж Дняпром і Бярэзінай. Паражэнне пры Шапялевічах абумовіла хуткае падзенне Смаленска (гл. Аблога Смаленска, 1654). Пасля бітвы армія Вялікага княства Літоўскага фактычна перастала існаваць. Але ўжо ў верасні 1654 Януш Радзівіл абвясціў, што войска ВКЛ адроджана і гатовае да наступных ваенных дзеянняў.

Канатопская бітва

Канатопская або Сасноўская бітва (27 чэрвеня — 29 чэрвеня / 7 ліпеня — 9 ліпеня 1659) — бітва паміж аб'яднанымі войскамі гетмана Івана Выгоўскага і Крымскага ханcтва і маскоўскай арміяй каля мястэчка Канатоп (сучасная Сумская вобласць). Адна з найбольш значных бітваў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 і расійска-ўкраінскай вайны 1658—1659.

Канстанцін Паклонскі

Канстанцін Вацлаў Паклонскі (? — пасля 1661/да 1663) — «палкоўнік беларускі», ротмістр літоўскі.

Сын Юрыя (Ежы) з роду праваслаўнай, але ўжо паланізаванай шляхты Пінскага павета. У 1-й палове XVII ст. пэўны час, верагодна, служыў Янушу Радзівілу. На думку К. Качагарава, праз шлюб родзічаў Паклонскі быў у сваяцтве з Іванам Выгоўскім. У 1640-я гады, мабыць і раней, сябра і адзін з лідэраў Магілёўскага праваслаўнага брацтва, «прыяцель» Іосіфа Канановіча-Гарбацкага, каад'ютара праваслаўнай Мсціслаўскай, Аршанскай і Магілёўскай епархіі.

