Бразілія

Бразі́лія (парт.: Brasil), Федэраты́ўная Рэспу́бліка Бразі́лія (парт.: República Federativa do Brasil, слухаць )  — найбуйнейшая краіна Паўднёвай Амерыкі і Лацінскай Амерыкі; пятая краіна свету паводле плошчы, шостая паводле колькасці насельніцтва. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі за выключэннем Эквадора і Чылі. Сталіца — горад Бразіліа, найбуйнейшы горад — Сан-Паўлу. Дзяржаўная мова — партугальская. Гэта адзіная партугаламоўная краіна на амерыканскім кантыненце і буйнейшая лузафонная краіна свету.

Для Бразіліі характэрны надзвычайная разнастайнасць прыродных умоваў і багацце прыродных рэсурсаў (мінеральных, водных, лясных, агракліматычных). Гіганцкая экасістэма экватарыяльных лясоў Амазоніі робіць Бразілію сусветным лідарам паводле біяразнастайнасці. Зрэшты, тэмпы абязлесення тут таксама адныя з найвышэйшых у свеце.

Бразілія была калоніяй Партугаліі ад высадкі Педру Кабрала ў 1500 да пачатку XIX стагоддзя. Каланіяльная залежнасць была фактычна скасаваная ў 1808, калі Напалеон напаў на Партугалію і сталіца была перанесена з Лісабона ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1822-1889 была імперыяй, з 1889 — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, якой застаецца і сёння. Складаецца з 26 штатаў і адной федэральнай акругі. Шматвекавая іміграцыя з розных частак свету ператварыла Бразулію ў адну з найбольш этнічна стракатых краін свету.

Бразільская эканоміка лічыцца восьмай у свеце і паводле намінальнага ВУП і паводле ВУП па пакупніцкай здольнасці. Краіна адносіцца да групы ключавых краін, што развіваюцца. Таксама эканамісты ставяць Бразілію ў шэраг новых індустрыяльных краін. Грашовая адзінка — бразільскі рэал. Бразілія — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Ключавое значэнне ў эканоміцы маюць такія галіны прамысловасці як машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), гідраэнергетыка, металургія. Важную ролю працягвае адыгрываць сельская гаспадарка: краіна з'яўляецца адным з галоўных збожжавых раёнаў Амерыкі; займае першае месца ў свеце па сборы кавы, цукровага трыснягу, апельсінаў; пагалоўю прадукцыйнай буйной рагатай жывёлы.

Бразілія — дзяржава-заснавальніца ААН, Лацінскага саюза, Арганізацыі ібера-амерыканскіх дзяржаў, Меркасур, Саюза паўднёваамерыканскіх нацый, а таксама адна з дзяржаў BRICS.

Федэратыўная Рэспубліка Бразілія
парт.: República Federativa do Brasil
Flag of Brazil Герб Бразіліі
Сцяг Бразіліі Герб Бразіліі
Brazil (orthographic projection)
Дэвіз: «Ordem e Progresso»
Гімн: «Hino Nacional do Brasil»
Дата незалежнасці 7 верасня 1822 (ад Партугаліі)
Афіцыйная мова партугальская
Сталіца Бразіліа
Найбуйнейшыя гарады Сан-Паўлу, Рыа-дэ-Жанэйра
Форма кіравання Федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Жаір Балсанару
вакантная пазіцыя
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
5-я ў свеце
8 514 877 км²
0,65%
Насельніцтва
• Ацэнка (2019)
• Перапіс (2007)
Шчыльнасць

210.147.125[1] чал. (5-я)
189 987 291 чал.
25 чал./км²  (151-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$3,371 трлн[2]  (8-ы)
$16 111  (81-ы)
ІРЧП (2017) 0,759[3] (высок.) (79-ы)
Валюта Рэал
Інтэрнэт-дамен .br
Тэлефонны код +55
Часавыя паясы -2…-4

Этымалогія

Хутчэй за ўсё слова "Бразілія" паходзіць ад назвы дрэва паў-бразіл (інакш - цэзальпінія яжовая, пернамбукавае дрэва), якое на момант прыбыцця партугальцаў было шырока распаўсюджана сярод узбярэжнай расліннасці. Частка "бразіл" з партугальскай азначае "чырвоны, як вугольчык", паколькі драўніна паў-бразіл дае натуральны чырвоны фарбавальнік, што знайшоў попыт у еўрапейскіх тэкстыльных мануфактур. Доўгі час драўніна з'яўлялася галоўнай экспартнай прадукцыяй новай калоніі (дрэвы высякаліся індзейцамі тупі і абменьваліся на еўрапейскія тавары). Такім чынам, назва краіны паўстала ў мараплаўча-гандлярскім асяроддзі і паступова выцясніла афіцыйную "Зямлю святога крыжа" (Terra da Santa Cruz). Іншыя гістарычныя назвы Бразіліі адсылалі да пальмаў ды папугаяў.

Геаграфічнае становішча

Brazil topo
Фізічная карта Бразіліі

Бразілія займае амаль што палову Паўднёваамерыканскага кантынента (калі дакладна, 47,3 %). Аточаная Атлантычным акіянам з усходу, Бразілія мае берагавую лінію працягласцю 7,5 тыс. км. Менавіта ў Бразіліі знаходзіцца крайні ўсходні пункт мацерыка — мыс Кабу-Бранку. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі — з Венесуэлай, Гаянай, Сурынамам і Французскай Гвіянай на поўначы, з Калумбіяй на паўночным захадзе, з Балівіяй і Перу на захадзе, з Аргенцінай і Парагваем на паўднёвым захадзе і з Уругваем на поўдні — за выключэннем Эквадора і Чылі.

Найбольш значныя астравы: Маражо ў дэльце Амазонкі; ў Атлантычным акіяне: Фернанду-ды-Наронья, Рокас, Сан-Педру-і-Сан-Паўлу, Санта-Катарына, Абральёс і інш.

Прырода

Jardim de mytrea
Бразільскае пласкагор'е

Бразізія займае тэктанічна спакойную ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, амаль цалкам лежачы на старажытнай Паўднёваамерыканскай платформе. Паўночная частка платформы ўкрыта магутным асадкавым покрывам, ёй адпавядае найвялікшая ў свеце Амазонская нізіна. У высока ўзнятых цэнтральнай і паўднёвай частках платформы крышталічныя пароды фундамента выходзяць на паверхню, ствараючы непаўторны рэльеф Бразільскага пласкагор'я, з вышынямі да 3 км над у.м.. З поўдня да пласкагор'я прымыкае невысокае лававае плато Параны. Бразільскія нетры надзвычай быгатыя на рудныя рэсурсы: краіна ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па запасах ніобію, жалезных руд, баксітаў.

Бразілія цалкам ляжыць у гарачым тэмпературным поясе Зямлі, сярэднегадавая тэмпература паўсюль (акрамя найвышэйшых пунктаў пласкагор'я) вышэй за 15°. Перавага вятроў з усходу і адсутнасць горных перашкод абумоўліваюць вялікую колькасць ападкаў на ўсёй тэрыторыі Бразіліі. Толькі на крайнім паўночным усходзе, у дажджавым ценю, размясцілася адносна засушлівая вобласць Каатынга. Амазонская нізіна ляжыць у экватарыяльным кліматычным поясе, гарачым і звышвільготным. Бразільскае пласкагор'е падзелена паміж субэкватэрыяльным і трапічным паясамі: абодва гарачыя і вільготныя, з летнім максімумам ападкаў.