У 1-й палове XVII ст. праваслаўнае брацтва змагалася за вяртанне перададзеных уніятам магілёўскага Спаскага сабора і манастыра пры ім. Урэшце, студзенем 1650 года кароль Ян Казімір выдаў універсал пра вяртанне шэрагу цэркваў і манастыроў праваслаўным Рэчы Паспалітай, у т.л. «царквы святога Спаса, манастыра з прыходамі» ў Магілёве. Таксама 3(13) студзеня 1650 года на сейме ў Варшаве атрымаў прывілей на епіскапства Магілёўскае, Аршанскай і Мсціслаўскае Іосіф Канановіч-Гарбацкі, у прывілеі падкрэсліваліся яго правы на Спаскі сабор, манастыр і ўсе яго маёнткі, адмыслова адзначаўся «перавоз» (паром) на Дняпры пад Спаскім саборам. Афіцыйная перадача сабора адбылася 2(12) мая 1650 года, пасля службы, якую чынілі ўніяты, на сярэдзіну царквы выйшаў Канстанцін Паклонскі і зачытаў каралеўскія прывілей і ўніверсал. Прысутныя возныя ўвязалі праваслаўных ва ўладаннях. На думку К. Качагарава, ганаровая роля Паклонскага сведчыць пра яго актыўны ўдзел у змаганні за сабор і нават лідарства ў магілёўскім брацтве.У 1653 годзе старшыня магілёўскага брацтва — Вацлаў (Канстанцін) Паклонскі, дыякан Спаскага манастыра Антоні Ласіцкі, бурмістар Кузьма Маркевіч, райца Яўсевій Шашкевіч — былі пазваны да каралеўскага суда. На думку К. Качагарава, прычынай позвы было актыўнае процідзеянне ўніяцкаму смаленскаму епіскапу Андрэю Квашніну-Залатому, які ў тым годзе наведаў Магілёў і хацеў забраць сабор ад праваслаўных зноў да ўніятаў — «законных уладальнікаў», як адзначалася ў позве — тады магілёўцы прыходзілі натоўпам і пагражалі забіць Квашніна-Залатога, яму давялося ўцякаць з горада. Для разбору гэтых падзей у Магілёў былі накіраваны каралеўскія камісары — віленскі кусташ Ежы Белазор і віленскі скарбнік Ян Уладзіслаў Невельскі.Пазней, у тым жа 1653 годзе, Паклонскі ўзначальваў братчыкаў у канфлікце з-за «перавозу» цераз Дняпро. Быццам для патрэб каралеўскіх падданых на Дняпры у Магілёве быў пабудаваны яшчэ адзін «перавоз», канкурэнтны перавозу пад Спаскім саборам, які належаў праваслаўным і даваў ім прыбыткі. Праваслаўныя некалькі разоў абмяркоўвалі сітуацыю на сходах у Спаскім саборы. Урэшце, 11(21) ліпеня 1653 года некалькі соцень ўзброеных братчыкаў і мяшчанаў на чале з Паклонскім і дыяканам Ласіцкім напалі на «перавоз», перавознікаў збівалі ледзь не забіўшы, паром пасеклі на кавалкі сякерамі і бердышамі. Не супакоіўшыя на гэтым, узброены натоўп на зваротным шляху пайшоў паўз двара камісараў Белазора і Невельскага, ганьбячы і смеючыся не толькі з іх, але і з каралеўскай улады. За гэта дэкрэтам ад 3(13) кастрычніка 1653 года Паклонскі і іншыя старшыны брацтва другім разам былі пазваны да асесарскага суда да каралеўскага двара. Позва была ўручана ім 10(20) лістапада 1653 года калі братчыкі, мусіць, чарговы раз засядалі ў Спаскім манастыры «у пана Паклонскага».Напэўна, Паклонскі не застаўся ў баку і ад канфлікту каралеўскіх падданых Магілёўскай эканоміі з яе кіраўніком Станіславам Янам Зжадзінскім, якога першыя абвінавачвалі ў злоўжываннях і пазазаконных паборах. Разбор скарг на Зжадзінскага ў сакавіку 1653 года быў даручаны тым жа каралеўскім камісарам — Балазору і Невельскаму, але яны не спяшаліся нават ехаць у Магілёў, чым выклікалі папрокі караля, які асцерагаўся «далейшых бунтаў». Пра папярэднія «бунты» у Магілёўскай эканоміі, праўда, пакуль вядомы толькі цьмяныя згадкі. Урэшце, кароль Ян Казімір замест Зжадзінскага прызначыў новага кіраўніка эканоміі — літоўскага кухмістра Мікалая Пятроўскага, яму ж быў даручаны і разбор скарг падданых на Зжадзінскага, а каралеўскія камісары Белазор і Невельскі ў кастрычніку 1653 года адкліканы з Магілёва. Кароль падазраваў, што падданыя скардзяцца не столькі з-за праблем, колькі навучаныя кімсьці, магчыма, на думку К. Качагарава, гэта намёк на Паклонскага. І праўда, канфлікт паміж новым кіраўніком эканоміі Пятроўскім, з аднаго боку, і Паклонскім з прыхільнікамі — з другога, меў месца.На думку К. Качагарава, ва ўмовах канфрантацыі з уладай Паклонскі пачаў шукаць падтрымкі ўкраінскіх казакаў, а менавіта звярнуўся да Выгоўскага. Ужо на пачатку студзеня 1654 года, на перамовах пра пераход Украіны пад царскую ўладу, генеральны пісар Войска Запарожскага Выгоўскі казаў маскоўскаму прадстаўніку баярыну Бутурліну пра Паклонскага як свайго сваяка («повинной» ад польск. «powinny», на думку К. Качагарава) і «чалавека дабрадзейнай веры» ў Магілёве, які «жадае быць пад высокай рукой вялікага гасудара». За радай Бутурліна Выгоўскі напісаў Паклонскаму, што цар гатовы ўзяць яго пад сваю ўладу. Па ўсім, па думку К. Качагарава, атрымаўшы абяцанне падтрымкі, Паклонскі перайшоў да актыўных дзеянняў, пагатоў, на мяжы мая-чэрвеня 1654 года маскоўскія войскі рушылі на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і пачалася вайна 1654—1667 гадоў. У чэрвені 1654 года Паклонскі падняў мяцеж у Магілёве, але неўзабаве ўцёк на Папову Гару і збіраў там людзей. Папова Гора была тэрыторыяй Старадубскага казацкага палка, т.б. пад уладай казацкага гетмана Б. Хмяльніцкага.Намеры Паклонскага змянілі тон кіраўніка эканоміі Пятроўскага, які пісаў яму, але без адказу. Таксама жніўнем1654 года да Паклонскага пісаў гетман Януш Радзівіл, ён абураўся нечуванасцю здрады «слугі радзівілаўскага», прапаноўваў Паклонскаму гарантыі бяспекі і заступніцтва, каб той вяртаўся да Вялікага княства Літоўскага. Аднак, было запозна, яшчэ ліпенем 1654 года Паклонскі атрымаў аўдыенцыю цара Аляксея Міхайлавіча. Паклонскі прыйшоў пад Смаленск з рэкамендацыйным лістом Б. Хмельніцкага і на чале групы шляхты і мяшчан. Добразычліва прыняты царом, быў абдараваны 100 рублямі і ўзяты на маскоўскую службу ў чыне «палкоўніка беларускага».

Цар паслаў Паклонскага разам з войскам Ваейкава пад Магілёў, ён мусіў схіліць горад да здачы і вербаваць мясцовых людзей на маскоўскую службу. Падчас магілёўскага паходу Паклонскі заняў Чавусы і стварыў уласны моцны атрад. Пачатая агітацыя сярод жыхароў Магілёва, не гледзячы на пачатковыя няўдачы, мела даволі хуткі вынік, горад здаўся на пачатку верасня. Будучы ў Магілёве, Паклонскі энергічна вербаваў людзей, а таксама спрабаваў схіліць да здачы іншыя гарады. У сваёй дзейнасці прыйшоў да вострага канфлікту з камандзірам казацкага корпусу Васілём Залатарэнкам, які спрабаваў паддаць занятыя ўсходнія землі ВКЛ казацкаму ўплыву. Паклонскі стаяў за інтарэсы цара, адбіраў у казакаў захопленыя тэрыторыі і перашкаджаў казацкай вярбоўцы. Цар высока ацаніў службу Паклонскага, у верасні 1654 года ва ўзнагароду ён атрымаў двор у Магілёве, горад Чавусы і сёлы Баждынічы, Забалоцце, Ялавое і Стараселле. У канцы верасня 1654 года Паклонскі хадзіў пад Крычаў, пасля заняцца горада ў лістападзе вярнуўся ў Магілёў. У снежні 1654 года атрымаў ва ўзнагароду ад цара вёскі Пуцкі, Галашова і Святазеры. Імкнуўся каб захопленыя ўсходнія абшары ВКЛ кіраваліся ўласна ім, а не праз маскоўскіх ваявод і пагатоў не казацкай адміністрацыяй.У студзені 1655 года, пасля некалькіх сутычак з вялікалітоўскім войскам, якое спрабавала вярнуць страчаныя тэрыторыі, Паклонскі са сваім палком прыйшоў у Магілёў. Пераканаў гараджан абараняцца супраць наступаючых на горад войскаў Я. Радзівіла, а таксама выгнаць з Магілёва яўрэяў, якіх абвінавачваў у супрацоўніцтве з праціўнікам. Частка яўрэяў была абрабавана і забіта, хтосьці здолеў уцячы з горада, астатнія вымушаны былі прыняць праваслаўе. У гэты час Паклонскі яшчэ атрымаў ва ўзнагароду ад цара сёлы Вілейку, Лазараўку і Заходы. Аблога Магілёва вялікалітоўскім войскам, з-за моцных маразоў і благога забеспячэння, не давала вынікаў. Гетману Янушу Радзівілу ўдалося завязаць кантакт з Паклонскім і вясною 1655 года ён перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, дзякуючы гэтаму ўдалося заняць частку Магілёва, але маскоўскі гарнізон і гараджане працягвалі абарону астатняй часткі. Паклонскі спрабаваў схіліць гараджан да здачы, таксама вёў перамовы пра гэта з камандзірам казакаў В. Залатарэнкам, але безвынікова.На сейме Паклонскі, разам са «шляхтай, якая з ім назад вярнулася» на бок Рэчы Паспалітай, быў вернуты ў грамадзянскія правы. Пасля зняцця вялікалітоўскім войскам аблогі з Магілёва, Паклонскі са сваім атрадам дзейнічаў на ўсходніх землях ВКЛ, аднак няўдала — у чэрвені 1655 года ён быў разбіты пад Барысавым маскоўскім атрадам Баратынскага, у ліпені зноў разбіты рускімі пад Койданавым, урэшце, разгромлены пад Ашмянамі атрадам казакаў Залатарэнкі. Пасля страты Вільні (8 жніўня 1655) разам з вялікім гетманам Я. Радзівілам пайшоў у Кейданы. На пачатку снежня 1655 года, аднак, Паклонскі, як і значная частка вялікалітоўскага войска, пакінуў Я. Радзівіла і пайшоў у Прусію, дзе завербаваўся ў войска брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма.Верагодна, пасля здрады Фрыдрыха Вільгельма інтарэсам Рэчы Паспалітай, Паклонскі пакінуў службу ў яго і ўжо 1656 годзе зноў быў у вялікалітоўскім войску. Восенню 1656 года ўдзельнічаў у арганізаваным гетманам Вінцэнтам Гасеўскім паходзе супраць брандэнбуржцаў і шведаў у Прусію. У няўдалай для вялікалітоўскага войска бітве пад Філіпавым (22 кастрычніка 1656) трапіў у шведскі палон і быў зняволены у мальборкскай турме.Невядома калі Паклонскі быў вызвалены, але яшчэ на пачатку 1658 года ён быў сярод тых каго хацелі абмяняць на палонных шведаў. Пасля выхаду з палону Паклонскі не вярнуўся да вайсковай службы. Марыя Радзівіл, у знак прызнанне яго заслуг на службе яе мужу Янушу Радзівілу, запісала Паклонскаму у сваім тастаменце (1661) Быстрыцкае староства.