Amazon CIAT (2)
Амазонка паблізу Манаўса

Большая частка Бразіліі адносіцца да басейна ракі Амазонка, прытокі якой дрэнуюць ўсю Амазонскую нізіну і паўночную частку пласкагор'я, і кожны з асноўных прытокаў — Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажас — магутнейшы за любую раку Еўропы. На поўдні Бразіліі цякуць Парана і яе прытокі, на адным з якіх, Ігуасу — на мяжы з Аргенцінай — знаходзяцца неверагоднай прыгажосці вадаспады Ігуасу. Буйных азёр у Бразіліі няма, за выключэннем лагун (Патус, Лагоа-Мірын) на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы.

Відавая разнастайнасць бразільскай фаўны і флоры ўразіла яшчэ Мікалая Вавілава, які адзначаў, што нідзе ў свеце няма такога багацця пальмаў. Басейн Амазонкі заняты вільготнымі экватарыяльнымі лясамі (сельвай) — найвялікшым трапічным лесам на Зямлі. Самыя знакамітыя расліны сельвы: вікторыя рэгія, каўчуканос гевея, бразільскі арэх. Бразільскае пласкагор'е пакрыта перамена-вільготнымі лясамі і саваннамі (мясцовая назва — кампас). У вобласці Каатынга, дзе сухі сезон больш працяглы, саванны набываюць ксерафітнае аблічча. На мяжы з Балівіяй у даліне ракі Парагвай разлеглася самая незвычайная балотная экасістэма тропікаў — Пантанал. Візітоўкамі бразільскай фаўны з'яўляюцца ягуар, браняносец, капібара, тукан, калібры і інш.

Гісторыя

Serra da Capivara - Several Paintings 2
Наскальны жывапіс, нацпарк Сера-да-Капівара

Чалавек засяліў тэрыторыю сучаснай Бразіліі не менш як 11 000 гадоў таму, прынамсі, столькі даюць археолагі Лузіі — самым старым чалавечым парэшткам, знойдзеным у штаце Мінас-Жэрайс. Узрост керамікі, адшуканай у Амазоніі, складае 8000 гадоў — найстаражытнейшыя ўзоры ў Амерыцы — і гэта сведчыць аб тым, што ў Сельве ўжо тады існавала развітая культура. На момант прыбыцця еўрапейцаў — усходняе ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі было адкрыта партугальскім мараплаўцам Педру Кабралам у 1500 — тэрыторыя сучаснай Бразіліі была заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (групы тупі, гуарані, жэ) агульнай кольскасцю каля 7 млн чалавек. Асноўнымі заняткамі індзейцаў былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства, падсечнае земляробства. Паміж плямёнамі ішлі пастаянныя войны.

Desembarque de Pedro Álvares Cabral em Porto Seguro
Адкрыццё Бразіліі экспедыцыяй Кабрала

Педру Кабрал абвясціў адкрыты бераг партугальскімі ўладаннямі і на тры стагоддзі велізарная краіна стала калоніяй невялічкай Партугаліі. Аднак першае паселішча было заснавана толькі ў 1532 годзе, а сур'ёзна за каланізацыю Бразіліі партугальцы ўзяліся ў 1534, калі кароль Жуан III падзяліў узбярэжжа на 15 капітанстваў. Для зручнейшага кіравання калоніяй у 1549 капітанствы былі аб'яднаныя ў адзінае генерал-губернатарства. Каланізатары напачатку асвоілі ўзбярэжжа, пасля перадавыя атрады (бандэйранты) пачалі прасоўвацца ўглыб мацерыка і ўрэшце зайшлі далёка на захад ад "папскага мерыдыяна", што быў праведзены паміж партугальскімі і іспанскімі ўладаннямі ў Амерыцы. Нягледзячы на тое, што першыя 2 стагоддзі каланізацыі былі адзначаны бесперапыннай вайной з тубыльцамі, разрозненыя індзейскія плямёны не здолелі аказаць еўрапейцам сур'ёзнага супраціву. У сярэдзіне XVI стагоддзя акрэслілася міжнародная цукровая спецыялізацыя Бразіліі, на прантацыі трыснягу сталі завозіць афрыканскіх неграў з партугальскіх калоній (Ангола, Мазамбік) і не толькі. У канцы XVII пасля адкрыцця бандэйрантамі радовішчаў золата, на змену цукроваму буму прыйшла залатая ліхаманка, што прыцягнула яшчэ больш мігрантаў з Партугаліі і яе калоній.

Proclamação da República by Benedito Calixto 1893
Абвяшчэнне рэспублікі, Бенедыту Калішту, 1893

Першай сур'ёзнай спробай дамагчыся незалежнасці слала ў 1788 г. "змова ў Мінас-Жэрайсе", хутка раскрытая ўладамі. Цягам наступных дзесяцігоддзяў натхняльнікам і ўскосным віноўнікам бразільскай незалежнасці стала Францыя: на пачатку XIX стагоддзя ідэі Вялікай Французскай рэвалюцыі наэлектрызавалі лацінаамерыканскае паветра свабодай, а каталізатарам дэкаланізацыі сталі напалеонаўскія войны ў Еўропе: у 1808 партугальскі каралеўскі двор уцёк з акупаванага французамі Лісабона ў Рыа-дэ-Жанейра. У 1815 статус краіны быў узняты да Аб'яднага каралеўства з Партугаліяй. Афіцыйна Бразілія стала незалежнай дзяржавай у 1822 і абвясціла сябе імперыяй. Паводле канстытуцыі 1824 года Бразільская імперыя з'яўлялася ўнітарнай парламенцкай манархіяй. За 67 гадоў на бразільскім троне змянілася ўсяго два імператары Браганскай дынастыі, што насілі імя Пэдру. Знешняя палітыка ў эпоху Пэдру ІІ была паспяховай: у 1852 Бразілія перамагла Аргенціну ў Лаплацкай вайне і стала самай уплывовай дзяржавай кантыненту. У 1888 у краіне было адменена рабства. У 1889 у Рыа-дэ-Жанэйра адбыўся ваенны пераварот, у выніку якога Пэдру II быў зрынуты, а краіна была абвешчана прэзідэнцкай рэспублікай.

У 1894-1930 ва ўладзе знаходзіліся цывільныя. У гэты час Бразілія перахварэла на каўчукавую ліхаманку, перамагла Балівію ў вайне за Акры (1903, вайна стала ўскосным вынікам ліхаманкі), паўдзельнічала на баку Антанты ў Першай Сусветнай вайне, паспрабавала гуляць адметную ролю ў Лізе Нацый. У 1930 у выніку ваеннага перавароту да ўлады прыйшоў Жытуліу Варгас, які ўсталяваў дыктатарскі рэжым. У 1942 годзе Бразілія, пацярпелая ад нямецкіх падводных лодак, абвясціла вайну дзяржавам Восі і нават даслала экспедыцыйны корпус у Італію. Тым цікавей, што параза фашысцкіх рэжымаў стала адной з прычынаў падзення рэжыму Варгаса (у 1951-54 ён яшчэ пакіраваў краінай у якасці дэмакратычна абранага прэзідэнта, але быў зрынуты і скончыў жыццё самагубствам). У канцы 1950-х пры прэзідэнце Кубічэку быў спраеткаваны, збудаваны і адкрыты горад Бразіліа — новая сталіца краіны. У 1964 чарговая ваенная хунта ажыццявіла чарговы пераварот і кіравала Бразіліяй да 1985, калі ўлада вярнулася да цывільнага ўрада. У 1988 пабачыла свет сённяшняя канстытуцыя Бразіліі.

Першае дэмакратычнае дзесяцігоддзе было прайшло ў няўдалых спробах пераадолець крызіс і пераняць інфляцыю. Прыняцце ў 1994 Плана Рэал і яго далейшае ажыцяўленне вылекавалі эканоміку Бразіліі. У 2002 пасаду прэзідэнта заняў сацыяліст Лула да Сілва, у 2006 ён быў пераабраны. У 2010 выбары выйграла Дылма Русеф — паплечніца Сілвы па Партыі працоўных. Здавалася, Бразілія трывала стала на дэмакратычныя рэйкі. Але бясконцая карупцыя, паліцэйскае беззаконне — усё гэта нікуды ні знікла і пакрыёма збіралася, каб прагрымець у сярэдзіне 2010-х вулічнымі пратэстамі, што ўрэшце прывяло да імпічменту Дылмы Русеф у 2016.

Дзяржаўны лад

Палітычная сістэма

Brazilian National Congress
Нацыянальны кангрэс, Бразіліа

Паводле Канстытуцыі 1988 года Бразілія з'яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт выбіраюцца разам на 4 гады, з магчымасцю перавыбараў. Прэзідэнт адначасова з'яўляецца лідарам дзяржавы і главой урада, у якім прызначае міністраў. Парламент — дзвюхпалатны Нацыянальны кангрэс: федэральны сенат (81 месца) і палата дэпутатаў (513 месцаў). Згодна з індэксам дэмакратыі (2017), Бразілія можа пахваліцца дэмакратычным палітычным рэжымам.

31 кастрычніка 2010 года прэзідэнтам была выбрана Дылма Вана Русеф, у 2014 яна была пераабрана на другі тэрмін. У 2016 Русеф быў аб'яўлены імпічмент, а часовым прэзідэнтам стаў віцэ-прэзідэнт Мішэл Тэмер. У лістападзе 2018 года адбыліся чарговыя выбары, у выніку якіх прэзідэнам стаў лідар Сацыял-Ліберальнай партыі, былы вайсковец, капітан Жаір Балсанару.

На 2017 год, сілы партыя якія маюць прадстаўнікоў у палаце дэпутатаў парламенцта:

Замежная палітыка

Традыцыйна Бразілія была лідарам у лацінаамерыканскай супольнасці і мела вельмі паважную ролю ў сістэме калектыўнай бяспекі, а таксама эканамічнай кааперацыі паўднёвага паўшар'я. Сёння Бразілія з'яўляецца сябрам Міжамерыканскага дагавора ўзаемнай дапамогі, а таксама сябрам Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў. Не так даўно Бразілія пачала надаваць высокі прыярытэт адносінам са сваімі паўднёва-амерыканскімі суседзямі і ўвайшла ў Амазонскі пакт, Асацыацыю лацінаамерыканскай інтэграцыі і Меркасур. Адкрытым пытаннем бразільскай замежнай палітыкі з'яўляюцца некалькі неўрэгуляваных памежных спраў з Уругваем.

Адносіны з Беларуссю

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 10 лютага 1992 года. У 2001 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра адкрылася генеральнае консульства Беларусі[4]. У лістападзе 2010 года ў Бразіліа адкрыта Амбасада Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 2011 года адкрыта амбпсада Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Мінску.[5]

2122 сакавіка 2010 адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Бразілію. Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам Бразіліі Луісам Ігнасіу Лулам да Сілва. Па выніках сустрэчы прэзідэнты прынялі сумесную дэкларацыю[6].

Узброеныя сілы

Бразілія мае найбольшыя ў Лацінскай Амерыцы ўзброеныя сілы, якія з 1999 года падзяляюцца на тры роды войскаў: наземныя ўзброеныя сілы, марскі флот (Marinha do Brasil) у складзе якога паветраныя сілы і марская пяхота (Corpo de Fuzileiros Navais) а таксама паветраныя сілы (Forca Aerea Brasileira). Поўная колькасць войскаў складае 317 тыс. чалавек. У войска прызываюцца мужчыны ва ўзросце ад 19 гадоў. Падчас ваеннай дыктатуры (1964 - 1985) Бразілія праводзіла праграму стварэння ядзернай зброі, але пасля прыходу грамадзянскай улады праграмы была закрыта.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Паводле канстытуцыі 1988 года Бразілія — федэратыўная рэспубліка; федэрацыю ўтвараюць сталічная федэральная акруга і 26 штатаў на першым узроўні; 5.564 муніцыпалітэтаў на другім узроўні. Штаты маюць аўтаномныя адміністрацыі на чале з губернатарамі і аднапалатныя заканадаўчыя органы; збіраюць свае ўласныя падаткі і атрымліваюць долю падаткаў, сабраных федэральным урадам. Ступень федэралізацыі ў Бразіліі меншая, чым, напрыклад, у ЗША: тое ж крымінальнае права тут адносіцца да федэральных кампетэнцый. Штаты згрупаваныя ў 5 рэгіёнаў: паўночны, паўночна-ўсходні, цэнтральна-заходні, паўднёва-ўсходні, паўднёвы. Выдзяленне рэгіёнаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў статыстыцы, мела пад сабою выключна геаграфічны крытэрый.

Насельніцтва

Калі звярнуцца да гісторыі, то можна ўбачыць, што да 1930-х насельніцтва Бразіліі фарміравалася з большага за кошт іміграцыі, прычым да канца ХІХ ст. пераважала міграцыя з Партугаліі і яе калоній (Мазамбік, Ангола), а ў 1890-х-1920-х Бразілія дала прытулак больш як 4-м мільёнам мігрантаў з паўднёвай і ўсходняй Еўропы, а таксама — Японіі. У 1940-х поспехі медыцыны і яе паўсюднае пранікненне прывялі да скарачэння смяротнасці і дэмаграфічнага выбуху: у 1950-х-70-х штогадовыя тэмпы росту насельніцтва Бразіліі складалі 2,5-3 %.

Population pyramid of Brazil 2016
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Агульная колькасць жыхароў Бразіліі на пачатак 2019 года складае 210 млн чалавек. Нягледзячы на тое, што за апошняе дзесяцігоддзе насельніцтва краіны павялічылася на 20 млн.чал, тэмпы росту яго колькасці моцна запаволіліся (0.71 % у 2018). На 1000 чалавек у 2018 нарадзілася 13,9, а памерла — 6,7 чалавек. Гэтыя лічбы сведчаць, што нараджальнасць значна скарацілася, а станоўчай дынаміка насельніцтва застаецца дзякуючы нізкай смяротнасці. За кошт падзення нараждальнасці (сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў 2018 складае 1.75), доля маладога насельніцтва імкліва змяшаецца (0-14 гадоў — 22 % у 2018), аб чым сведчыць полава-ўзроставая піраміда.[7].