Канфедэрацыя Кміціча

Канфедэрацыя Самуэля Кміціча (1660), вайсковая канфедэрацыя (рокаш), утвораная пад кіраўніцтвам Самуэля Кміціча ў Драгічыне ў час вайны 1654—1667. Ахапіла дывізію правага крыла войска Рэчы Паспалітай.

Ляхавіцкі замак

Ляхавіцкі замак — бастыённы замак, які існаваў у канцы XVI — 1-й палове XVIII ст.

Магілёўскае паўстанне (1661)

Магілёўскае паўстанне — паўстанне, адбылося 1 лютага 1661 ў Магілёве у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг.

Паўночная вайна (1655—1660)

Шаблон:Паўночная вайна, 1655—1660

Паўночная вайна 1655—1660 — вайна Швецыі і яе саюзнікаў супраць Рэчы Паспалітай і яе саюзнікаў.

Радамль

Радамль — старажытны горад усходнеславянскага племя радзімічаў, якія жылі па рацэ Сож і яго прытокам. Уваходзіў у склад Старажытнарускай дзяржавы, пазней у складзе Мсціслаўскага княства апынуўся пад уладай літоўскіх князёў. У Радамлі, які быў значным гандлёвым цэнтрам, быў заснаваны замак, што праіснаваў да XVII стагоддзя (разбураны падчас вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў). Цяпер каля старажытнага горада размяшчана вёска Радомля (Чавускі раён Магілёўскай вобласці Беларусі).

Радноцкі дагавор

Радноцкi дагавор 1656, Радноцкі трактат — пакт, заключаны 6 снежня 1656 пад час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—1667 і Паўночнай вайны 1655—1660 у г. Раднот у Тpансiльванii памiж Швецыяй і Тpансiльванiяй (ускосна ўлічваліся інтарэсы іх саюзнікаў па антыкаталіцкай лізе — Бpандэнбуpг-Пpускiм куpфюpствам і запаpоскiм казацтвам Б. Хмяльнiцкага, кальвінісцкай партыі Радзівілаў у ВКЛ), які зафіксаваў умовы меркаванага будучага падзелу Рэчы Паспалітай.

Дагавор меў выразна антыкаталіцкую ідэалагічную накіраванасць і прадугледжваў поўнае знікненне Рэчы Паспалітай з палітычнай карты Еўропы. Паводле дагавора, які быў рэакцыяй на Віленскае перамір'е 1656 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай і Венскі трактат паміж Польшчай і імперыяй Габсбургаў (1 снежня 1656). Меркавалася, што тытул польскага караля разам з Малой Польшачй, большай часткай Мазоўша, Валынню, Галічынай, Падоллем дастанецца трансільванскаму князю Дзьёрдзю II Ракацы. Падзел Падляшша паміж хаўруснікамі выклікаў спрэчкі, але вырашэнне іх адклалі на больш позні час. Астатняя частка Польскага каралеўства (за выключэннем некаторых заходне-польскіх зямель, на якія прэтэндаваў стрыечны брат Б. Радзівіла брандэнбургскі курфюстр Фрыдрых Вільгельм) павінна была адысці да шведскага караля Карла X Густава разам з Курляндыяй.

Паводле дагавора ад ВКЛ да Швецыі адыходзілі Жамойць, Браслаўскі, Упіцкі, Вількамірскі і Ковенскі паветы, Інфлянты, а таксама часткі Полацкага ваяводства і Віцебскага павета (уздоўж Зах. Дзвіны), важныя для гандлю шведскай Рыгі. Трансільванія атрымлівала Беоасцейскае ваяводства. Радноцкі дагавор прадугледжваў стварэнне асобнага незалежнага спадчыннага княства для Радзівіла (у той час знаходзіўся у прускім Караляўцы), куды павінна было ўвайсці разам са спадчынным Слуцкім княствам Радзівілаў усё Новагародскае ваяводства і іншыя ўладанні Радзівілаў (у т.л.л Сялец, Старое Сяло і Венграў). Статус цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй часткі ВКЛ, якія былі заняты войскамі Расійскай дзяржавы і Б.Хмяльніцкага, у пакце не ўзгадняўся.