Mercado Artesanal de São Paulo
На адной з вуліц Сан-Паўлу

Расава-этнічны склад насельніцтва Бразіліі надзвычай стракаты. У бразільцах перамяшалася індзейская, афрыканская і еўрапейская кроў, і на колькі адсоткаў чорным або белым з'яўляецца бразілец, сказаць немагчыма. Тым не менш, падчас перапісу 2010 года 47,7 % жыхароў краіны назвалі сябе белымі (пры папярэднім перапісе белымі назвалі сябе больш за палову бразільцаў), 43 % — мулатамі або парда (у гэтую групу ўключаны і метысы і самба), 7,6 % — проста чарнаскурымі . Яшчэ 1,1 % бразільцаў маюць азіяцкае паходжанне, 0,4 % — карэннае насельніцтва (індзейцы); азіятаў і індзейцаў лучыць прыналежнасць да мангалоіднай расы. У 2007 Нацыянальны індзейскі фонд адзначыў, што ў Бразіліі пражываюць 67 некантактных (да якіх зусім не дакранулася сучасная цывілізацыя) індзейскіх плямёнаў — больш, чым ва ўсім астатнім свеце. Бразільская рэлігія сфармавалася на партугальскім каталіцкім субстраце з дамешкам афрыканскіх і індзейскіх рэлігійных традыцый, што прывяло да з'яўлення мноства сінтрэтычных культаў, самымі вядомымі з якіх сталі умбанда ды спірытуалізм Алана Кардэка. У ХХ - пач. ХХІ ст. у Бразіліі распаўсюджваецца пратэстантызм, і сёння 22 % бразільцаў — гэта пратэстанты (пяцідзесятнікі, евангелісты, баптысты).

Belo Horizonte Panorâmica
Бэлу-Арызонты

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 25 чал.на кв.км. Насельніцтва сканцэнтравана ў паўднёва-ўсходнім (86 млн.) і паўночна-ўсходнім (57 млн.) рэгіёнах, у той час як цэнтральны захад і поўнач Бразіліі, якія ахопліваюць 64 % плошчы разам маюць толькі 33 млн жыхароў, або 16 % насельніцтва краіны. Такі дысбаланс тлумачыцца слабай асвоенасцю Амазоніі (паўночны рэгіён) і цэнтральна-заходніх раёнаў Бразільскага пласкагор'я (цэнтральны захад), што тлумачыцца як прыроднымі прычынамі, так і гісторыяй асваення краіны. 87 % бразільцаў жыве ў гарадах. Буйнейшымі агламерацыямі з'яўляюцца Сан-Паўлу (21,65 млн), Рыа-дэ-Жанэйра (13,29 млн), Белу-Арызонты (5,97) — усе ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне; Бразіліа (4,47), Порту-Алегры (4,1), Рэсіфі (4 млн)[8]. Сан-Паўлу канкуруе з Нью-Ёркам за званне найбуйнейшага горада Амерыкі. Рыа-дэ-Жанэйра з’яўляецца самым наведвальным горадам у паўднёвым паўшар’і.

Эканоміка

Arquivo da Agência Brasil - Brasília 01
Цэнтральны банк, Бразіліа

Эканоміка Бразіліі адносіцца да змешанага тыпу і адрозніваецца вялікай дыверсіфікацыяй. Дзякуючы багаццю рэсурамі, высокаму ўзроўню развіцця сельскай гаспадаркі, здабыўной і апрацоўчай прамысловасці і сектара паслуг, а таксама вялікай колькасці працаздольнага насельніцтва (107 млн, 6 месца ў свеце), па ўзроўні ВУП Бразілія значна абганяе любую іншую краіну Лацінскай Амерыкі, з'яўляючыся вядучай эканомікай у Меркасур. Цяпер краіна пашырае сваю прысутнасць на сусветных рынках. Хоць бразільская эканоміка дастаткова развітая, праблемы карупцыі, беднасці і непісьменнасці ўсё яшчэ з'яўляюцца значнымі перашкодамі для развіцця краіны. У 2008 годзе ў Бразіліі 25,9% насельніцтва пражывала за мяжой беднасці. Паводле дадзеных, атрыманых навукоўцамі бразільскага фонду вывучэння грамадскай думкі і сацыяльных даследаванняў імя Жэтуліу Варгаса, з 1994 па 2010 год узровень беднасці ў краіне ўпаў на 67,3%, прычым 50% ад гэтага падзення прыйшліся на апошнія 8 гадоў; сацыяльная няроўнасць у Бразіліі, такім чынам, дасягнула мінімальнага паказчыка за апошнія паўстагоддзя[9].

Па памерах ВУП па пакупніцкай здольнасці у першай палове 2010-х Бразілія займала 7-е месца ў свеце. У 2014-2016 г. эканоміка Бразіліі зведала найгоршую за ўсю гісторыю рэцэсію, што суправаджалася палітычнымі скандаламі і грамадзянскімі пратэстамі. 2017 год прынёс станоўчыя вынікі: рост ВУП склаў 1 %, узровень інфляцыі ўпаў да гістарычнага мінімуму (2,9 %). У выніку рэцэсіі Бразілія была ссунута на восьмы радок Інданезіяй. Сёння абедзьве новыя індустрыльныя краіны дыхаюць у спіну Германіі і Расіі, што займаюць 5-6 пазіцыі. ВУП краіны ў 2018 годзе склаў $ 3,37 трлн ($ 16 112 на душу насельніцтва). 6,6 % ВУП прыходзіцца на сельскую гаспадарку і сумежныя з ёй лясную гаспадарку і рыбалоўства, прамысловасць і сфера паслуг складаюць 20,7 % і 72,7 % ВУП адпаведна.[10]

Эканоміка Бразіліі моцна адрозніваецца паміж рэгіёнамі. Найбольш развітая прамысловасць сканцэнтраваная на поўдні і паўднёвым усходзе краіны. Паўночны ўсход — бедны рэгіён Бразіліі, але цяпер і ён пачынае прыцягваць новыя інвестыцыі.

Прамысловасць

Sede-da-embraer
Новыя "Эмбраэры"

Бразілія мае найбольш развіты прамысловы сектар у Лацінскай Амерыцы, які да рэцэсіі 2014-16 г. складаў траціну ВУП. Бразілія вырабляе разнастайную прадукцыю, ад аўтамабіляў, сталі і нафтапрадуктаў да камп'ютараў, самалётаў і спажывецкіх тавараў. Галоўнай галіной прамысловасці з'яўляецца машынабудаванне. Бразільскі канцэрн Эмбраер — трэці вытворца самалётаў у свеце, ягоная прадукцыя карыстаецца попытам і ў Беларусі. Па вытворчасці аўтамабіляў (2,7 млн у 2017) Бразілія займае 9 месца, пры гэтым краіна з'яўляецца чацвёртым у свеце аўтамабільным рынкам. Найбуйнейшымі індустрыяльнымі цэнтрамі краіны з'яўляюцца Сан-Паўлу, Рыа-дэ-Жанейра, Кампінас, Белу-Арызонты, Порту-Алегры.

Энергетыка

Angra dos Reis - usinas nucleares
Ангра — адзіная АЭС краіны

Па колькасці спажыванай энергіі Бразілія займае дзясятае месца ў свеце і першае — у Лацінскай Амерыцы. Асноўная асаблівасць бразільскага энергетычнага сектара ў тым, што большая частка энергіі ў краіне вырабляецца з узнаўляльных крыніц. Краіна - найбуйнейшы вытворца этанолу, паліва з цукровага трыснёга; дзякуючы гэтаму Бразілію часам называюць біяэнергетычнай звышдзяржавай. У 2005 быў выпушчаны першы авіяцыйны рухавік, што працуе на трысняговым этаноле. Аснову электраэнергетыкі складаюць ГЭС, сярод якіх ёсць буйнейшыя ў свеце: Ітайпу на рацэ Парана (2-я ў свеце), Тукуруі на рацэ Такантынс.У 2019 плануецца скончыць будаўніцтва ГЭС Белу-Монці на рацэ Шынгу, якая стане пятай сярод наймагутнейшых ГЭС свету. З неўзнаўляльных рэсурсаў асноўнымі крыніцамі энергіі служаць нафта і прыродны газ. Сёння 4 % электраэнергіі Бразілія атрымлівае ад мірнага атама. На адзінай АЭС краіны — «Ангра» побач з Рыа-дэ-Жанейра — працуюць два рэактары, было распачата будаўніцтва трэцяга; яшчэ сем рэактараў планавалася пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю да 2025 года. Аднак з-за трагічных падзей на АЭС «Фукусіма» ў Японіі ў сакавіку 2011 года ў Бразіліі ўзняўся рух супраць атамнай энергетыкі (так, 27 сакавіка 2011 года ў Рыа-дэ-Жанэйра адбылася маніфестацыя супраць яе выкарыстання)[11].

Сельская гаспадарка

Brasil celeiro
Карта "Бразільскі ўраджай"

На працягу апрошніх 150 гадоў краіна з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кавы. Сённяшняя Бразілія — сустветны лідар па вытворчасці цукру і вырошчванні апельсінаў. Таксама Бразілія ўваходзіць у лік буйнейшых вытворцаў соі, касавы, сізаля і папаі. Асноўнымі збожжавымі культурамі з'яўляюцца кукуруза (3 месца ў свеце) і рыс (1-е месца па-за межамі Азіі). Да важных тэхнічных культур адносяцца бавоўнік і какава. Бразілія — сусветны лідар ў такіх напрамках жывёлагадоўлі як вырошванне буйной рагатай жывёлы (218 млн галоў, 1-е месца ў свеце) і свінагадоўля (3-е месца ў свеце, 38 млн галоў)

Сфера паслуг

Бразілія таксама мае развіты і разнастайны сектар паслуг. У пачатку 1990-х банкаўскі сектар дасягнуў 16% ВУП. Хоць бразільская банкаўская сістэма зараз актыўна рэфармуецца, яна забяспечвае мясцовыя прадпрыемствы шырокім наборам паслуг і прыцягвае шматлікіх новых удзельнікаў, у прыватнасці фінансавыя фірмы з ЗША. Фондавыя біржы Сан-Паўлу і Рыа-дэ-Жанэйра зараз падвяргаюцца значнай кансалідацыі.

Транспарт

Rodovia Rio-Teresópolis (BR-116) - panoramio (cropped)
RBR-116 — самы працяглы бразільскі хайвэй

Асноўнымі транспартнымі шляхамі ўнутры краіны з'яўляюцца аўтадарогі. Сістэма аўтадарог дастаткова развітая і складаная. Аднак, у некаторых раёнах падчас трапічных ліўняў аўтадарогі становяцца цяжкапраходнымі і небяспечнымі. У першую чаргу гэта тычыцца знакамітай Трансамазонскае шашы.

20141225 Linha 4-Amarela
Метрапалітэн Сан-Паўлу, 4-я лінія

Чыгункі ў Бразіліі наогул састарэлі і выкарыстоўваюцца амаль выключна для перавозкі грузаў. Працягласць чыгунак складае 29850 км (2014, 10-е месца ў свеце), з іх толькі 1520 км электрыфікавана. Большая частка сеткі прыходзіцца на вузкакаляінныя чыгункі (1000 мм), 5800 км чыгункі мае шырыню каляіны 1600 мм, яшчэ 185 км — станартную еўрапейскую (1435).[12] Варта адзначыць, што ўрад Бразіліі робіць спробы мадэрнізацыі чыгуначнага транспарту і стварэння хуткасных чыгунак. У васьмі бразільскіх гарадах працуе метро, самая разгалінаваная сістэма ў метрапалітэна Сан-Паўлу, адкрытага ў 1974 годзе.

Марскі транспарт, які традыцыйна быў вельмі важным у Бразіліі, і ў наш час мае выключнае значэнне для знешніх сувязяў (нават з паўднёваамерыканскімі суседзямі), хоць выкарыстоўваецца цяпер амаль выключна для перавозкі грузаў. Найбуйнейшы кантэйнерны порт — Сантус, марскія вароты Сан-Паўлу. Таксама важны рачны транспарт, асабліва ў Амазоніі, дзе ён з'яўляецца асноўным відам транспарту. Найбуйнейшы рачны порт — Манаўс пры зліцці Амазонкі ды Рыу-Негру.

Авіяцыйны транспарт сёння хутка развіваецца. У Бразіліі дзейнічае 4093 аэрапорты (2013) — гэта другое месца ў свеце пасля ЗША, аднак амаль усё міжнароднае спалучэнне забяспечваюць аэрапорты Сан-Паўлу/Гуарульёс у Сан-Паўлу або Рыа-дэ-Жанэйра/Галеан у Рыа-дэ-Жанэйра.

У Бразіліі развіта сетка трубаправодаў, працягласць якіх у 2016 годзе склала: амаль 20 000 км.

Знешні гандаль

Галоўныя экспартныя тавары ўключаюць сельскагаспадарчую прадукцыю і прадукцыю харчовай прамысловасці (каля 40 % экспарту тавараў): сою, каву, апельсінавы сок, цукровы трыснёг і цукар, ялавічыну; прадукцыю машынабудавання, авіяцыйную тэхніку, электраапаратуру, транспартныя сродкі; здабыўной прамысловасці: жалезную руду, баксіты, апошнім часам — і нафту; а таксама сталь, тканіны, абутак і інш. [13]

  • Экспарт у 2016 годзе: Кітай — 19,7 %, ЗША — 12,3 %, Аргенціна — 6,7 %, Нідэрланды — 4,2 %, Германія — 4 %. Экспарт у Рэспубліку Беларусь у 2017 склаў 76,2 млн даляраў (пераважна самалёты і сельскагаспадарчая прадукцыя) [14]

Бразілія імпартуе прадукцыю хімічнай прамысловасці (у тым ліку, фармацэўтыкі), прамысловае абсталяванне, мабільныя тэлефоны і персанальныя камп'ютары і інш.

  • Імпарт у 2016 годзе: ЗША — 20,9 %, Кітай — 15,2 %, Германія — 6,7%, Аргенціна — 6,2 %. Імпарт з Беларусі ў 2017 амаль дасягнуў паўмільярднай адзнакі (пераважна калійныя ўгнаенні).