Прадстаўнік Радзівіла Ян Мажэнскі апратэстоўваў такія ўмовы падзелу, апелюючы да Кейданскай уніі 1655, і патрабаваў, каб у склад меркаванага дзяржаўнага ўтварэння Радзівіла ўвайшлі апрача Новагародчыны таксама Падляшша і Берасцейшчына. Насуперак умовам дагавора шведы сепаратна часткова згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі, хаця і не збіраліся іх выконваць. Рэалізуючы дагавор, 16 мая 1657 шведска-трансільванска-казацкае войска на чале са шведскім каралём Карлам X Густавам, князем Трансільваніі Дзьёрдзем II Ракацы і наказным казацкім гетманам Антонам Ждановічам прымусіла моцную залогу Берасця да капітуляцыі. У аперацыі брала ўдзел брыгада Радзівіла на чале з палкоўнікам Эберхардам Путкамерам. У Берасці бакі ратыфікавалі Радноцкі дагавор, і як вынік горад быў перададзены Швецыяй Трансільваніі, У горадзе быў пакінуты венгерскі гарнізон на чале з губернатарам Андрашам Гаўдзі. Гэты крок выклікаў рэзкія пратэсты Радзівіла. Ён 4 ліпеня 1657 паслаў Карлу X Густаву ліст з просьбай загадаць Гаўдзі перадаць горад і наваколле прыхільнікам Радзівіла, а таксама накіраваць яго брыгаду і дапаможныя шведскія атрады да Слуцка (прыватнага горада Радзівілаў), каб дапамагчы авалодаць усім Новагародскім ваяводствам. Перадачай Берасця Трансільваніі быў незадаволены таксама гетман Хмяльніцкі, які разлічваў на тэрытарыяльныя набыткі на захадзе Украіны і паўднёвым захадзе Беларусі. У выніку 24 мая 1657 паводле загаду Хмяльніцкага Ждановіч прыняў пад пратэкцыю Украіны значную частку Берасцейшчыны (Пінскі павет).

Змяненне знешнепалiтычных абставiн (паpажэнне Тpансiльванii ад Рэчы Паспалітай, напад Даніі на Швецыю, смеpць Б. Хмяльнiцкага i інш.) прывяло да таго, што дагавор так і не быў цалкам рэалізаваны, а створаны ім хаўрус распаўся.

Трубяцкая разня

Трубяцкая разня — масавае забойства мірнага насельніцтва Мсціслава, учыненае 22 ліпеня 1654 войскамі Маскоўскай дзяржавы ў пачатку Трынаццацігадовай вайны (1654—1667). У разні загінулі амаль усе жыхары горада (каля 15 тыс. чал.), сам Мсціслаў надоўга заняпаў і больш ніколі не дасягнуў былой велічы.

Трынаццацігадовая вайна

Трынаццацігадовая вайна:

Трынаццацігадовая вайна, 1454—1466 — вайна паміж Польскім каралеўствам і Тэўтонскім ордэнам

Трынаццацігадовая вайна ў Венгрыі — вайна паміж Габсбургскай манархіяй і Асманскай імперыяй

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667 — вайна паміж Рускім царствам і Рэччу Паспалітай

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)

1654
Смаленск •
Гомель • МсціслаўльШклоў (1) • Шклоў (2) • Шапялевічы • Дуброўня • Віцебск • Стары Быхаў (1)
1655
Ахматаў •
Магілёў (1) • Вільня • Львоў • Гарадок • Азерная • Бярэсце
Аднаўленне баявых дзеянняў
1658
Кіеў •
Веркі • Варва • Коўна
1659
Мядзель •
Стары Быхаў (2) • Канатоп
1660
Магілёў-Падольскі •
Ляхавічы • БарысаўПалонка • Магілёў (2)• Любар • Слабодзішча • Бася • Чуднаў
1661
Друя
Кушлікі • Вільня (2) • Пераяслаў
1662
Канеў •
Бужын
1663
Перакоп
Кампанія Яна ІІ Казіміра
1664
Рослаў •
Глухаў • Пірагоўка • Касулічы • Дрокаў
Заключны этап
Віцебск (2) •
Ставішча • Медвін • Себеж
1665
Корсунь •
Белая Царква • Дзвіна
1666
Дынабург •
Батог

Старажытнасць (да 500)
Ранняе Сярэднявечча (5001240)
Вялікае Княства Літоўскае (12371569)
Рэч Паспалітая (15691795)
У складзе Расійскай імперыі (17951917)
Найноўшы час (19171991)
Сучаснасць (пасля 1991)
Звязаныя тэмы

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.