Валюты

Валютамі Бразіліі паслядоўна былі бразільскі рэйс, бразільскі крузейра, новы крузейра, крузада, крузейра рэал, бразільскі рэал. Замена адной валюты на іншую ў асноўным выраблялася з адначасовай дэнамінацыяй з-за высокай інфляцыі.

Культура

Ядро бразільскай культуры склала партугальская культурная спадчына. Сярод галоўных рысаў партугальскага каланіяльнага ўплыву — партугальская мова, рымскі каталіцызм і каланіяльны архітэктурны стыль. На фарміраванне культуры Бразіліі моцна ўплывалі таксама афрыканскія, тубыльскія і непартугальскія еўрапейскія (італьянскія, нямецкія і інш.) культурныя традыцыі. Заўважны моцны ўнёсак аўтахтоннага індзейскага насельніцтва ў мову і кухню Бразіліі, а афрыканцаў — таксама ў музыку, танцы і рэлігію.

Бразільскае мастацтва развіваецца з 16 стагоддзя і прайшло ў сваім развіцці некалькі стылявых эпох: барока (дамінавала да пачатку 19 стагоддзя), рамантызм, мадэрнізм, экспрэсіянізм, кубізм, сюррэалізм і абстракцыянізм.

Бразільская музыка пад уплывам афрыканскіх, еўрапейскіх і індзейскіх форм парадзіла мноства арыгінальных стыляў: самба, маракату, боса-нова і інш.

Дзякуючы сваёй багатай культуры і гісторыі, Бразілія займае трынаццатае месца ў свеце па колькасці аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Зноскі

  1. https://www.ibge.gov.br/estatisticas-novoportal/sociais/populacao/9109-projecao-da-populacao.html?=&t=resultados
  2. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2018&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=24&pr1.y=3&c=223&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2018_human_development_statistical_update.pdf
  4. Матэрыялы брыфінга прэс-сакратара МЗС Беларусі Паўла Латушкі, праведзенага для прадстаўнікоў СМІ 7 лютага б.г.// Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі. 7 лютага 2002
  5. http://brazil.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/
  6. Сумесная дэкларацыя Прэзідэнта Беларусі і Прэзідэнта Бразіліі// Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 2010
  7. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html
  8. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html
  9. Социальное неравенство в Бразилии достигло исторического минимума // РИА Новости. — 04.05.2011.
  10. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html
  11. Манифестация против использования атомной энергии прошла по пляжам Рио // РИА Новости. — 28.03.2011.
  12. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/br.html
  13. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=32&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  14. http://brazil.mfa.gov.by/ru/exportby/

Шаблон:БРЫК

15 лістапада

15 лістапада — трыста дзевятнаццаты (трыста дваццаты ў высакосны год) дзень года па Грыгарыянскім календары.

7 верасня

7 верасня — дзвесце пяцідзесяты (дзвесце пяцьдзясят першы ў высакосны год) дзень года па Грыгарыянскім календары.

Бразілія (горад)

Бразілія (парт.: Brasília) — горад, сталіца Бразіліі (з 21 красавіка 1960), на беразе штучнага вадасховішча. Уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Насельніцтва (з прыгарадамі) каля 2,5 млн чалавек.

На тэрыторыі Бразіліі размешчаны міжнародны аэрапорт ім. Прэзідэнта Ж. Кубічака, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці, Нацыянальны ўніверсітэт, Нацыянальны тэатр Клаўдзіа Сантора.

Бразілія ў Першай сусветнай вайне

Бразілія падчас Першай сусветнай вайны, у адпаведнасці з Гаагскай канвенцыяй, першапачаткова прыняла нейтральную пазіцыю ў спробе захаваць рынкі збыту сваёй экспартнай прадукцыі, у асноўным кавы, латэкса і прамысловых тавараў. Аднак пасля паўторнага патаплення бразільскіх гандлёвых караблёў нямецкімі падводнымі лодкамі, у 1917 годзе прэзідэнт Бразіліі Венцаслаў Брас абвясціў вайну супраць Цэнтральных дзяржаў, і была адзінай краінай Лацінскай Амерыкі, якая непасрэдна ўдзельнічала ў вайне. У асноўным, яе удзел абмежаваўся патрульнымі дзеяннямі ВМФ раёнаў Атлантычнага акіяна.

Бітва за Атлантыку (1914—1918)

Бі́тва за Атла́нтыку (Першая бітва за Атлантыку, у адрозненне ад кампаніі ў рамках Другой сусветнай вайны) — ваенная кампанія Першай сусветнай вайны, барацьба Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў з Германіяй за камунікацыі і панаванне ў Атлантычным акіяне і прылеглых да яго марах. Асноўнай мэтай Германіі было парушэнне атлантычных камунікацый Вялікабрытаніі і ўстаноўка яе марской блакады. Асноўнай мэтай Вялікабрытаніі была абарона камунікацый і ўстаноўка марской блакады Германіі.

Зборная Бразіліі па футболе

Зборная Бразіліі па футболе прадстаўляе Бразілію на міжнародных спаборніцтвах па футболе з 1914 года. Каманда кантралюецца Бразільскай канфедэрацыяй футбола, якая з’яўляецца адным з 10 членаў КАНМЕБОЛ (Паўднёваамерыканская футбольная канфедэрацыя) і ўваходзіць у ФІФА.

Чэмпіён свету 1958, 1962, 1970, 1994, 2002 гадоў.

Кака

Кака́ (парт.: Kaká), поўнае імя Рыка́рду Ізексо́н дус Са́нтус Ле́йты (парт.: Ricardo Izecson dos Santos Leite; нар. 22 красавіка 1982, федэральная акруга Бразілія) — былы бразільскі футбаліст, паўабаронца. Чэмпіён свету 2002 у складзе нацыянальнай зборнай Бразіліі.

Гуляў за «Сан-Паўлу» (2001—2003), «Мілан» (2003—2009, 2013—2014), «Рэал Мадрыд» (2009—2013). З 2014 па 2017 год гуляў у амерыканскім клубе «Арланда Сіці». У снежні 2017 года абвясціў аб завяршэнні кар’еры.

Уладальнік «Залатога мяча» 2007, найлепшы футбаліст свету па версіі ФІФА 2007.

Кафу

Ма́ркус Эванжэлі́ста ды Мара́йс (парт.: Marcos Evangelista de Morais; нар. 7 чэрвеня 1970, Сан-Паўлу, Бразілія), больш вядомы як Кафу́ (парт.: Cafu, МФА: [kaˈfu]) — бразільскі футбаліст, абаронца. Чэмпіён свету 1994 і 2002 у складзе нацыянальнай зборнай Бразіліі.

Лацінская Амерыка

Лацінская Амерыка — абагульняючая назва Паўднёвай Амерыкі і Цэнтральнай Амерыкі. Гэтая назва ўпершыню з'явілася ў 1856 годзе ў творах калумбійскага пісьменніка і публіцыста, які жыў і пісаў у эміграцыі ў Парыжы: Хасэ Марыі Торэса Каіцэда. Амаль адначасова гэту назву пачаў ужываць чылійскі пісьменнік Францыска Білбаа. Гэта назва мае гістарычную падставу — яна адносіцаа да той часткі Амерыкі, якая была каланізавана амаль цалкам дзвумя краінамі: Іспаніяй і Партугаліяй. Таму ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах існуюць падобныя грамадскія, гаспадарчыя, культурныя структуры; дзяржаўная мова (іспанская), за выключэннем Бразіліі, дзе дзяржаўнай мовай з'яўляецца партугальская).

Лацінская Амерыка займае каля 21 млн км², з насельніцтвам 549 млн чалавек (2006).

Краіны якія складаюць Лацінскую Амерыку:

Аргенціна;

Балівія;

Беліз;

Бразілія;

Венесуэла;

Гватэмала;

Гандурас;

Дамініканская Рэспубліка;

Калумбія;

Коста-Рыка;

Куба;

Мексіка;

Нікарагуа;

Панама;

Парагвай;

Перу;

Пуэрта-Рыка;

Сальвадор;

Уругвай;

Чылі;

Эквадор.

Летнія Алімпійскія гульні 2016

Гульні XXXI Алімпіяды (англ.: Games of the XXXI Olympiad, фр.: Jeux de la XXXIe Olympiade, парт.: Jogos da XXXI Olimpíadae), часцей званыя летнія Алімпійскія гульні 2016 (англ.: 2016 Summer Olympics, фр.: Jeux Olympiques d'été de 2016, парт.: Jogos Olímpicos de Verão de 2016), праходзілі з 5 па 21 жніўня 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія. Гэта былі першыя Алімпійскія гульні, якія праходзілі ў Паўднёвай Амерыцы.

Партугальская мова

Партуга́льская мо́ва (парт.: língua portuguesa) — мова раманскай групы індаеўрапейскай сям'і моў.

Афіцыйная мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Каба-Вердэ, Гвінеі-Бісау, Сан-Тамэ і Прынсіпі, Усходняга Тымора і Макаа. Пісьменнасць на аснове лацінскага алфавіту. Развілася з сярэдневяковай галісійска-партугальскай мовы. Існуюць два асноўныя варыянты — еўрапейскі (pt-pt) і бразільскі (pt-br), якія адрозніваюцца адзін ад аднаго на ўзроўні фанетыкі, лексікі, арфаграфіі і, у меншай ступені, граматыкі. У Анголе і Мазамбіку выкарыстоўваецца еўрапейскі варыянт партугальскай мовы з вялікай колькасцю лексічных запазычанняў з афрыканскіх моў. У іншых афрыканскіх краінах партугальская мова, прынамсі ў сферы паўсядзённага выкарыстання, у значнай ступені крэалізаваная.

Паўднёвая Амерыка

Паўднё́вая Аме́рыка (ісп.: América del Sur, Sudamérica, Suramérica, парт.: América do Sul, англ.: South America, нідэрл.: Zuid-Amerika, фр.: Amérique du Sud, гуар.: Ñembyamérika, кечуа: Urin Awya Yala, Urin Amerika) — кантынент, большая частка якога размешчана ў паўднёвым паўшар'і паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, з поўдня абмываецца водамі Паўднёвага акіяна. Звязана з Паўночнай Амерыкай Панамскім перашыйкам. Уздоўж заходняй мяжы кантынента прасціраецца горная сістэма Анды. Землі на ўсход ад Андаў занятыя ў асноўным трапічнымі лясамі, вялікім басейнам ракі Амазонкі.

У склад Паўднёвай Амерыкі таксама ўваходзяць розныя астравы, большасць з якіх прыналежыць краінам кантынента. Астравы ў басейне Карыбскага мора садносяцца да Паўночнай Амерыцы. Краіны Паўднёвай Амерыкі, якія мяжуюць з Карыбскім морам — улучаючы Калумбію, Венесуэлу, Гаяну, Сурынам, Французскую Гвіяну і Панаму — вядомыя як Карыбская Паўднёвая Амерыка.

Паўднёвая Амерыка займае сярод кантынентаў чацвёртае месца паводле плошчы (17,8 млн. км²) і пятае месца паводле колькасці насельніцтва (370 млн. чал., 2005).

Раналдынью

Раналду ды Асіс Марэйра (парт.: Ronaldo de Assis Moreira; нар. 21 сакавіка 1980, Порту-Алегры, Бразілія), больш вядомы як Раналдынью або Раналдынья (парт.: Ronaldinho) — былы бразільскі футбаліст, выступаў на пазіцыі нападніка. Футбаліст года па версіі ФІФА (2004, 2005), уладальнік Залатога мяча (2005). У складзе зборнай Бразіліі стаў чэмпіёнам свету 2002.

У ліпені 2015 года, нягледзячы на прапановы турэцкага «Антальяспора», падпісаў кантракт з клубам «Флуміненсі». Аднак, ужо ў верасні пакінуў гэты клуб, згуляўшы за яго 9 матчаў. У студзені 2018 года афіцыйна завяршыў кар’еру.

Сонечныя зацьменні XXI стагоддзя

У перыяд з 2001 па 2100 гады адбудзецца 224 сонечныя зацьменні, з якіх 77 будуць частковымі, 72 колцападобнымі, 68 поўнымі і 7 гібрыднымі. Найбольшая колькасць зацьменняў прыпадае на 2011, 2029, 2047, 2065, 2076 і 2094 гады. На кожны з гэтых гадоў прыходзіцца па 4 сонечныя зацьменні.

Самае доўгае поўнае зацьменне адбылося 22 ліпеня 2009, самае доўгае частковае зацьменне 15 студзеня 2010. Зацьменне 20 мая 2050 года стане другім гібрыдным зацьменнем за перыяд працягласцю менш за год, папярэдняе гібрыднае зацьменне адбудзецца 25 лістапада 2049.

Спіс утрымлівае дату і час найбольшага зацьмення ў дынамічным часе (у дадзеным выпадку момант максімальнага збліжэння восі конуса месячнай цені з цэнтрам Зямлі), час пазначаны ў UTC. Для поўных і колцавых зацьменняў указаны рэгіёны, у якіх магчыма назіраць максімальную фазу зацьмення.

Сталіца

Сталіца — галоўны горад дзяржавы, адміністрацыйна-палітычны цэнтр краіны, у якім, як правіла, размяшчаюцца вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання, вышэйшыя судовыя, кантрольныя і іншыя ўстановы. У асобных выпадках некаторыя з гэтых структур могуць размяшчацца ў іншых гарадах дзяржавы. Сталіца звычайна з'яўляецца і эканамічным, навуковым, культурным цэнтрам краіны, але ў некаторых краінах склалася поліцэнтрычная сістэма кіравання рознымі сферамі жыцця народа: так у ЗША палітычны цэнтр — Вашынгтон, эканамічны — Нью-Ёрк, адукацыйны — Бостан і г.д.

Сталіца можа выдзяляцца ў самастойную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку (Вена, Аўстрыя; Берлін, ФРГ; Масква, Расія; Пекін, КНР, а таксама Мінск, Беларусь), часам з асобым рэжымам кіравання (так, амерыканская сталіца Вашынгтон утварае федэральную акругу, якая не ўваходзіць ні ў адзін штат).

Некаторыя дзяржавы на пачатку сваёй гісторыі не мелі сталіц. Напрыклад у Венгрыі, Эстэргам, традыцыйнае месца каранацыі венгерскіх валадароў пачынаючы з Іштвана I, быў толькі адной з многіх каралеўскіх рэзідэнцый, а Буда была абвешчана сталіцай ў 14 ст. У Іспаніі працяглы час таксама сталіцы не было, Бургас быў толькі месцам каранацыі кастысльска-ліёнскіх каралёў, двор вандраваў па краіне, часцей за ўсё спыняючыся ў Вальядалідзе, Мадрыд быў абвешчаны сталіцай ў 1561 годзе. Сталіцы знаходзіліся там дзе быў валадар дзяржавы і вандравалі па і краіне разам з ім і яго дваром. Прыкладна так, верагодна, было на пачатковым этапе існавання ВКЛ да даго часу пакуль Гедзімін не абвясціў сталіцай Вільню.

Акрамя сталіц, якія набылі свой статус у працэсе гістарычнага развіцця, існуюць гарады, спецыяльна пабудаваныя для выканання сталічных функцый (Канбера, Аўстралія; Бразілія, Бразілія; Ісламабад, Пакістан; Астана, Казахстан і інш.). У некаторых краінах пры існаванні афіцыйнай сталіцы фактычна ёй з'яўляецца іншы горад (у Балівіі Ла-Пас замест Сукрэ; у Нідэрландах Гаага замест Амстэрдама; у Расіі, у сувязі з пераводам Канстытуцыйнага Суда ў Санкт-Пецярбург, апошні будзе выконваць частку сталічных функцый). У некаторых краінах (Ватыкан, Науру) афіцыйна вызначанай сталіцы няма.

Распаўсюджанай практыкай з'яўляецца перанос сталіцы, выкліканы часцей за ўсё перанаселенасцю і гіпертрафіраваным дамінаваннем сталічнага горада над астатняй краінай, альбо яго нявыгадным геаграфічным размяшчэннем, альбо з прычыны наяўнасці прамой ваеннай пагрозы сталіцы, альбо для паскарэння развіцця тэрыторый, дзе ствараецца новая сталіца, альбо для вызвалення ад старых традыцый грамадскага жыцця і дзяржаўнага кіравання.

За апошняе дзесяцігоддзе былі перанесены сталіцы Казахстана (з Алматы ў Астану, 1997), М'янмы (з Янгона (Рангуна) ў Найп'іда, 2005), Малайзіі (з Куала-Лумпура ў Путраджаю, 2005), Палау (з Корар у Мелекеок, 2006). Да канца 2007 павінна пачацца будаўніцтва новай сталіцы Паўднёвай Карэі ў 160 км ад Сеула ў правінцыі Чхунчхон-Пукто, што дазволіць аднесці месцазнаходжанне паўднёвакарэйскага кіраўніцтва ад патэнцыйна небяспечнай лініі міжкарэйскага размежавання па 38-й паралелі. Пераезд урадавых устаноў Паўднёвай Карэі прызначаны на 2012.

Перанос сталіцы можа быць часовым, з-за акупацыі ці пагрозы акупацыі існуючай сталіцы (так, Каўнас быў сталіцай Літвы падчас польскай акупацыі Вільнюса ў міжваенны перыяд; Куйбышаў часткова выконваў функцыі адміністрацыйнай і дыпламатычнай сталіцы СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны) альбо пры немагчымасці знаходжання сталіцы ў пэўным месцы па іншых прычынах (Назрань заставалася адміністрацыйным цэнтрам Інгушэціі на час будаўніцтва горада Магас, абвешчанага сталіцай пры ўтварэнні рэспублікі; Тайвань лічыць Тайбэй часовай усекітайскай сталіцай замест Пекіна).

Самай маленькай сталіцай свету лічыцца горад Адамстаўн.

Украінцы

Украінцы (укр.: українці) — усходнеславянскі народ, які жыве ва Усходняй Еўропе, асноўнае насельніцтва Украіны.

Чэмпіянат свету па футболе

Чэмпіянат свету па футболе, міжнароднае спаборніцтва па футболе, у якім удзельнічаюць нацыянальныя зборныя каманды. Праводзіцца пад эгідай ФІФА раз у 4 гады.

Ідэя арганізацыі турніру наймацнейшых футбольных каманд свету з’явілася ў пачатку XX стагоддзя. На заснавальным кангрэсе ФІФА (21 мая 1904 года) было пастаноўлена запісаць у статут, што ФІФА валодае «эксклюзіўным правам арганізацыі міжнародных турніраў».

Аднак спроба правесці чэмпіянат з удзелам 15 еўрапейскіх краін не ўдалася, бо не знайшлося ахвотных удзельнічаць. Пазней статус чэмпіянату свету меркавалася прысвоіць футбольнаму турніру Алімпійскіх гульняў 1916 у Берліне, якія не адбыліся з-за вайны. Нарэшце, на кангрэсе ФІФА ў Амстэрдаме (29 мая 1928 года) было пастаноўлена правесці першы сусветны прафесійны футбольны турнір у 1930 годзе, ва Уругваі. Гэты турнір і стаў I чэмпіянатам свету па футболе.

Першыя тры турніры называліся «Чэмпіянат свету – Кубак свету». На кангрэсе ФІФА ў Люксембургу (1946) было пастаноўлена называць турнір «Чэмпіянат свету — Кубак Жуля Рымэ», такім чынам было ўшанавана імя тагачаснага прэзідэнта ФІФА, аднаго з галоўных стваральнікаў турніру. На кангрэсе ФІФА ў Афінах (1971) турнір атрымаў сваю сучасную назву «Чэмпіянат свету — Кубак свету ФІФА».

На чэмпіянатах 1930—1978 да ўдзелу ў фінальнай стадыі турніру дапускаліся 16 каманд. У турнірах 1982, 1986, 1990 і 1994 удзельнічалі па 24 каманды. З 1998 у фінальных частках удзельнічаюць 32 каманды.

Акрамя мужчынскага, разыгрываецца таксама чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын. Усяго на цяперашні час адбыліся 7 чэмпіянатаў, наступны восьмы чэмпіянат свету 2019 пройдзе ў Францыі.

Чэмпіянат свету па футболе 2014

XIX чэмпіянат свету па футболе (12.6-13.7.2014, Бразілія). У фінальнай стадыі прымалі ўдзел 32 каманды, якія спачатку сустракаліся ў групавых матчах, каб вызначыць 16 лепшых, а потым адыгралі адзін супраць аднаго ў стыкавых матчах да фіналу.

Экватар

Эква́тар — паняцце, якое тычыцца сферы, якая абарачаецца вакол сваёй восі, што праходзиць праз сярэдзіну гэтай сферы.

Экватар Зямлі дзеліць яе на два паўшар’і: паўночнае і паўднёвае, а яго даўжыня складае 40.076 км. Краіны праз якія праходзіць экватар: Экватарыяльная Гвінея, Габон, Рэспубліка Конга, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Уганда, Самалі, Кенія, Мальдывы, Інданезія, Наўру, Кірыбаці, Эквадор, Калумбія і Бразілія.

Бразілія паводле тэм
 
 
 
Члены CPLP
Назіральнікі CPLP
Лацінскі Саюз
Краіны-ўдзельнікі
Пастаянныя назіральнікі
Афіцыйныя мовы
Поўныя члены
Асацыяваныя члены
Назіральнікі

На іншых мовах

This page is based on a Wikipedia article written by authors (here).
Text is available under the CC BY-SA 3.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.